Выязны семінар «Падзейны турызм у Беларусі» стартаваў са знакавай падзеі ў турыстычнай галіне. Адбылося ўрачыстае адкрыццё турыстычнага маршруту «Жамчужыны Пружанскага краю» з удзелам намесніка міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алега Андрэйчыка.
Унікальныя архітэктурныя помнікі, родныя мясціны знакамітых беларусаў, некранутыя куткі прыроды — такой багатай спадчынай валодае Пружаншчына. Са скарбамі гэтай зямлі знаёміць новы турыстычны маршрут «Жамчужыны Пружанскага краю». Ён аб'яднаў каля дзясятка мястэчак, вёсак і мноства знакавых аб'ектаў, сярод якіх Петрапаўлаўская царква і Траецкі касцёл у Ружанах, велічныя руіны касцёла Святой Тройцы ў Лыскаве, царква Святога Мікалая і Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашове, комплекс былой сядзібы Трэмбіцкіх у Iнтэрнацыянальным. І, вядома, Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў, дзе і адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця.
Ружаны славяцца велічнай рэзідэнцыяй Сапегаў. Яна закладзена ў пачатку XVII стагоддзя як абарончы замак, а пазней перабудавана ў палацавы ансамбль. Збудаванне ў стылі позняга класіцызму з элементамі барока і ракако здзіўляе маштабам і арыгінальнасцю. Да нашых дзён Ружанскі палац дайшоў у жаласным стане, але з 2008 года яго знешні воблік зменьваецца. Пасля рэстаўрацыі гасцей сустракаюць адноўленыя ўязныя вароты, усходні і заходні флігелі, а таксама ўсходні корпус. Для падарожнікаў адкрыты музейныя залы, дзе можна даведацца пра гісторыю роду Сапегаў і іх рэзідэнцыі, пра мінулае мястэчка. Сярод каштоўных прадметаў – пячатка XVII стагоддзя з фамільным гербам і арыгінальны гербавы картуш канца XVIII стагоддзя. Уладальнікі комплексу Сапегаў былі ў ліку найбольш магутных магнатаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Семінар «Падзейны турызм у Беларусі» працягнуўся ў санаторыі «Ружанскі». Размешчаны каля возера Паперня ў глыбіні хвойнага лесу каля г.п. Ружаны. Адпачываючым прапаноўваюць шэсць напрамкаў лячэння з індывідуальным выбарам медыцынскіх працэдур. Жадаючыя могуць набыць як паўнавартасныя пуцёўкі з доўгім тэрмінам знаходжання, так і туры выхаднога дня. Таксама ў санаторыі маецца ўласны спа-комплекс. Для аматараў актыўнага адпачынку – аквапарк з горкамі і джакузі, басейны, спартыўныя пляцоўкі, цір і більярд, прагулкі на поні. Для гасцей таксама праводзяць культурныя мерапрыемствы і экскурсіі ў Жыровіцкі манастыр, палац Сапегаў у Ружанах, музей «Пружанскі палацык».
А ў вёсцы Бярозаўка Пружанскага раёна адбылося адкрыццё новай экасцежкі. Яе працягласць складае больш за паўтара кіламетры. Вандроўнікі могуць прайсці праз розныя тыпы лесу, убачыць найбольш распаўсюджаныя пароды дрэў, паслухаць спеў птушак і нават сустрэць дзікіх жывёл.
Дарога ляжыць праз насаджэнні чорнай алешыны і сасновы лес, буралом, падкормачную пляцоўку і месца прыстрэлкі паляўнічай зброі. Маршрут праходзіць і па некранутых чалавекам кутках прыроды. Адпраўны пункт гэтай вандроўкі – музей прыроды і гісторыі Пружанскага лясгаса.
Адным з ключавых мерапрыемстваў выязнога семінара «Падзейны турызм у Беларусі» стала панэльная дыскусія «Роля гісторыка-культурнай спадчыны ў развіцці турызму на прыкладзе Пружанскага раёна».
У прывітальным слове намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык адзначыў дасягненні Пружаншчыны ў развіцці турызму. Удзельнікі семінара падключыліся да змястоўнага дыялогу, абмеркавалі не толькі тэарэтычныя пытанні, але і практычныя аспекты турызму.
Прадстаўнікі Брэсцкай вобласці падрабязна расказалі гасцям аб гісторыка-культурных каштоўнасцях рэгіёна. На тэрыторыі вобласці размешчана каля 2 тысяч аб'ектаў спадчыны. Развіццё гісторыка-культурнага турызму тут знаходзіцца пад пільнай увагай. Інфраструктура Брэстчыны дазваляе прымаць вялікую колькасць замежных і беларускіх вандроўнікаў. Па выніках мінулага года вобласць аказалася ў лідарах па прыёме арганізаваных турыстаў. Рэгіён наведалі больш за 1 мільён чалавек.
А яшчэ ўдзельнікам семінара прэзентавалі кнігу «Пружанская кулінарыя», якая ўключае рэцэпты традыцыйных страў Пружанскага раёна, запісаныя работнікамі аддзела культуры Пружанскага райвыканкама, клубных устаноў Пружанскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і Пружанскага гарадскога Палаца культуры падчас этнаграфічных экспедыцый.
Ці ведаеце вы, чым адметны гарадскі пасёлак Шарашова на Пружаншчыне? Тут размешчаны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Святыня пабудавана ў 1848 годзе з цэглы. Дарэчы, гэта адзіны каталіцкі храм на Пружаншчыне, пабудаваны ў той час. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны яго зачынілі і аддалі пад склад. Службы аднавіліся толькі ў канцы мінулага стагоддзя.
У ліку цікавых аб'ектаў і царква Святога Мікалая. Пабудавана ў 1873 годзе і з'яўляецца помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю, г. зн. прыклад вольнай інтэрпрэтацыі рускага дойлідства, так як у тыя часы была мода на «нацыянальны» рамантызм. Будаўніцтва вялося пры ўдзеле гродзенскага архітэктара Якуба Фардона. У 1968 годзе праведзена маштабная рэканструкцыя храма. Месца дзіўна тым, што за ўвесь час існавання ніякіх вялікіх разбурэнняў або значных гістарычных падзей у гэтай царкве не адбывалася.
Удзельнікам семінара таксама расказалі пра таленавітых ураджэнцаў Пружанскай зямлі. Тут правялі дзяцінства дырыжор і фалькларыст Рыгор Шырма, мастак Станіслаў Жукоўскі, оперны спявак Міхаіл Забэйда-Суміцкі.
Не менш знакаміты і Мікалай Тарасюк – скульптар-самародак з вёскі Стойлы. Гэта не проста адзін з самабытных умельцаў Брэстчыны, які ўсё жыццё пражыў у вёсцы Стойлы, а ў апошнія гады быў яе адзіным жыхаром. Ён знакаміты сваёй сялянскай філасофіяй, дзякуючы якой здолеў стварыць больш за 30 000 драўляных скульптур.
Яго кампазіцыі адлюстроўваюць сцэны жыцця беларускага селяніна сярэдзіны ХХ стагоддзя і уздымаюць сацыяльныя праблемы. Частка з іх сёння знаходзіцца ў беларускіх і польскіх музеях, а для астатніх ён пабудаваў унікальны домік з сімвалічнай назвай «Успаміны Бацькаўшчыны». Мікалай Васільевіч – лаўрэат Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць».
Яго творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці. Мікалая Тарасюка не стала 14 студзеня 2015 года, але яго сям'я аб'ядноўвае намаганні, энергію, працу і фінансы, каб захаваць творчую спадчыну майстра, яго «драўляны люд».