Прапануем вам наведаць цікавыя выставы і пераканацца, якое станоўчае ўздзеянне аказвае на чалавека творчасць і мастацтва.
У Мінскай гарадской ратушы працуе выстава «Гарадскі праменад. Мінск на старых паштоўках». Гэта калекцыя паштовак з прыватнага збору і паштоўкі з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Музейныя работнікі актыўна выкарыстоўваюць такія калекцыі вінтажных паштовак у сваёй працы, каб адсачыць змяненне аблічча горада, і цяпер Музей гісторыі горада Мінска прадстаўляе ўвазе наведвальнікаў ратушы відавыя фотапаштоўкі стагадовай даўнасці.
Адрас: г. Мінск, пл. Свабоды, 2А.
Для жадаючых акунуцца ў атмасферу чараўніцтва, дакрануцца да казачнага свету навагодніх цацак у Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць выстава найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак, якая штогод папаўняецца новымі ўнікальнымі прадметамі з розных краін.
Экспазіцыя раскажа гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгожанняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Пазнаёміць з навагоднімі святочнымі традыцыямі і мастацкім роспісам шкла.
Тут вы абавязкова адчуеце атмасферу і цеплыню зімовых свят і натхніцеся на пошукі незвычайных падарункаў для сваіх блізкіх!
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12.
«Арт-Беларусь» – ініцыяваны Белгазпрамбанкам нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект. Цяпер калекцыя налічвае больш за 100 артэфактаў, створаных з пачатку XVI стагоддзя. У зборы знаходзяцца творы мастакоў, якія нарадзіліся ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь, чые імёны атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.
Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, прадстаўленая жывапісам, графікай, скульптурай, керамікай і мастацтвам кнігі, прызнана найбуйнейшым зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе і ўключае ў сябе шэдэўры Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна і іншых прадстаўнікоў Парыжскай школы (École de Paris).
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3.
Артэль Галерэя Кафэ прадстаўляе выставу палотнаў, якія створаны ў тэхніцы «жыкле», якая дазваляе ўзнаўляць бессмяротныя шэдэўры на натуральным палатне.
На выставе вы пазнаёміцеся з творчасцю трох самых вядомых прадстаўнікоў мадэрна – Густава Клімта, Альфонса Мухі, Анры дэ Тулуз-Латрэка. Вы ўбачыце рэпрадукцыі карцін на палатне, постэраў і малюнкаў мастакоў з апісаннем сюжэтаў і гісторыі стварэння кожнай карціны.
Таксама вы можаце наведаць выставу ў суправаджэнні экскурсавода, які раскажа, як мадэрнізм пашырыў і ўзбагаціў мастацкую мову жывапісу, і пазнаёміць з прадстаўнікамі і напрамкамі гэтага стылю.
Адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 58/1-6.
Сёння ні Марк Шагал, ні яго творчасць не маюць патрэбы ў спецыяльным прадстаўленні. Проста прыходзьце і атрымлівайце асалоду ад экспазіцыі, прадстаўленай творамі з дзяржаўных і прыватных беларускіх збораў.
Выставачны праект Нацыянальнага мастацкага музея ілюструе асноўныя класічныя матывы і тэмы паэтыкі Шагала, вобразныя «канстанты» яго мовы – «закаханыя», «гадзіннік», «Віцебск», «Парыж», «Біблія». У якасці аднаго з цэнтральных твораў выставы выступае анімацыйны фільм «Марк Шагал. Пачатак» (рэж. Алена Пяткевіч, 2016), які прадстаўляе своеасаблівае экраннае прачытанне біяграфічных сюжэтаў жыцця мастака.
Адрас: г. Мінск, вул. Леніна, 20.
Арт-тэрапія ў любой яе праяве, хай гэта будзе маляванне, вышыўка, лепка ці ігра на музычных інструментах, станоўча адбіваецца на эмацыйным фоне чалавека. Незалежна ад таго ствараеце вы ці толькі сузіраеце!