Традыцыйныя стравы і напоі – таксама важная частка культуры, сімвал беларускай гасціннасці і прыветнасці. Раскажам пра напоі, якія традыцыйна былі на святах і застоллях беларусаў.

Квас

Квас – адзін з найбольш папулярных традыцыйных напояў у нашай краіне. Ён гатуецца шляхам бражэння хлебнага сусла або крупаў – жыта, ячменю. Працэс ферментацыі надае напою асвяжальны лёгкі смак з кіслымі ноткамі. Квас пілі пераважна ў цёплы час года. Яго гатавалі дома, і ў кожнай сям'і быў свой адмысловы рэцэпт. У напой дадавалі цукар, ягады, разынкі. Квас і цяпер карыстаецца папулярнасцю сярод беларусаў. Яго прадаюць як у бутэльках, так і на разліў з бочак. У краіне вырабляюць розныя віды квасу, у тым ліку белы, жытні, з журавін, парэчак ды іншыя.

Збіцень

У адрозненне ад квасу, збіцень ужывалі ўзімку. Гэта духмяны адвар з зёлак і прыправаў з дадаткам мёду або цукру. Пры прыгатаванні збіценя ўсе інгрыдыенты кіпяціліся разам, каб прыправы паспелі аддаць напою свой водар і смак. Варылі збіцень на ліпавым цвеце, бярозавым лісці, лекавых зёлках. У якасці прыпраў ужывалі гваздзікі, перац, карыцу, лаўровы ліст. Для аматараў больш моцных напояў у збіцень дадавалі піва або спірт.

Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі

Піва

Гэты хмельны напой ужывалі на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў XII стагоддзі, але асаблівую папулярнасць ён атрымаў у часы Вялікага Княства Літоўскага. Рэцэптура прыгатавання ўключала тры асноўныя інгрэдыенты: ваду, солад, хмель. Каб зрабіць смак больш разнастайным, у піва дадавалі мёд, разынкі, прыправы. Піва пілі ўсе жыхары княства – ад князёў і шляхты да салдат і сялян. У сучаснай Беларусі гэты хмельны напой не менш папулярны. Прадукты нацыянальных вытворцаў атрымліваюць прэміі на міжнародных конкурсах і высокія ацэнкі профільных спецыялістаў.

Узвар

Лекавы напой, які нагадвае кампот. Гатавалі з вялікай колькасці сухафруктаў: сушаных груш, сліў, яблыкаў, вішняў. Некаторыя гаспадыні дадавалі ў напой мёд і прыправы. Узвар абавязкова гатавалі на сямейныя і рэлігійныя святы.

Хрэнавуха

Асноўны інгрыдыент напою - гэта корань хрэну. Менавіта ён надае хрэнавусе вастрыню і характэрны водар. Нацёрты корань залівалі гарэлкай ці самагонам, потым настойвалі каля тыдня, каб гэты востры карняплод перадаў напою карысныя ўласцівасці і вастраваты смак. Каб смак хрэнавухі меў асаблівыя адценні, у яе дадавалі мёд і прыправы. Традыцыйна гэты сагравальны напой рабілі ў пачатку восені. Лічылася, што менавіта ў гэты час корань хрэну найбольш карысны.

Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі
Беларускія нацыянальныя напоі

Гарэлка і самагон

У Беларусі гэтыя моцныя напоі былі аб'яднаны пад назвай "гарэлка" ці "віно гарэлае". Іх выраблялі метадам перагонкі з жыта, ячменю, бульбы, буракоў. "Гарэлку" пілі малымі порцыямі і ў асаблівых выпадках. Часцей за ўсё яе выкарыстоўвалі для вырабу розных настояў: на ёй настойвалі ягады, зёлкі, карэнні. Самымі папулярнымі відамі напою былі "жытнёўка", вырабленая на аснове жыта, і "бульбянка" – на аснове бульбы. Крэпасць беларускай "гарэлкі" вагалася ад 15-20 % да 70 %. Сучасная беларуская гарэлка вырабляецца з выскаякаснага ачышчанага спірту і памякчанай вады, але на прылаўках крамаў можна знайсці і традыцыйныя жытнія дыстыляты. Выраб самагону ў Беларусі забаронены, за выключэннем некаторых музеяў і нацыянальных паркаў, дзе гэты напой вырабляюць у культурна-этнаграфічных мэтах.

Зуброўка

Лічыцца, што рэцэпт зуброўкі вынайшлі егеры Белавежскай пушчы ў XVI стагоддзі. Асноўны кампанент напою - трава зуброўка. Расліну настойвалі на спірце для атрымання ўнікальнага смаку і водару. Для ўзбагачэння смаку дадаткова выкарыстоўвалі розныя зёлкі і прыправы. Беларусы лічылі, што зуброўка мае лекавыя ўласцівасці. Смак напою крыху гаркаваты, з прыемным прысмакам зёлак.

Старка

Старку называюць "беларускім віскі", бо смак напою і працэс прыгатавання вельмі падобныя. Спіртавая аснова напою выраблялася метадам двайной дыстыляцыі жытняга сусла ў перагонным кубе. Атрыманую вадкасць клалі ў дубовыя бочкі з-пад віна або партвейну, дадавалі ліпавы цвет, лісце яблыні, грушы. Старка лічылася дарагім напоем, таму яе ўжывалі ў асноўным князі і шляхта.

Крупнік

Моцны лікёр на аснове мёду і прыпраў – мускату, гваздзікаў, ванілі, карыцы. Гэты напой атрымаў пашырэнне ў XVIII стагоддзі, а ў XIX ён стаў абавязковым атрыбутам шляхецкага стала. Пілі крупнік з невялікіх гліняных або парцэлянавых кубачкаў.

Традыцыі прыгатавання нацыянальных напояў перадаваліся з пакалення ў пакаленне і захаваліся да нашых дзён. Піва, квас, старку, зуброўку, сувенірныя бутэлькі з рознымі настойкамі можна ўбачыць на паліцах беларускіх крамаў. Крупнік, хрэнавуху, узвар, гарачы збіцень падаюць у рэстаранах нацыянальнай кухні. Беларускі самагон можна пакаштаваць у музейным комплексе "Дудуткі", нацыянальным парку "Белавежская пушча", парку інтэрактыўнай гісторыі "Сула", сядзібна-паркавым комплексе "Дукорскі маёнтак".