Палац быў пабудаваны па замове вялікага землеўладальніка Ігната Булгака, род якога вядомы з XV стагоддзя. Сям'я Булгакаў не была такой уплывовай, як Сапегі або Радзівілы, але гэта былі заможныя, адукаваныя людзі, якія займалі высокія пасады ў ВКЛ, а пазней у Расійскай імперыі.
Кажуць, што падчас паездкі ў Парыж малады шляхціц Ігнат Булгак надзвычай захапіўся французскай архітэктурай. Таму па вяртанні на Радзіму ён захацеў пабудаваць радавое гняздо, не менш шыкоўнае за еўрапейскія рэзідэнцыі.
Будаўніцтва палаца распачалося ў 1825 годзе. Аўтарам праекта стаў архітэктар К. Падчашынскі. Неўзабаве на беразе ракі Добасны быў ўзведзены П-падобны будынак, да якога пазней, пасля смерці І. Булгака, дабудавалі корпус з палацавай царквой і жылымі пакоямі, а таксама аранжарэю з экзатычнымі раслінамі. Кажуць, у аранжарэі вырошчвалі нават ананасы, і прадпрымальныя гаспадары здавалі іх у арэнду заможным людзям, якія хацелі ўразіць гасцей выглядам экзатычнай садавіны.
Наступным гаспадаром сядзібы стаў малодшы сын Ігната Эдгар. Вакол будынка ён зрабіў маляўнічы парк са стаўкамі, альтанкамі, скульптурамі і фруктовымі дрэвамі.
У XVIII – пачатку XIX стагоддзя палац Булгакаў уражваў веліччу і мог стварыць канкурэнцыю нават рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Залы палацавага комплексу былі ўпрыгожаны кілімамі, дыванамі, дарагой мэбляй, карцінамі, скульптурамі, шыкоўнымі прадметамі інтэр'еру. Сцены былі дэкараваныя роспісамі, пазалотай, барэльефамі. У палацы захоўваліся калекцыі эксклюзіўных прадметаў мастацтва, у тым ліку славутых слуцкіх паясоў. На жаль, усё багацце гэтай сядзібы з цягам часу было вывезена, страчана або разрабавана.
Апошнім уладальнікам рэзідэнцыі быў пляменнік Эдгара Эмануіл – адзін з найбагацейшых прадстаўнікоў сям'і Булгакаў, які назаўжды пакінуў Жылічы ў пачатку рэвалюцыі 1917 года.
У савецкія часы ў сценах будынка знаходзіўся дзіцячы дом. У перыяд Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся нямецкі шпіталь. Пасля вайны будынак быў перададзены аграрнаму тэхнікуму. Пасля таго, як вучняў перавялі ў новы корпус, рэзідэнцыя Булгакаў пачала прыходзіць у заняпад. У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў сценах палаца адкрылі музей і музычную школу. У 2009 годзе было прынята рашэнне пачаць маштабную рэканструкцыю былой сядзібы Булгакаў.
У параўнанні са шматлікімі архітэктурнымі помнікамі той эпохі, рэзідэнцыя Булгакаў добра захавалася, нягледзячы на войны і разбуральныя гістарычныя падзеі. Амаль нязменнымі засталіся сцены, калоны, ляпніна, разныя столі, значная частка элементаў дэкору.
Рэстаўрацыйныя работы ў палацы вяліся з асаблівай пільнасцю. Унутранае ўбранне будынка аднаўлялі па фотаздымках. Спецыялісты прысвяцілі выключную ўвагу аднаўленню дэкору – ляпніне, роспісу столяў, дробным скульптурным элементам. Быў адноўлены ўнікальны паркет, створаны з пяці сартоў дрэва.
У некаторых месцах спецыялісты пакінулі фрагменты арыгінальнай фарбы, каб наведнікі архітэктурнага аб'екта бачылі, што інтэр'еры вытрыманы ў тых самых тонах, як і ў часы колішніх гаспадароў сядзібы.
Сёння ў залах палаца можна ўбачыць адноўленыя каміны і арыгінальныя столі, старадаўнюю мэблю, карціны, шыкоўныя жырандолі, люстэркі, гадзіннікі, падсвечнікі. Арыгінальная мэбля і прадметы інтэр'еру не захаваліся, таму рэстаўратары павінны былі набываць іх сучасныя копіі і антыкварныя варыянты.
На сённяшні дзень рэстаўрацыя палаца не завершана цалкам, вядзецца аднаўленне аранжарэі. Але дзверы рэзідэнцыі Булгакаў адчынены для наведнікаў. Супрацоўнікі комплексу праводзяць экскурсіі кожныя паўгадзіны, дзе распавядаюць пра багацце і сямейныя таямніцы роду Булгакаў, пра гісторыю і архітэктурныя асаблівасці маёнтка ў Жылічах.
З Мінска дабрацца да сядзібы Булгакаў прасцей за ўсё на машыне, па трасе М5. Дарога зойме прыкладна дзве гадзіны. З Магілёва і Бабруйска ў Жылічы ходзяць таксама рэйсавыя аўтобусы.
Афіцыйны сайт:Палац Булгакаў у Жылічах