Наконт даты пабудовы храма існуюць розныя версіі. Паводле першай ён узнік дзякуючы князю Вітаўту. Князь ахвяраваў сродкі на будаўніцтва ў знак падзякі за тое, што сцены царквы, якая тут раней знаходзілася, абаранілі яго ад пагрозы, якая сыходзіла ад стрыечнага брата Ягайлы. У 1407 годзе перабудаваны храм быў асвечаны з удзелам Вітаўта. Іншая версія кажа, што на месцы Сынкавіцкай царквы раней знаходзіўся не храм, а замак, які да пачатку XV стагоддзя ператварыўся ў руіны. На яго месцы Вітаўт загадаў пабудаваць умацаваную царкву з кутнімі вежамі.

Царква Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах

Яшчэ адна версія сцвярджае, што будынак ўзведзены ў першай палове XVI стагоддзя па ініцыятыве вялікага літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага. Аднак новыя гістарычныя знаходкі, выяўленыя ў працэсе рэстаўрацыі, дазваляюць меркаваць, што царква можа быць больш старажытнай, а датай пабудовы варта лічыць 1320 год.

Гісторыя і архітэктура будынка

Царква Святога Архангела Міхаіла – рэдкі для нашай краіны прыклад храма-крэпасці. Другі такі будынак можна ўбачыць у вёсцы Мураванка Гродзенскай вобласці. Архітэктура Сынкавіцкай царквы спалучае рысы сярэднявечнай готыкі, рэнесансу, раманскага стылю, старажытнарускага культавага дойлідства. Сцены таўшчынёй у паўтара метра, байніцы, вежы, размешчаныя па вуглах, надаюць будынку падабенства да абарончага замка. Аснова кампазіцыі – трохнефная шасцістаўповая базіліка.

Царква Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах

Спачатку царква была праваслаўнай, але ў канцы XVI стагоддзя стала належаць уніятам. Калі тэрыторыя ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі, храм вярнулі праваслаўным. У канцы XIX стагоддзя ў будынку была праведзена рэстаўрацыя, побач пабудавалі званіцу. Царква прымала вернікаў да 1959 года, потым была зачынена. У савецкі час будынак выкарыстоўвалі для захавання гародніны. У 1991 годзе храм зноў адчынены для праваслаўных вернікаў. На сённяшні час намаганнямі мецэнатаў і прыхаджан заменены дах, адноўлены сцены, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол будынка. Тут адбываюцца службы, царкоўныя абрады, адзначаюцца праваслаўныя святы.

Чым цікавая Сынкавіцкая царква і як туды дабрацца?

Беларускіх і замежных падарожнікаў несумненна зацікавіць:

  1. Незвычайная абарончая архітэктура храма: двухсхільны дах, абабіты дранкай, гатычныя скляпенні, карнізы з байніцамі, пабеленыя нішы фасадаў, аздабленне інтэр’еру. Будынак уражвае веліччу і прыгажосцю.
  2. Шанаваная хрысціянская святыня. У царкве захоўваецца абраз Багародзіцы "Усецарыца", які мае цудадзейныя ўласцівасці. Вернікі сцвярджаюць, што шчырыя малітвы перад абразам дапамагаюць ачуняць ад хвароб, пазбыцца шкодных залежнасцей, паверыць у цуды.
  3. Наведванне богаслужэння. У храме можна памаліцца самастойна, замовіць малебен, набраць святую ваду з крыніцы. Дзверы царквы Святога Архангела Міхаіла адчыненыя штодня, але богаслужэнні тут праводзяцца толькі ў выходныя і святочныя дні. Малебны перад абразом Багародзіцы "Усецарыца" адбываюцца кожную першую пятніцу і трэцюю суботу месяца.
  4. Магчымасць паслухаць званы. Адмыслова для царквы было адліта 5 званоў, іх гарманічныя гукі ствараюць непаўторную атмасферу ў наваколлі.
Царква Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах

Каб дабрацца ў Сынкавічы з Мінска, трэба ехаць у напрамку Баранавічаў, пасля па дарозе Р-99 кіравацца да Слоніма. Далей трэба трымацца гэтай дарогі і павярнуць на Сынкавічы каля паказальніка.

Наведванне царквы Святога Архангела Міхаіла дазваляе паглыбіцца ў гісторыю праваслаўнай культуры, адчуць унутранае суладдзе і супакаенне, настроіцца на хвалю мінулага.