Назва рамяства паходзіць ад слова «борць» – дупло дрэва. Найчасцей пчол разводзілі ў натуральных борцях – дуплах дрэў, або выдзёўбвалі штучныя борці ў тоўстых ствалах жывых дрэў. У пазнейшы час рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва на вызначанай вышыні. Калоды апрацоўвалі травамі або мёдам каб прывабіць новых асобін. Як колісь так і сёння для развядзення пчол найчасцей выкарыстоўваюць ствалы ліпы, алешыны, дуба, сасны, асіны.

Традыцыя беларускага бортніцкага промыслу налічвае больш за 1000 гадоў. Яна адметная тым, што жыццё пчол максімальна набліжана да натуральных умоў. Пчаляр не выкарыстоўвае ў сваёй працы прамысловыя і хімічныя дабаўкі для рэгуляцыі папуляцыі. Пчолы самі падтрымліваюць у драўлянай калодзе патрэбную тэмпературу і ствараюць атмасферу, якая знішчае паразітаў і перашкаджае распаўсюджванню хвароб.

Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі

Беларускае бортніцтва ўнікальнае тым, што гэта рамяство стагоддзямі перадавалася з пакалення ў пакаленне, яго тэхналогіі захаваліся да нашага часу ў нязменным стане.

У XVII-XVIII стагоддзях прадукты беларускага пчалярства шырока экспартаваліся ў Еўропу. Іх выкарыстоўвалі для вырабу свечак, лекаў, медавухі.

У канцы XVIII стагоддзя бортніцтва паступова замяняецца калодачным і рамавым пчалярствам. Да звужэння бортніцкага промыслу спрычынілася таксама актыўная высечка лясоў.

У XIX стагоддзі ў сувязі з пашырэннем на тэрыторыі Беларусі разборных вулляў бортніцтва адышло на другі план, але не знікла цалкам. Многія сем'і, асабліва ў палескім рэгіёне, працягваюць займацца традыцыйным развядзеннем дзікіх пчол, перадаюць веды, навыкі і інструменты ў спадчыну. Для беларускіх сялян бортніцкі промысел быў добрай падмогай у цяжкія гады.

Дзве сусветныя вайны нанеслі бортніцтву непапраўную шкоду. Людзі інтэнсіўна высякалі лясы, сем'і, якія захоўвалі традыцыі бортніцкага промыслу, гінулі падчас ваенных дзеянняў. Многія пасекі былі страчаны.

Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі
Бортніцтва Беларусі

Пасля Другой сусветнай вайны большасць пчаляроў перайшлі на рамавую сістэму развядзення пчол. Лясное пчалярства па-мінуламу захоўвалася пераважна ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях.

У наш час у Палессі жывуць сем'і, якія паспяхова працягваюць справу сваіх дзядоў і прадзедаў. Сярод такіх рамеснікаў – сям'я Пятра Гваздзя з Рэчыцы. Прадзед Пятра паставіў першыя калоды ў лясах Рэчыцкага раёна амаль 200 гадоў таму. У адным з такіх лясоў цяпер налічваецца больш за сто борцяў. Узрост некаторых калод складае 150-200 гадоў. На Піншчыне развядзеннем дзікіх пчол займаецца патомны пчаляр Мікалай Качаноўскі. Лясное пчалярства шырока распаўсюджана і ў Лельчыцкім раёне.

Наогул бортніцтвам у Беларусі займаецца каля 150 сем'яў. Нягледзячы на тое, што развядзенне дзікіх лясных пчол – складаная карпатлівая праца, сучасныя бортнікі працягваюць дбайна рамантаваць старыя калоды і майстраваць новыя, уручную развешваюць іх па дрэвах і з усіх сіл абараняюць рамесныя традыцыі сваіх продкаў.

У 2020 годзе беларускае бортніцтва было ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта сведчыць пра важнасць захавання і перадачы традыцый самай старажытнай формы пчалярства. Бортніцтва – не толькі аўтаномнае рамяство, якое з'яўляецца часткай беларускай культуры, але і важная экалагічная дзейнасць па ратаванні і абароне сусветнай папуляцыі меданосных пчол.