Беларускія гарады славяцца не толькі выдатнымі архітэктурнымі мясцінамі. Практычна ў кожным беларускім горадзе, нават самым невялікім, можна знайсці цікавыя скульптурныя кампазіцыі. І гэта не прывычныя класічныя помнікі Леніну на плошчах. Не, сучасныя скульптуры і помнікі Беларусі — гэта арыгінальныя арт-аб'екты, унікальныя і са сваёй канцэпцыяй.
«Ну, пачакай!» (г. Ваўкавыск, Гродзенская вобласць)
На АЗС «Беларуснафта» па дарозе да горада Ваўкавыску можна ўбачыць пацешную скульптурную кампазіцыю з героямі любімага мільёнамі людзей савецкага мультфільма «Ну, пачакай!». З'явілася яна тут у 2012 годзе і адразу стала яркай мясцовай славутасцю. Бронзавая кампазіцыя складаецца з зайца, воўка на матацыкле і заправачнай калонкі. Са скульптурай з задавальненнем усе фатаграфуюцца. Характэрна, што воўк з'яўляецца сімвалам Ваўкавыска і яго выява ўпрыгожвае гарадскі герб.
«Гулівер у краіне ліліпутаў» (г. Орша, Віцебская вобласць)
У дзіцячым парку забаў горада Оршы можна сустрэць шмат казачных скульптур. Тут можна знайсці і Ката ў ботах, і вясёлага Нязнайку, і кракадзіла Гену з Чабурашкай, і гномаў. Але самым выдатным экспанатам парку з'яўляецца пяціметровая (!) фігура Гулівера з ліліпутам, які размясціўся на яго далоні.
«Астраном» (г. Магілёў, вул. Ленінская)
Аршанскі Гулівер — не адзіная вялікая скульптура ў краіне. У 2004 годзе ў Магілёве на вуліцы Ленінскай з'явіўся адзіны ў свеце помнік астраному вышынёй амаль 7 метраў. Сёння ён стаў візітнай карткай горада. Аўтарам гэтай скульптуры выступіў знакаміты беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў. Яго працы можна ўбачыць у цэнтры Мінска («Дама з сабачкам», «Дзяўчынка з парасонам», «Фатограф»). Аўтарскі стыль Жбанава адгадваецца ў скульптуры адразу. Скульптура ўяўляе сабой астранома, які сядзіць на высокім крэсле і паказвае пальцам на неба. Каля яго знаходзіцца чатырохметровы тэлескоп, які днём служыць стрэлкай сонечнага гадзінніка. Астралагічны цыферблат прадстаўлены 12-ю каванымі крэсламі — па адным на кожны знак задыяку. А ўначы ў тэлескопе ўключаецца магутны пражэктар, святло якога можна ўбачыць нават з космасу.
Па гарадскім павер'і, калі сесці ў крэсла, якое адпавядае вашаму знаку задыяка і загадаць жаданне, яно абавязкова збудзецца. Жаданне таксама збудзецца, калі патрымаць астранома за палец.
Помнік пасажырцы (г. Маладзечна, Мінская вобласць)
Каля цэнтральнага ўваходу чыгуначнага вакзала невялікага горада Маладзечна можна ўбачыць прыгожую бронзавую дзяўчыну, якая быццам толькі сышла з цягніка. Гэта скульптура студэнткі, якая вярнулася з вучобы ў родны горад. З'явілася яна ў 2011 годзе ў рамках святкавання штогадовага фестывалю «Дажынкі». Рост дзяўчыны вялікі — 196 см., важыць яна таксама нямала — амаль 450 кг. Дзяўчына вязе за сабой чамадан на колцах, на якім сядзіць кацяня. Скульптура вельмі папулярна сярод мясцовых жыхароў і гасцей горада: з ёй увесь час фатаграфуюцца, асабліва прадстаўнікі мужчынскага полу, якія не могуць не звярнуць увагу на эфектную постаць маладой бронзавай прыгажуні.