У краі беларускіх азёр лёгка адчуваецца тое самае яднанне з прыродай: варта хоць раз наведаць Браслаўскія землі — захочацца вярнуцца сюды яшчэ раз. Зносіны з паўночнай прыродай Беларусі натхняюць і ўражваюць, але каб пранікнуцца гэтым месцам і яго гісторыяй, дастаткова наведаць Браслаўскае раённае аб'яднанне музеяў, куды ўваходзяць гісторыка-краязнаўчы і музей традыцыйнай культуры.
Браслаўскае аб'яднанне музеяў існуе з 1996 года, а першая яго экспазіцыя адкрылася ў гісторыка-краязнаўчым музеі ў 1988 годзе. У шасці экспазіцыях адлюстраваны розныя гістарычныя перыяды: эпохі неаліту і жалезнага веку, перыяды Полацкага княства і ВКЛ, а таксама прадстаўлена багатая калекцыя археалагічных знаходак. Некаторыя з экспанатаў унікальныя па сваёй сутнасці.
У музеі адлюстравана эпоха позняга сярэднявечча, сабраны цікавыя факты пра Друю, шляхетныя роды Браслаўшчыны і замкавыя пабудовы.
У экспазіцыі можна прасачыць гісторыю Браслаўскіх зямель у перыяды паўстанняў 1794 г. і 1863 г., вайны 1812 г., Першай Сусветнай вайны, а таксама эканомікі і культуры пачатку 20 стагоддзя.
Многім наведвальнікам сустрэнуцца знаёмыя імёны славутых гістарычных дзеячаў рэгіёну: Станіслаў Нарбут (1853-1926), які тут працаваў урачом больш за 40 гадоў; мастак Пётр Сергіевіч (1900-1984), ураджэнец Браслаўшчыны.
Перыяд Вялікай Айчыннай вайны таксама знайшоў сваё адлюстраванне ў адной з экспазіцыйных залаў.
Этнаграфічная экспазіцыя акунае ў сапраўдную атмасферу сялянскай хаты 19-пачатку 20 стагоддзя. Сярод экспанатаў нямала прадметаў і вырабаў ткацтва, пляцення і разьбы па дрэве.
Музей традыцыйнай культуры размяшчаецца ў былым будынку млына – помніку архітэктуры пач. ХХ стагоддзя. Да будынка прымыкаюць дадатковыя прыбудовы, у адной з якіх абсталявана гасцініца «Заезны Двор».
У музеі дзве залы, падзеленыя на тры ўзроўні, якія акунаюць наведвальнікаў у народныя традыцыі Браслаўшчыны. Тут прадстаўлены старажытныя вырабы з саломы, лазы і гліны. На другім узроўні сабраны работы мясцовых майстроў разьбы па дрэве. Завяршае экспазіцыю сапраўдная ткацкая майстэрня, дзе выстаўлены станкі для апрацоўкі лёну і воўны, а таксама работы мясцовых ткачых. Асаблівую цікавасць уяўляе ганчарная майстэрня з прыкладамі керамікі, характэрнай для паўночнай Беларусі.
Акрамя пастаянных экспазіцый, музей таксама прапануе незвычайныя паслугі. Напрыклад, у былым будынку млына арганізоўваюць спецыяльны вясельны інтэрактыў «Вяселле ў млыне». Маладым і ўсім гасцям прапануюць паўдзельнічаць у жартоўных конкурсах, звязаных з жыццём і побытам беларускага народа, і даведацца пра асноўную сімволіку атрыбутаў «беларускага вяселля».