Будаўніцтва царквы распачалося ў 1930 годзе і скончылася ў 1933. Лыскава ў гэты перыяд уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Раней на месцы царквы стаяў драўляны храм. У XIX стагоддзі ён быў разабраны, бо амаль разваліўся.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лыскаве

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы цікавая тым, што яе кампазіцыя не зусім адпавядае традыцыям праваслаўнай архітэктуры. У абрысах будынка выразна прасочваюцца рысы мадэрну і ўплыў закарпацкіх архітэктурных традыцый. Культавыя будынкі такога плану былі ў той час распаўсюджаныя на захадзе Украіны. Аўтар праекта нам не вядомы. Ёсць версія, што гэта быў польскі архітэктар Станіслаў Пятроўскі, які натхніўся арыгінальным стылем закарпацкага культавага дойлідства і дапоўніў яго рысамі мадэрну. Іншыя даследчыкі мяркуюць, што гэта мог быць украінскі дойлід Яўген Нагорны.

Матэрыялам для будаўніцтва быў сасновы брус. Будынак мае крыжова-купальную кампазіцыю. Да асноўнага памяшкання, якое вянчае вялікі купал-цыбуліна, прымацоўваецца трох'ярусная званіца з купалам-цыбулінай меншага памеру. Ваконныя праёмы розных геаметрычных форм дэкараваныя зубчастымі ліштвамі. У храме знаходзіцца вялікі драўляны іканастас.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лыскаве

Царква ніколі не перабудоўвалася і не зачынялася. Яна прымала праваслаўных вернікаў нават у часы СССР.

Сучасны стан храма

Сёння царква Раства Прасвятой Багародзіцы застаецца цэнтрам праваслаўнага жыцця Лыскава. Гэта дзейны храм, у якім адбываюцца богаслужэнні, праводзяцца абрады хрышчэння, прычашчэння, вянчання, адзначаюцца хрысціянскія святы. Пры царкве працуе нядзельная школа, дзейнічае сястрынства імя святых жанок-міраносіц. Будынак знаходзіцца ў добрым стане, сцены ўнутры і звонку пафарбаваныя ў блакітны колер.

Царкву наведваюць не толькі мясцовыя жыхары. Едуць сюды і турысты. Будынак прываблівае падарожнікаў сваёй адметнасцю і прыгажосцю архітэктурных форм.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лыскаве

Інтэр’ер храма ўпрыгожваюць абразы, намаляваныя ў розныя гістарычныя перыяды. Тут ёсць абразы, створаныя ў царскую эпоху, у часы ўніяцтва, у пачатку ХХ стагоддзя. Агулам у царкве знаходзіцца больш за 150 абразоў. Сярод асабліва каштоўных і шанаваных святыняў, якія захоўваюцца тут, – абраз "Багамаці Адзігітрыя" XVIII стагоддзя. Штогод 21 верасня храм шырока адзначае свята Раства Прасвятой Багародзіцы.

У царкве няма шматлікіх велічных упрыгажэнняў і залачонага аздаблення. Тут пануе асаблівая, спакойная, амаль хатняя атмасфера. Абразы, пакрытыя вышыванымі ручнікамі, святло, якое ліецца скрозь спічастыя вокны, – усё гэта стварае адчуванне замірэння і духоўнага ачышчэння. Каб на свае вочы ўбачыць унікальны прыклад культавага драўлянага дойлідства, прыязджайце ў аграгарадок Лыскава, які знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Пружанаў. З Брэста і Гродна сюды можна дабрацца на прамых аўтобусах. У населены пункт ездзяць таксама маршруткі з Пружанаў.