Ідэя адкрыцця фабрыкі належыць Івану Паскевічу – расійскаму палкаводцу, які меў у Гомелі шмат маёмасці. Аднак прадпрыемства было адчынена пасля смерці Івана Паскевіча, ужо яго сынам Фёдарам. Фабрыка пачала працаваць у 1870 годзе і да пачатку ХХ стагоддзя ўвайшла ў шэраг найбуйнейшых папяровых прадпрыемстваў Расійскай імперыі. У Добрушы выраблялі друкарскую, газетную, пакавальную, пісчую паперу. З цягам часу простыя машыны для вырабу паперы замянілі на перадавое еўрапейскае абсталяванне. У 1882 годзе тут адкрылі першую ў Беларусі хімічную лабараторыю, а праз 7 гадоў – першую электрастанцыю. На фабрыцы наладзілі электрыфікацыю, зрабілі тэлеграф і тэлефонную сувязь.

Прадукцыя добрушскага прадпрыемства выстаўлялася на прамысловых выстаўках, паспяхова экспартавалася па ўсёй краіне і высока ацэньвалася экспертамі. Двойчы фабрыка атрымлівала прывілеяванае права змяшчаць на сваёй прадукцыі герб Расійскай імперыі.

Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка

З прыходам у 1910 годзе новага кіраўніка А. Стульгінскага пры фабрыцы адчынілі рамеснае вучылішча, дзе рыхтавалі сталяроў, тэкстыльшчыкаў, пераплётчыкаў. Новы кіраўнік увёў на прадпрыемстве васьмігадзінны працоўны дзень, бо лічыў, што так работнікі будуць працаваць больш эфектыўна.

У пачатку 30-х гадоў вытворчасць мадэрнізавалі. Устаноўка стацыянарных варачных катлоў дазволіла павялічыць выраб прадукцыі. Дзякуючы папяровай вытворчасці Добруш з невялікага пасёлка з цягам часу вырас у прамысловы горад. На прадпрыемстве працавала значная частка гараджан. Пры фабрыцы былі адчынены школа, дзіцячы сад, бальніца, бібліятэка, аптэка, клуб, сталовыя, спартыўная зала.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны папяровая вытворчасць у Добрушы прасела і толькі ў пачатку 50-х гадоў выйшла на даваенны ўзровень. Чарговая мадэрнізацыя пайшла на карысць прадпрыемству. Фабрыка выпускала вялікія аб'ёмы чарцёжнай і малявальнай паперы, а таксама забяспечвала школьнымі сшыткамі амаль увесь Савецкі Саюз. Кожны сёмы савецкі школьнік карыстаўся пад час вучобы сшыткамі добрушскай фабрыкі.

Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка
Добрушская папяровая фабрыка

Цяпер комплекс фабрычных будынкаў у Добрушы – помнік прамысловай архітэктуры XIX стагоддзя. Цагляныя будынкі, пабудаваныя ў стылі мадэрнізму і неаготыкі, ахоўваюцца дзяржавай як гісторыка-культурная каштоўнасць. Папяровы прамысловы комплекс працягвае паспяхова працаваць, пастаўляе прадукцыю на ўнутраны і замежны рынкі. У Добрушы па-ранейшаму вырабляюць сшыткі, нататнікі, пакавальную паперу, календары, кардон, цэлюлознае палатно, шпалеры.

Пры фабрыцы, у будынку былой школы, якую адчыніла Ірына Паскевіч для дзяцей рабочых у 1909 годзе, функцыянуе музей. Па папярэдняй дамоўленасці тут праводзяць экскурсіі для ўсіх ахвочых. У музеі можна даведацца, як вырабляюць паперу, пазнаёміцца з гісторыяй фабрыкі і самога Добруша. Фабрычны комплекс знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, на беразе ракі Іпуць. З Гомеля ў Добруш ходзяць аўтобусы, маршруткі і электрычкі.