Многія беларускія традыцыйныя святы і абрады сыходзяць сваімі каранямі ў язычніцкае мінулае беларусаў. А потым яны цесна перапляліся з хрысціянствам, якое распаўсюдзілася на тэрыторыі Беларусі. Сёння беларускія звычаі — яркія і самабытныя рытуалы, якія складаюць аснову беларускай культуры з яе непаўторным каларытам. Яны шануюцца народам. Таму многія беларускія святы і абрады захаваліся да нашых дзён практычна ў нязменным выглядзе.
Адным з такіх старажытных святаў стаў Карачун. Гэта славянскае свята было названа ў гонар бога холаду і марозу — Карачуна — і прысвечана дню зімовага сонцастаяння. Традыцыйна Карачун адзначаўся 21-22 снежня ў залежнасці ад года. Продкі сучасных беларусаў верылі ў тое, што Карачун не толькі рэгулюе маразы, але і робіць светлавы дзень карацей. Нашы продкі прадстаўлялі яго як злодзея, якому дапамагалі мядзведзі-бадзягі і воўкі. Згодна з адным прыгожым паданнем, Карачун забіраў светлавы дзень і, адпаведна, сонечнае святло, таму што вельмі хацеў сагрэцца. У гэты дзень маладыя дзяўчаты варажылі, а гаспадыні пяклі хлеб у вывернутых кажухах і рукавіцах. Лічылася, што такі хлеб накліча ўдачу.
Вясну беларусы сустракаюць Саракамі. Прымеркавана гэта свята да дня веснавога раўнадзенства — 22 сакавіка. Назва свята — Саракі — пайшла ад старажытнай прыкметы: калі да гэтага дня змогуць вярнуцца з поўдня 40 чарод птушак, быць ранняй і цёплай вясне і багатаму ўраджаю летам. У гэты дзень дзяўчаты павінны былі пераламаць 40 дошчачак і разарваць 40 вяровак. Гэта сімвалізавала перамогу над 40-ка цёмнымі сіламі, якія скоўваюць зямлю халадамі. Таксама выпякаліся «жаўрукі» — булачкі альбо піражкі ў колькасці 40 штук. Дзеці ў гэты дзень маглі лізаць ледзяшы, дзяўчаты варажылі і каталіся на арэлях.
Адным з вясновых святаў беларусаў з'яўляецца Юр'еў дзень, які адзначаецца 6 мая. Рытуалы, якія праводзяцца ў дзень святога Юрыя, апякуна свойскай жывёлы, былі накіраваны на земляробства і жывёлагадоўлю. Пастухі ў гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі жывёл на пашу, атрымлівалі ад людзей пачастунак і хадзілі ў царкву. Сяляне варылі аўсяны кісель. Лічылася, што ў Юр'еў дзень раса на лугах будзе гаючай: ёй змазвалі балючыя месцы, у некаторых рэгіёнах расой абмывалі кароў.
Свята Тройцы беларусы называлі Сёмуха. Адзначалася яна на 50-ы дзень пасля Вялікадня і называлася яшчэ Зялёнымі Калядамі з-за таго, што ўсё навокал ужо было зялёным. На Сёмуху ўпрыгожвалі хаты бярозавымі галінкамі, іх таксама неслі ў царкву. Пасля зеляніну, якая ўпрыгожвала дом, трэба было спаліць, каб на ёй «не сядзелі русалкі». Па павер'і, менавіта на Сёмуху русалкі пачыналі свае ігрышчы.
Сярод летніх святаў вялікую ролю адыгрываюць Зажынкі. Гэты жніўны абрад, які праводзіўся на досвітку 21 ліпеня, аб'яўляе пачатак збору збожжа. Людзі верылі, што пасля правядзення гэтага абраду каласы будуць цяжэць, а зямля стане больш урадлівай. Да свята рыхтаваліся: прыбіралі ў хаце, гатавалі святочную вячэру. Абрад праводзіўся самымі паважанымі жанчынамі ў вёсцы: яны зразалі дзве капы, адну пакідалі ў полі, другую неслі ў хату, дзе ўпрыгожвалі і ставілі ў кут.
2 жніўня беларусамі адзначаецца Ілля — дзень памяці старазапаветнага прарока. Па павер'ях старажытных беларусаў, Ілля распараджаецца навальніцамі і дажджамі, абараняе ад нячыстай сілы. Гэты дзень лічыўся завяршэннем сезону пчалярства. У гэты дзень пачыналі жаць жыта, у цэрквах служылі малебны. Таксама надыходзілі пахаладанні і дажджы.