Арыгінальныя і незвычайныя

скульптуры і помнікі Беларусі. Частка 1

Беларускія помнікі і скульптуры — з'ява, пра якую трэба пагаварыць асобна. Беларусам характэрна арыгінальнасць, таму ў кожным горадзе можна знайсці цікавую статую, якая мае для жыхароў горада сімвалічнае значэнне. Казачныя героі і міфалагічныя істоты, бытавыя персанажы і гастранамічныя прыхільнасці — Беларусь багата на незвычайныя, арыгінальныя і запамінальныя помнікі і скульптуры.

Ф

Фота

Бронзавы агурок (г. Шклоў, Магілёўская вобласць)

У горадзе Шклове, які называюць яшчэ «агурочнай сталіцай» Беларусі, у 2007 годзе быў усталяваны помнік агурку, які адразу стаў сімвалам горада. Бронзавая гародніна вагай амаль 300 кг. атрымала імя Агуродзец. Ён прадстаўлены ў выглядзе агранома ў пінжаку з гальштукам-бабачкай, а таксама з кошыкам агуркоў у адной руцэ і агурочнай кветкай у другой. З помнікам можна сфатаграфавацца і па мясцовым павер'і, калі хочаш разбагацець, трэба пацерці кішэню агурка.

ф

Фота

Помнік бабру (г. Бабруйск, Магілёўская вобласць)

У 2006 годзе ў рамках святкавання Дажынак Бабруйск атрымаў свой неафіцыйны сімвал — бронзавую скульптуру бабра ў сурдуце і капелюшы ростам 170 см. З'явіўшыся ў адным з самых ажыўленых месцаў горада — каля рынку, бронзавы бабёр стаў іранічным увасабленнем сярэднестатыстычнага жыхара горада. Без павер'я таксама не абыйшлося: каб здабыць поспех і багацце, трэба пацерці ланцужок гадзінніка альбо дакрануцца да носа бабра.

Помнік згушчонцы (г. Рагачоў, Гомельская вобласць)

Каля Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната ў 2013 годзе адкрылі адзіны ў свеце помнік згушчанаму малаку. Скульптура ўяўляе сабой дакладную копію класічнай сіне-блакітнай банкі згушчонкі вышынёй амаль 4 метры. Банка выканана ў тэхніцы мазаікі з каляровага шкла і мае свой сакрэт: у падмурак помніка была закладзена капсула з пасланнем будучым пакаленням.

Дракон Цмок (г. Лепель, Віцебская вобласць)

Увесь свет ведае пра вадзяную загадкавую істоту, якая па легендзе насяляе шатландскае возера Лах-Нэс. У Беларусі таксама калісьці жыла (а можа жыве і дагэтуль, хто ведае) такая істота. Называецца яна — Цмок. Гэты персанаж беларускай міфалогіі, пра які падрабязней можна прачытаць у рамане знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Помнік Цмоку быў адкрыты ў 2013 годзе на беразе возера ў Цэнтральным гарадскім парку Лепеля. Па легендзе, цмокі кіравалі нябеснымі і зямнымі водамі і жылі ў мірным суседстве з людзьмі. Помнік Цмоку ў Лепелі вышынёй 170 см. зроблены з бронзы. Часткай кампазіцыі з'яўляецца бронзавая кніга з радкамі рамана У. Караткевіча.

ф

Фота

Помнік яйку (в. Краснадворцы, Салігорскі раён, Мінская вобласць)

Перад уваходам у будынак Салігорскай птушкафабрыкі ў вёсцы Краснадворцы размешчаны незвычайны помнік — белае яйка, якое абгорнута птушынымі крыламі з надпісам «Усё пачынаецца з яйка». З'явіўся ён у 2008 годзе. Гэта адзіны ў краіне помнік яйку.

Салігорская птушкафабрыка — вытворца курыных і перапёлчыных яек пад вядомым брэндам «Маладзецкія». Дарэчы, помнікі яйкам ёсць і ў другіх краінах: Украіне, Літве і нават на Ібіцы. У 1996 годзе афіцыйна быў устаноўлены і Дзень яйка — 2-я пятніца кастрычніка.