Брэсцкая вобласць

Дранікі, хатнія каўбасы, запечаная бульба, хатні хлеб, саленні — такімі прысмакамі частуюць у музеі «Бездзежскі фартушок» у Драгічынскім раёне. Усе стравы гатуюць па асаблівых мясцовых рэцэптах.

Нацыянальная кухня шырока прадстаўлена ў меню рэстарана «Белавежская пушча», які размешчаны ў цэнтральнай сядзібе аднайменнага нацыянальнага парку. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца мачанка з дранікамі. Акрамя таго, гасцям прапануюць фірмовыя стравы з дзічыны: медальёны з аленіны з журавінавым соусам, тушанае мяса зубра пад кісла-салодкім соусам. 

Пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы можна і ў аграэкасядзібе «Крайняя хата» ў Маларыцкім раёне. Тут пастаяльцам прапануюць трохразовае харчаванне. А пасля наведвання лазні вас пачастуюць травяной гарбатай.

Маларыцкая зямля славіцца традыцыяй прыгатавання грачанага хлеба. Яна прызнана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Пакаштаваць унікальны хлеб і даведацца пра тэхналогію яго прыгатавання можна ў Дарапеевіцкім доме фальклору. 

«У водопада»

Віцебская вобласць

У аграэкасядзібе «Ля вадаспаду» ў Мiёрскім раёне вас не толькі пачастуюць традыцыйнымі стравамі, але і навучаць іх гатаваць. Майстар-класы каля печы выклікаюць вялікую цікавасць у гасцей. А хіт кожнага застолля —  мясныя далікатэсы хатняга прыгатавання.

Разнастайнымі рыбнымі стравамі частуюць у аграэкасядзібе «Вусце Life», размешчанай у ахоўнай зоне нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». У меню —  смажанае філе шчупака, стэйк з сазана, акуні гарачага вэнджання, запечаны лешч. Радуюць гасцей і традыцыйнымі дранікамі, варэнікамі з квашанай капустай і скваркамі, стравамі з хатняй птушкі.

Замок Зеваны

Гродзенская вобласць

Рэстаран «Замак Зеваны» размешчаны ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы». У меню шырока прадстаўлена шляхецкая кухня. Тут можна пакаштаваць дзічыну, прыгатаваную па старадаўніх рэцэптах. Таксама гасцям прапануюць дранікі з разнастайнымі гарнірамі, калдуны, смажанiну па-сялянску. У карце напояў вы знойдзеце некалькі відаў збітня, медавуху, травяную гарбату.

Пачаставацца натуральным мёдам з уласнага пчальніка прапануюць у аграэкасядзібе «У хутарской цішы» ў Ваўкавыскім раёне. Акрамя таго, гаспадыня для кожнага госця гатуе смачную хатнюю ежу. Заўсёды на стале — саленні па бабуліных рэцэптах і хатняе віно.

Сытнымі пачастункамі з печы радуюць гасцей у аграэкасядзібе «Хутар Камарышкі» ў Астравецкім раёне. Многія прыязджаюць сюды, каб пакаштаваць хатні бездражджавы хлеб і іншую выпечку, а таксама прадэгуставаць натуральны мёд з травяной гарбатай. 

Кафэ «Кумпяк» размяшчаецца ў знакамітым Лідскім замку. Карчма ў старадаўнім стылі прапануе стравы па традыцыйных рэцэптах з фермерскіх прадуктаў. Цярцюха, дранікі, цыбрыкі са шчупака, клёцкі, бабка, пляцек —  у сучаснай інтэрпрэтацыі прадстаўлены пачастункі па рэцэптах, сабраных у розных кутках Гродзеншчыны.

У аграэкасядзібе «Ад світання да заходу» ў Воранаўскім раёне падаюць стравы беларускай нацыянальнай кухні, у тым ліку з дзічыны. Таксама гасцям прапануюць хатні бездражджавы хлеб, травяныя настойкі і гарбату.

Музей народного юмора «Автюки»

Гомельская вобласць

Паласавацца стравамі з хатніх прадуктаў можна ў аграэкасядзібе «У гасцях у залатой пчолкі. Мядовы рай». Тут вас пачастуюць не толькі мёдам з уласнай пчальніка, але і сытнымі прысмакамі з печы па традыцыйных рэцэптах.

