Крэпасць была пабудавана на беразе Беразіны ў першай палове XIX стагоддзя з мэтай абароны заходняй мяжы Расійскай імперыі. У гэты час паміж Расіяй і Францыяй наспяваў канфлікт, таму ваенны міністр Барклай дэ Толі прапанаваў імператару Аляксандру I падрыхтавацца да магчымага нападзення і пабудаваць новыя абарончыя ўмацаванні паміж Кіевам і Рыгай.

Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць

Будаўніцтва распачалося ў 1810 годзе. Для гэтага давялося знесці вялікую частку гарадскіх будынкаў, а жыхароў выселіць за перыметр крэпасці. Кіравалі работамі беларускі ваенны інжынер Тэадор Нарбут і генерал-маёр расійскай арміі Карл Оперман. Салдаты і прыгонныя сяляне пабудавалі крэпасць за два гады. Збудаванне мела форму шматкутніка і было замкнута насыпным валам з боку ракі. Лінія абароны складалася з 8 цагляных бастыёнаў з байніцамі і скляпеністымі перакрыццямі.

Бабруйская крэпасць займала амаль 120 гектараў і лічылася ў той час адным з самых вялікіх і магутных умацаванняў у Еўропе. Яна мужна супрацьстаяла націску напалеонаўскіх войскаў у 1812 годзе і 4 месяцы вытрымлівала аблогу.

Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць

Па заканчэнні вайны з Напалеонам фартыфікацыйны комплекс быў дапоўнены вежамі і бастыёнамі. Драўляныя дамы ўнутры комплексу замянілі каменнымі, пад зямлёй выкапалі некалькі тунэляў, якія дазвалялі эвакуіравацца пры неабходнасці.

Пасля паўстання дзекабрыстаў Бабруйскую цытадэль ператварылі ў турму, дзе адбывалі пакаранне палітычныя зняволеныя, у тым ліку ўдзельнікі паўстання 1830-1831-х гадоў. Пра турэмныя камеры крэпасці распавядалі з жахам. Яны былі так нязручныя, што чалавек не мог у іх знаходзіцца ані лежачы, ані седзячы, ані стоячы, таму з цягам часу вязень пачынаў вар’яцець.

У другой палове XIX стагоддзя Бабруйская крэпасць пачала губляць абарончае значэнне, у яе сценах зрабілі склад, а ваенны статус будынка быў адменены.

Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць у ХХ-ХХI стагоддзях

У пачатку ХХ стагоддзя, падчас савецка-польскай вайны, палякі выкарыстоўвалі Бабруйскую крэпасць як лагер для ваеннапалонных. У час Вялікай Айчыннай вайны ў яе мурах размяшчаўся нямецкі канцэнтрацыйны лагер. У лістападзе 1941 года фашысты расстралялі на тэрыторыі крэпасці амаль 7 тысяч чалавек і падпалілі казармы. Менш чым за год, да жніўня 1942 года, тут было знішчана амаль 40 тысяч чалавек.

Пасля вайны ў сувязі са значнымі разбурэннямі Бабруйскую крэпасць выключылі са спісу дзяржаўных архітэктурных помнікаў. Крэпасць пакрысе ператваралася ў руіны. У пачатку ХХI стагоддзя засталося менш за палову будынкаў калісьці масштабнага фартыфікацыйнага збудавання. Сярод іх унутраныя ўмацаванні, вежа Карла Опермана, казармы, частка гаспадарчых памяшканняў. У 2002 годзе Бабруйскую крэпасць усё ж унеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, частка будынкаў была адноўлена.

Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць

Сёння гэты будынак – папулярны турыстычны аб’ект. Тут можна пабачыць рэшткі бастыёнаў з казематамі, складоў, крэпасных рэдутаў. Наведнікі крэпасці могуць зазірнуць у памяшканні са скляпеністымі столямі, падняцца па вітой лесвіцы на назіральную вышку, дакрануцца да магутных цагляных муроў, пабудаваных амаль 200 гадоў таму. Тут праводзяць экскурсіі, на якіх распавядаюць пра гісторыю Бабруйска, а таксама пра легенды і таямніцы самой крэпасці. Будынак знаходзіцца ва ўсходняй частцы горада, недалёка ад чыгуначнай станцыі Беразіна. З Мінска ў Бабруйск рэгулярна ходзяць цягнікі і рэйсавыя аўтобусы.

Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць
Бабруйская крэпасць