Запаведнік, які ў бліжэйшы час адсвяткуе сваё стагоддзе, з'яўляецца домам для шматлікіх рэдкіх раслін і жывёл, у тым ліку тых, што трапілі пад пагрозу знікнення. На тэрыторыі Бярэзінскага прыродаахоўнага комплексу знаходзяцца велічныя лясы, маляўнічыя азёры, непраходныя балоты, рэкі і водныя каналы. Многія куткі біясфернага запаведніка выглядаюць так, як і тысячы гадоў таму. Асаблівасць Бярэзінскага запаведніка – балотна-лясная экасістэма, якая ўтварае ўнікальны комплексны біяцэноз. Балоты займаюць больш за 60% тэрыторыі прыродаахоўнага комплексу – гэта адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх балотных масіваў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Бярэзінская прыродаахоўная зона была месцам дзейнасці партызан. Фашысцкая акупацыя нанесла запаведніку значную шкоду. Нямецкія салдаты разбурылі службовыя будынкі, знішчылі навуковыя матэрыялы і архівы. Пасля вайны запаведнік быў адноўлены, у канцы 60-х яму быў нададзены статус біясфернага.
Сёння ў запаведніку жыве больш за 50 відаў сысуноў, больш за 230 відаў птушак, расце больш за 2 тысячы відаў раслін, з якіх 58 занесены ў Чырвоную кнігу. Тут можна знайсці расліны, якія не растуць больш анідзе ў Еўропе, – напрыклад, некаторыя віды чорнай архідэі. У Бярэзінскім запаведніку можна сустрэць зуброў, ласёў, бурых мядзведзяў, барсукоў, высакародных аленяў, янотападобных сабак, кулікоў, цецярукоў, чырвонакніжных чорных буслоў.
Спецыялісты запаведніка займаюцца экалагічным маніторынгам, ахоўнымі мерапрыемствамі, навуковымі даследаваннямі, скіраванымі на захаванне ўнікальнай біяразнастайнасці. На тэрыторыі комплексу праводзяцца фестывалі, лекцыі, тэматычныя мерапрыемствы. Бярэзінскі запаведнік – улюбёнае месца для аматараў экалагічнага турызму.
Наведванне біясфернага запаведніка дазваляе пазнаёміцца з прыроднымі скарбамі Беларусі знутры. Тут створаны ўсе ўмовы для экатурызму і паўнавартаснага адпачынку ў любы час года. На тэрыторыі прыродаахоўнага комплексу размешчаны гасцявыя домікі, абсталяваныя ўсім неабходным для камфортнага жыцця, гасцініца, музеі, вальеры з жывёламі, кавярня, альтанкі, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.
Наведнікам запаведніка прапануюцца:
Ровары, ролікі, самакаты, лодкі, мангалы, прылады для палявання і рыбалкі можна ўзяць напракат. У зімовы перыяд запаведнік прапануе ў арэнду лыжы, санкі, канькі.
Гасцей Бярэзінскага прыродаахоўнага комплексу чакаюць:
Наведнікі біясфернага запаведніка могуць пазнаёміцца з некранутай прыгажосцю беларускай прыроды, убачыць старажытныя валуны, якія засталіся пасля адступлення ледавіка, даследаваць мядзведжыя сцежкі, паназіраць за такавішчам цецярукоў і гнездаваннем вадаплаўных птушак.
Бярэзінскі біясферны запаведнік падыходзіць як для адасобленага адпачынку падалей ад гарадскога тлуму, так і для цікавага ўік-энду з сям'ёй ці з вялікай кампаніяй. З Мінска сюды прасцей за ўсё дабрацца на машыне па трасе М3 Мінск-Віцебск. Дарога зойме каля двух гадзін. З мінскага аўтавакзала "Цэнтральны" ў Домжарыцы рэгулярна ходзяць рэйсавыя аўтобусы і маршруткі.