У аграэкасядзібе «Музей народнага гумару «Аўцюкі» падаюць стравы па рэцэптах мясцовых жыхароў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Кароннымі стравамі лічацца рулька па- аўцюкоўскі і фаршаваны гусь з яблыкамі.

Кони-Пони

Мінская вобласць

Візітная картка аграэкасядзібы «Ганка» — духмяны хатні хлеб з хрумсткай скарыначкай. Яго гатуюць з суцэльназбожжавай мукі, якую мелюць каменнымі жорнамі. Сакрэты прыгатавання хлеба даведаецеся на майстар-класе ад гаспадыні.

Усяго за 30 кіламетраў ад Мінска размешчана аграэкасядзіба «Коні-поні». Тут можна не толькі пакаштаваць сытныя нацыянальныя стравы, але і прадэгуставаць сыры па традыцыйных рэцэптах з хатняга малака.

Пітны мёд — старадаўні напой, які ў далёкія стагоддзі быў важнай часткай святочных абрадаў. У сялянскай гаспадарцы «Мядовая каралева» яго гатуюць па традыцыйным рэцэпце. Акрамя таго, гасцям падаюць бліны.

Фальварак «Лазеньки»

Магілёўская вобласць

Наступны пункт гастранамічнага падарожжа па Беларусі — Магілёўская вобласць.

Аграэкасядзіба «Фальварак «Лазенькі» славіцца хатнімі прысмакамі. Тут можна пакаштаваць натуральную пасцілу і сушаную садавіну, мёд з уласнай пчальніка. Да дэсертаў падаюць духмяны iван-чай, які гаспадары нарыхтоўваюць, сушаць і ферментуюць самастойна.

Пызы са скваркамі, бульба са свінінай у чыгунку, запечаная рулька з травой і часнаком, хатнія каўбасы — такімі стравамі частуюць у аграэкасядзібе «На крынічнай» у Магілёўскім раёне.

У рэстаране экатурыстычнага комплексу «Мікалаеўскія сажалкі» цэлы раздзел меню складаюць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Смажанае па-сялянску, гаршчочак па-круглянску і іншыя пачастункі ўяўляюць сабой сучасныя версіі традыцыйных пачастункаў.

У аграэкасядзібе «Куркуля» падаюць мноства страў нацыянальнай кухні. У меню прадстаўлены дранікі і калдуны, бабка са свінінай, смажанiна з бульбай. Таксама да стала падаюць вяленую і тушаную дзічыну, хатні сальцісона з хрэнам, салёныя грыбы.

Юшку па фірмовым рэцэпце можна пакаштаваць у аграэкасядзібе «У Князева ў Любужы». А яшчэ гаспадары гатуюць бульбяную бабку ў арыгінальным выкананні.

Кафе «Аўстэрыя Уршуля»

Мінск

У самым сэрцы Беларусі таксама можна пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Якія традыцыйныя пачастункі прапануюць мінскія ўстановы?

Кафэ «Аўстэрыя Уршуля» размешчана ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Установа названа ў гонар родапачынальніцы прафесійнага беларускага тэатра Францішкi Уршулі Радзівіл. У меню шырока прадстаўлены стравы з рацыёну знакамітага магнацкага роду.

Рэстаран «Панарама» размешчаны на 22-м паверсе гасцініцы «Беларусь». Асаблівае месца ў меню займае нацыянальная кухня. Гасцям прапануюць дранікі са свінінай, грыбную поліўку, ялавічыну з журавінавым соусам і іншыя прысмакі па традыцыйных рэцэптах.

Аўтэнтычную беларускую кухню прэзентуе рэстаран «Кухмістр». Яго наведвальнікам прапануюць здзейсніць гастранамічнае падарожжа ў мінулыя эпохі. Сярод фірмовых страў — верашчака з блінамі, боршч віленскі з пампушкамі, дранікі з рознымі дадаткамі і соусамі, тушаная ў квасе качыная ножка.

Пакаштаваць старабеларускую кухню таксама можна ў рэстаране «Стары дом» у гістарычным цэнтры Мінска. У меню можна знайсці грыбную поліўку ў хлебе, тушанага труса, запечаную качку, рульку, дранікі, разнасолы.

Стравы па даўніх рэцэптах шырока прадстаўлены ў папулярнай сетцы рэстаранаў «Васількі». Цэпеліны, бабка, дранікі, вясковыя каўбаскі, мачанка з курыцай, рулька — гасцям прапануюць пачастункі як з сялянскага, так і шляхецкага рацыёну.