У гарадку Бялынічы Магілёўскай вобласці жыве ўсяго каля 10 тысяч чалавек. Але гэта не перашкодзіла райцэнтру атрымаць статус культурнай сталіцы. Такое званне штогод надаюць аднаму з беларускіх населеных пунктаў, які валодае багатай духоўнай і культурнай спадчынай. Чым жа славяцца Бялынічы?

У гэтых краях нарадзіўся вядомы майстар лірычнага пейзажу Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Наш суайчыннік у пачатку ХХ стагоддзя здабыў шырокае прызнанне. Яго студэнцкую работу «З ваколіц Пяцігорска» купіў знакаміты калекцыянер Павел Траццякоў, а палатно «Час цішыні» атрымала залаты медаль на міжнароднай выставе ў Мюнхене. Публіка шанавала і цаніла карціны Бялыніцкага-Бірулі за надзвычайную лёгкасць, тонкую перадачу пераходных станаў натуры.

«Зразумець, адчуць прыроду, здолець падслухаць яе гаворку не ўсім дадзена», — казаў мастак. Яму пашанцавала наладзіць гэтую асаблівую сувязь з маленства. Ранняе дзяцінства будучы майстар правёў у бацькоўскім маёнтку Крынкі, якое ўзвышалася на маляўнічым беразе звілістай Друці. Сёння ад яго не засталося і следу. Пра фальварак нагадвае толькі мемарыяльны знак у гонар Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах

У райцэнтры ж працуе сучасны мастацкі музей, дзе можна ўбачыць больш за 20 твораў выбітнага пейзажыста. Гэта работы, створаныя ў 1920-1940-я гады на дачы «Чайка» ў Цвярской вобласці, а таксама ў Падмаскоўі, Міхайлаўскім, Горках і іншых мясцінах. Іх атрымалася здабыць дзякуючы жонцы жывапісца Алене Бірулі і дырэктару Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алене Аладавай.

Акрамя галерэі твораў Бялыніцкага-Бірулі, у музеі працуюць залы «Духоўнасць» і «Гісторыка-культурная спадчына краю». Экспазіцыі праводзяць наведвальніка праз вякі ад старажытных часоў да сучаснасці. Да ўвагі гасцей прадстаўлены даўнія манеты са знойдзеных скарбаў, прадметы сакральнага мастацтва і іншыя каштоўнасці. А даведацца, як выглядалі Бялынічы некалькі стагоддзяў таму, дазваляе ўражальных маштабаў макет мястэчка. Перлінай калекцыі лічыцца фрэска «Узыходжанне на Галгофу», што датуецца сярэдзінай XVIII стагоддзя. Яе цудам выратавалі з разбуранага ў савецкія гады кляштара кармелітаў.

Асобная частка экспазіцыі прысвечана цудатворнай Бялыніцкай іконе Божай Маці. Даследчыкі лічаць, што яна створана невядомым майстрам у першай палове XVII стагоддзя. Да абраза сцякаліся тысячы паломнікаў, якія праз святыню звярталіся да Божай Маці з малітвамі аб рашэнні праблем і вылячэнні. У нашы дні ікона вядомая толькі па шматлікіх шанаваных копіях. Лёс арыгінальнай рэліквіі застаецца невядомым.

Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах
Мастацкі музей у Бялынічах

Адметна, што менавіта з гэтым абразом звязваюць гісторыю ўзнікнення мястэчка. Паводле легенды, некалькі манахаў з Кіева пасля разгрому горада татарскім войскам выправіліся шукаць новы прытулак. У выніку спыніліся падарожнікі на высокім пагорку пры Друці, заснавалі манастыр і ўзвялі царкву. Ікона ж праявіла цуд: уначы яна выпраменьвала святло. Таму і сталі зваць мясцовасць Белыя Ночы або — Бялынічы, а Божая Маці ў залатым адзенні з немаўляткам на руках знайшла адлюстраванне на гербе горада.