Пры размове яго часта называюць музеем у Строчыцах. Адзіны ў Беларусі музей-скансен быў заснаваны ў 1976 годзе. Стварэнню музея папярэднічала велізарная праца: арганізацыя навуковых экспедыцый па рэгіёнах, пошук і вывучэнне этнаграфічных артэфактаў, даследаванне архітэктурных аб'ектаў і іх транспартаванне. Спецыялісты асцярожна разбіралі жылыя і гаспадарчыя пабудовы з розных вёсак і мястэчак, прывозілі іх у Азярцо, потым клапатліва манціравалі іх наноў. З этнаграфічных экспедыцый былі прывезены печы, лавы, посуд, калыскі, абедзенныя сталы, транспартныя сродкі, гаспадарчы інвентар і іншыя прадметы сялянскага побыту. Калекцыя музея адлюстроўвае штодзённае жыццё беларусаў канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя, знаёміць з народнымі традыцыямі, рэлігійнымі звычаямі і культурнымі каштоўнасцямі нашых продкаў.
Экспазіцыя музея народнай архітэктуры і побыту складаецца з трох частак, прысвечаных розным этнаграфічным рэгіёнам: Паазер'ю, Падняпроўю і Цэнтральнай Беларусі. Кожная частка адлюстроўвае тыповыя архітэктурныя і побытавыя асаблівасці канкрэтнага рэгіёна.
Калекцыя музея налічвае 35 архітэктурных аб'ектаў, створаных у канцы XVII – пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх:
Музейныя аб'екты ў Азярцы адноўлены вельмі дбайна, з вялікай увагай да дэталяў. Таму гасцей гэтага комплексу не пакідае адчуванне, што час спыніўся тут больш за сотню гадоў таму. У сялянскіх хатах, вясковай школе, уніяцкім храме пачатку XVIII стагоддзя і іншых будынках адноўлены характэрныя аўтэнтычныя інтэр'еры. Мэбля, посуд, узоры адзення і абутку, прадметы хатняга ўжытку і іншыя экспанаты не захоўваюцца пад шклом, а арганічна ўпісваюцца ў абстаноўку сялянскіх хат. У пуні – будынку для захоўвання сена – прадстаўлены традыцыйныя транспартныя сродкі: сані, брычкі, вазы, гарадскі экіпаж ХIХ стагоддзя. Дзякуючы сцежкам, клапатліва пратаптаным паміж падворкамі, калодзежамі, лаўкамі, драўлянымі агароджамі, наведнікі музея пачуваюцца так, нібы перамяшчаюцца па сапраўднай вёсцы канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. У музеі ёсць нават свойскія жывёлы і птушкі!
Музей народнай архітэктуры і побыту працуе ўвесь год. У гасцей ёсць магчымасць замовіць экскурсію і анімацыйную праграму, узяць аўдыягід або наведаць музей без экскурсійнага суправаджэння. Скансен у Азярцы займае вялікую плошчу – 151 гектар, таму агляд музея зойме не менш за дзве гадзіны.
У Строчыцах рэгулярна ладзяцца канцэрты, музычныя фестывалі, выставы і культурна-масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя традыцыйным народным святам: Купаллю, Масленіцы, Калядам, Дзядам. На тэрыторыі музея працуе сувенірная крама і рэстаран са стравамі нацыянальнай кухні.
Дабрацца ў музей пад адкрытым небам нескладана – ён знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад кальцавой дарогі, за аўтарынкам «Малінаўка». Са сталічнай аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя» ў Азярцо рэгулярна адпраўляюцца аўтобусы, ад станцыі метро «Пятроўшчына» сюды можна даехаць маршруткай.