Затрачана шмат рэсурсаў і сродкаў, але пазітыўныя змены відавочныя: землі паступова вяртаюцца ў сельгасабарот. Мы атрымліваем чыстую прадукцыю. Высновы зроблены, сумны ўрок засвоены. Але адна акалічнасць усё яшчэ насцярожвае некаторых: атамная электрастанцыя, пабудаваная пад Астраўцом.

Прапануем вам невялікі экскурс у гісторыю і погляд на цяперашнюю сітуацыю пад аб'ектыўным вуглом.

…Беларусь – аграрная краіна, гэты статус замацаваўся яшчэ з часоў Савецкага Саюза. У канцы 1980-х тут выраблялася 5,6 працэнта ўсёй прадукцыі сельскай гаспадаркі былога СССР. Аднак аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе нанесла сур'ёзны ўдар па айчынным аграпрамысловым комплексе. Сумарны ўрон ад гэтай трагедыі быў ацэнены ў каласальныя 235 мільярдаў долараў, з якіх больш як 70 мільярдаў (або 30,6 працэнта) прыпалі на аграсектар.

Нягледзячы на маштабныя наступствы катастрофы, дзякуючы своечасова прынятым мерам на дзяржаўным узроўні, выкарыстанню граматных тэхналогій вырошчвання сельгаскультур на забруджаных радыёнуклідамі землях, развіццё АПК у Беларусі не спынілася. За апошнія 30 гадоў у Беларусі ўдалося вярнуць у сельскагаспадарчае абарачэнне звыш 19,5 тысячы гектараў земляў, якія раней моцна пацярпелі з-за радыяцыі. А на перапрацоўчых прадпрыемствах дзейнічае жорсткі кантроль на прадмет утрымання радыёнуклідаў: на ўваходзе – сыравіны, на выхадзе – гатовай прадукцыі.

Сістэма кантролю паказала сваю надзейнасць – за ўвесь час не было ўстаноўлена ніводнага выпадку паступлення ў гандлёвую сетку сельгаспрадукцыі з утрыманнем радыёнуклідаў вышэй за дапушчальныя ўзроўні. Прычым устаноўленыя нормы ў Беларусі значна больш строгія, чым у еўрапейскіх краінах. Таму сёння брэнд "Зроблена ў Беларусі" карыстаецца папулярнасцю ва ўсім свеце і асацыюецца са знакам якасці.

1

Да чаго ўсё гэта? Мы перажылі сур'ёзную трагедыю, якая нанесла ўрон не толькі эканоміцы краіны, але і насельніцтву. І на ўзроўні дзяржавы прадугледжаны і прыняты ўсе меры, каб у далейшым яна не паўтарылася.

Будаўніцтва БелАЭС вялося з няўхільным выкананнем усіх міжнародных стандартаў і рэкамендацый МАГАТЭ. У праект станцыі былі ўкаранёны самыя перадавыя сістэмы і сродкі гарантавання бяспекі:

  • чатырохканальная сістэма бяспекі;
  • прылада лакалізацыі расплаву;
  • двайная ахоўная абалонка будынка рэактара;
  • сістэма выдалення вадароду;
  • сістэмы пасіўнага адводу цяпла;
  • прадугледжана абарона станцыі ад разнастайных знешніх уздзеянняў.
2

Акрамя актыўных сістэм бяспекі, якія патрабуюць умяшання аператараў і наяўнасці крыніцы энергазабеспячэння, на БелАЭС выкарыстоўваюцца таксама пасіўныя сістэмы бяспекі, якія не залежаць ад чалавечага фактару. Пра ўсё гэта вам раскажуць падчас экскурсіі па БелАЭС. Дарэчы, каб патрапіць на прадпрыемства, неабходны папярэдні запіс у інфацэнтры.

Станцыю варта наведаць хаця б для таго, каб з дакладнай крыніцы пачуць: найноўшыя расійскія АЭС аснашчаны чатырохбар'ернай сістэмай бяспекі, якая:

  • прадухіляе выхад прадуктаў дзялення пад абалонку цеплавыдзяляльнага элемента;
  • не дазваляе прадуктам дзялення патрапіць у цепланосбіт галоўнага цыркуляцыйнага контуру;
  • перашкаджае выхаду прадуктаў дзялення пад ахоўную герметычную абалонку;
  • выключае выхад прадуктаў дзялення ў навакольнае асяроддзе.

Кажучы простай мовай, калі нешта і здарыцца ў рэактарнай зале, то радыёактыўнасць там жа і застанецца. Справа ў тым, што купал энергаблока выкананы з папярэдне напружанага бетону – унікальная канструкцыя, якая надае асаблівую маналітнасць, устойлівасць і трываласць. Калі адказваць на адно з актуальных пытанняў, якое зрэдку ўздымаецца ў непрафесійным асяроддзі, – "Ці магчыма паўтарэнне сітуацыі, як на Фукусіме?", то варта адзначыць, што ў цяперашніх умовах бяспекі рызыка скопiшча вадароду ў выбуханебяспечнай канцэнтрацыі зведзена да мінімуму.

Гэта толькі малая частка таго, пра што распавядаюць падчас экскурсіі. Калі вы яшчэ не былі на БелАЭС, самы час атрымаць інфармацыю і адказы на ўсе хвалюючыя пытанні з першых вуснаў!