Брэст / вуліца Савецкая

Брэсцкі «Арбат»

Пешаходная вуліца ў гістарычнай частцы горада

Вуліца Савецкая ў цэнтры Брэста ўсім вядома ў першую чаргу тым, што гэта адна з самых прыгожых пешаходных вуліц Беларусі. Яе працягласць амаль 2 кіламетры – ад вуліцы Арджанікідзэ да набярэжнай ракі Мухавец. Вуліца з'яўляецца сэрцам і душой горада і ў народзе атрымала назву «Брэсцкі Арбат».

й

У розны час Савецкая вуліца мела назвы Мільённай, Паліцэйскай, Дамброўскага і нават Генералштрасэ. Савецкай яна стала толькі ў 1944 годзе. Шматлікія войны нанеслі шкоду гэтай частцы горада – вуліца неаднаразова гарэла. З самага пачатку мінулага стагоддзя на ёй былі гандлёвыя рады, якія належалі мясцовым яўрэям, як і размешчаны ў доме № 61 «Яўрэйскі» банк. Таксама тут знаходзіўся гарадскі магістрат, а ў першыя гады вайны – Часовае ўпраўленне горада. У дамах, размешчаных на гэтай вуліцы, тады жылі заможныя людзі. Калісьці тут знаходзілася і круглая сінагога, якая, дарэчы, была дакладнай копіяй Іерусалімскай сінагогі. У 70-я гады мінулага стагоддзя на ацалелых сценах рэлігійнага будынка пабудавалі кінатэатр «Беларусь».

З гэтай вуліцай звязаны многія гарадскія легенды, інфармацыю пра каторыя можна знайсці на фрэсках, мемарыяльных дошках, таблічках на фасадах дамоў.

й

На Савецкай вуліцы размешчаны шматлікія славутасці горада. Гэта і Свята-Мікалаеўская брацкая царква, а таксама дарэвалюцыйныя будынкі, у тым ліку і былы будынак Аляксееўскай гімназіі для хлопчыкаў, сучасныя скульптуры: помнік Тысячагоддзя Брэста, помнік кашальку, бот багацця, скульптурная кампазіцыя «Стары год» (якую ў народзе называюць помнікам закаханым кошкам). Трэба звярнуць увагу і на будынак аптэкі Грынберга (дом № 101), які знакаміты сваім арыгінальным эркерам і балконамі ў стылі мадэрн. Яе пабудаваў у 1925 годзе архітэктар Саламон Грынберг. Унікальнасць гэтага дома заключаецца ў тым, што, нягледзячы на шмалікія гістарычныя перапетыі, тут заўсёды знаходзілася аптэка, якая захавалася да нашых дзён.

Мясцовай славутасцю з'яўляецца і скульптура «Стары ліхтар» на скрыжаванні вуліц Савецкай і Астроўскага. Скульптура прадстаўляе сабой камень-валун з надпісам на старарускай мове. У надпісу гаворка ідзе пра тое, што ў горадзе павінна быць мноства ліхтароў, а таксама ліхтаршчык, які кожны дзень з захадам сонца будзе запальваць ліхтары. Дарэчы, гэты своеасаблівы рытуал праводзяць і цяпер. Жыхары і госці горада прыходзяць паглядзець, як ліхтаршчык у спецыяльнай форме абыходзіць ліхтары, падымаецца па лесвіцы, запальвае вечарам і тушыць раніцай газавыя лямпы ўнутры кожнай вулічнай свяцільні. А кампазіцыя кажана з ліхтаром у лапах над валуном быццам гаворыць пра тое, што ў гэтым горадзе «ніколі не наблізіцца цемра».

й

Вуліца Савецкая сёння – гэта яркая і самабытная славутасць Брэста. Тут размяшчаюцца шматлікія кавярні, гандлёвыя цэнтры, кінатэатр «Беларусь», начны клуб «Матрыца». Гэта вуліца з'яўляецца не толькі гістарычнай славутасцю, але і аб'ектам падзейнага турызму.