Знакамітая царква-крэпасць прэтэндуе на ўключэнне ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Што ж робіць гатычна-рэнесансны храм асаблівым?

Культавы будынак узведзены ў першай палове XVI стагоддзя. Ён перажыў нямала разбурэнняў падчас шматлікіх войнаў, перыяд запусцення. У мінулым стагоддзі адышоў да каталіцкай царквы, а пазней выкарыстоўваўся як збожжасховішча. Але ўсё ж такі святыня была вернута праваслаўным вернікам і, больш таго, сустрэла сваё 500-годдзе абноўленай. Да юбілею храм адрэстаўрыравалі.

Вежы, байніцы, трывалыя цагляныя муры — дзякуючы гэтым архітэктурным рашэнням царква стала не толькі месцам малітвы, але і надзейным укрыццём ад ворагаў. Калісьці ў сценах былі схаваныя хады, якія апяразвалі ўвесь будынак. Раней уваход закрывалі цяжкія вароты. Аднак некаторыя элементы былі страчаны ў выніку варожых нападаў. Некаторыя змены ў першапачатковае аблічча ўнеслі і падчас рамонту ў другой палове XIX стагоддзя.

Магутныя сцены двухметровай таўшчыні выкладзеныя з чырвонай цэглы-пальчаткі. Пасля фармоўкі майстры праводзілі пальцам па сырой гліне, каб пакінуць на паверхні бруска разоркі. Рабілі гэта для таго, каб надзейна змацаваць асобныя цаглінкі паміж сабой. Такі матэрыял быў шырока распаўсюджаны на нашых землях у Сярэднявеччы. Яго выкарыстоўвалі і пры ўзвядзенні знакамітых замкаў у Лідзе, Гальшанах, Гродне.

Унікальным можна лічыць і інтэр'ер царквы. Уваход у храм упрыгожаны венецыянскай аркай. Больш нідзе ў Беларусі не сустракаецца такі архітэктурны элемент. Галоўнае ж упрыгажэнне памяшкання — узорыстыя скляпенні. Іх рэбры складваюцца ў надзвычайнай прыгажосці малюнкі, якія нагадваюць абрысамі бутоны квітнеючых раслін. І ўсё ж асноўная задача гэтых канструкцый не дэкаратыўная: такія скляпенні выкарыстоўвалі ў гатычнай архітэктуры ў першую чаргу для палягчэння перакрыццяў.

Даведацца больш пра гісторыю храма дазваляе экспазіцыя, дзе сабраны разнастайныя артэфакты — ад узораў цэглы і дахоўкі да богаслужэбных кніг і снарадаў, якімі заваёўнікі абстрэльвалі царкву-крэпасць стагоддзі таму.