У гульнях адлюстроўваецца душа і характар кожнай нацыі. Яны былі важным элементам традыцыйных святаў, сямейных сустрэч і проста вясковых вечарын. Раскажам пра некаторыя папулярныя беларускія народныя забавы, якія захаваліся да нашых дзён.

Жаніцьба Цярэшкі

Папулярная моладзевая гульня, у якой хлопцы і дзяўчаты спрабавалі сябе ў ролі сямейных людзей. Гулялі ў "Жаніцьбу Цярэшкі" ў асноўным на Каляды. Для гульні рабілі імправізаваны вясельны стол, выбіралі "сваццю", якая ставіла ў два шэрагі дзяўчат і хлопцаў. Пасля пад музыку свацця выбірала хлопца і падводзіла яго да дзяўчыны. Калі дзяўчына сімпатызавала абранаму "жаніху", яны танцавалі, калі не – яна ўцякала, каб зноў вярнуцца ў шэраг, а хлопец спрабаваў яе злавіць. Гульня абавязкова суправаджалася песнямі і танцамі.

"Яшчур"

Яшчур – язычніцкае боства, падобнае да змяі, якога шанавалі старажытныя беларусы. Паводле паданняў, ён уладарыў над рэкамі, азёрамі і балотамі. Яшчурам выбіралі аднаго з хлопцаў. Ён надзяваў вывернуты кажух, накрываў галаву хусткай і сядаў на калоду. Дзяўчаты ў вянках вадзілі вакол Яшчура карагод, а ён пакрысе падыходзіў да кожнай з іх і забіраў вянкі сабе. Пасля дзяўчаты "выкупалі" свае вянкі ў Яшчура. Наўзамен яны павінны былі рабіць, тое, што ён скажа: танцаваць, спяваць, падараваць Яшчуру пацалунак. Калі ў "Яшчура" гулялі зімой, у дзяўчат на галовах замест вянкоў былі хусткі.

Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні

"Казёл"

Яшчэ адна калядная гульня. Вакол чалавека, якога абралі казлом, вадзілі карагод, прыгаворваючы словы: "Ішоў казёл, наш казёл, ды па ельнічку, усіх у госці запрашаў на вячэрачку". На апошніх словах "казёл" падыходзіў да аднаго з удзельнікаў і казаў, што запрашае яго. Абраны чалавек станавіўся за спінай у вядучага, удзельнікі гульні лічылі да трох. Тады абодва ўдзельнікі паварочваліся на 180 градусаў, і цяпер апошні рабіўся "казлом", а стары "казёл" браўся за пояс новага і хадзіў за ім унутры кола пад песні ўдзельнікаў. Новы "казёл" абіраў сабе замену, і гульня працягвалася.

"Баяры"

Дзяўчаты і хлопцы выстройваліся ў шэраг адзін насупраць другога. Дзяўчаты былі "цароўнамі", хлопцы – "баярамі". Узяўшыся за рукі, яны па чарзе падыходзілі адзін да аднаго са словамі:

  • Цароўна, добры вечар!
  • Баяры, на здароўе!
  • Цароўна, пусці ў горад!
  • Баяры, нашто ў горад?
  • Цароўна, дзяўчат сватаць!
  • Баяры, дзяўкі малы!
  • Цароўна, перараслі!
  • Баяры, рушнікоў не ткалі!
  • Цароўна, ужо ў трубачках!
  • Баяры, каторую?

Пасля адзін з маладых людзей падыходзіў да ўпадабанай дзяўчыны са словамі "А мне тая спадабалася, што..." – далей хлопец сам прыдумляў заканчэнне фразы. Калі "цароўна" адказвала хлопцу ўзаемнасцю, ён адводзіў яе да "баяраў", калі не – юнак спрабаваў з жартамі зацягнуць яе ў свой шэраг.

"Цяцерка"

Хлопцы і дзяўчаты дзяліліся на дзве калоны, браліся за рукі, падымалі іх уверх і рабілі паміж калонамі "вароты". Дзяўчына з першай пары ўцякала ад юнака па ўнутранай дарожцы, а ён пераследаваў яе па знешнім крузе. Калі дзяўчыну атрымалася злавіць, хлопец цалаваў яе, і яна станавілася ў канец жаночай калоны. Калі дзяўчына ўцякла, хлопец вяртаўся на месца і лавіў наступную. Уся забава суправаджалася традыцыйнай песняй пра "цяцерку".

Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні
Беларускія народныя гульні

"Шуляк"

Шуляк – вясёлая забава, у якую гулялі і дзеці, і дарослыя. Удзельнікі выстройваліся ў калону і моцна трымалі за пояс таго, хто стаіць наперадзе. Першы чалавек у шэрагу быў абаронцам – "галавой". Чалавек, абраны "шуляком", сядаў на карачкі перад калонай і размаўляў з "галавой":

  • Шуляк, шуляк, што робіш?
  • Ямку капаю.
  • Навошта табе ямка?
  • Вогнішча рабіць.
  • Навошта табе вогнішча?
  • Мяса смажыць.
  • Навошта табе мяса?
  • Дзетак карміць.
  • А дзе ты мяса возьмеш?
  • А ў цябе за спінаю.
  • А я не дам!
  • А я вазьму! 
  • Мяса хачу!
  • З'еш жабу на карчу.

Пасля апошняй фразы "шуляк" падскокваў і спрабаваў злавіць апошняга чалавека ў калоне. "Галава" стараўся яму ў гэтым перашкаджаць. Калі "шуляк" перамагаў, ён станавіўся апошнім у радзе, а роля шуляка пераходзіла да "галавы", і гульня пачыналася зноў.

Народныя гульні – гэта не толькі пацеха, але і мост паміж мінулым і сучаснасцю. Таму беларусы клапатліва захоўваюць нацыянальныя гульнявыя традыцыі. Удзельнічаць у народных гульнях можна на фестывалях народнай і сярэднявечнай культуры, на святах, якія ладзяцца паводле народнага календара: Купалле, Масленіца, Каляды. Стаць удзельнікам гульняў і больш даведацца пра беларускія традыцыйныя забавы можна таксама падчас анімацыйных экскурсій па этнаграфічных комплексах і музеях.