Ліпень – месяц актыўнага турызму. У Беларусі праходзіць ён не проста насычана і ажыўлена, а з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. Бо гэта не проста турызм, а стыль жыцця, які дазваляе спалучаць адпачынак з фізічнай актыўнасцю, прыгодамі і новымі адкрыццямі.

Вылучаюць наступныя віды актыўнага турызму: пешаходны, водны,  веласіпедны, лыжны і горны турызм. Асноўная іх мэта – не толькі адпачынак, але і атрыманне новых эмоцый, паляпшэнне фізічнай формы і ўмацаванне здароўя.

Пешыя паходы – адзін з самых даступных і папулярных відаў актыўнага турызму. Гэта як аднадзённыя паходы па маляўнічых мясцiнах, так і шматдзённыя – з начлегам у палатцы. Такія падарожжы дазваляюць атрымаць асалоду ад прыгажосцi прыроды, даследаваць запаветныя і цяжкадаступныя мясціны  і праверыць сябе на вынослівасць.

Велавандроўкi – выдатны спосаб вывучаць новыя гарызонты, спалучаючы актыўны адпачынак з фізічнай нагрузкай. Веламаршруты могуць праходзіць як па гарадскіх вуліцах, так і па маляўнічых сельскіх дарогах і лясах. Такі варыянт падыходзіць для людзей любога ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі.

Водны турызм уключае ў сябе каякiнг, рафтынг, дайвінг, віндсёрфінг і іншыя віды актыўнага адпачынку на вадзе, з дапамогай якіх можна выпрабаваць сябе на спрыт і атрымаць пазітыўныя эмоцыі.

Лыжныя туры і сноўбордынг асабліва папулярныя ў зімовы перыяд, калі можна палюбавацца прыгажосцю заснежаных гор. Горныя ўзыходжанні і альпінізм патрабуюць добрай фізічнай падрыхтоўкі і спецыяльнага рыштунку, але пры гэтым даюць адрэналін ад заваявання вяршыняў.

Актыўны турызм звязаны з наведваннем некранутых куткоў прыроды, азёр, рэк, нацыянальных паркаў. Гэта ідэальны варыянт для тых, хто прагне прыгод, адкрыццяў і, наогул, жадае актыўна пазнаваць свет, а не статычна назіраць за ім. Наяўнасць узроўняў складанасці дазваляе далучыцца да падарожжа не толькі спартсменам і дасведчаным турыстам, але і сем'ям з дзецьмі. Праўда, для многіх відаў актыўнага турызму патрэбны пэўныя навыкі, напрыклад, для каякiнга, сплаву на байдарках, веласіпедных тураў.

У Беларусі больш за 250 веласіпедных, пешых і водных маршрутаў! З кожным годам іх колькасць расце. Гэта станоўча ўплывае на турыстычную прывабнасць нашай краіны. Напрыклад, толькі летась Беларусь наведала больш за 5 мільёнаў турыстаў. Госці не толькі знаёмяцца са знакавымі славутасцямі, яе традыцыямі і культурай: апошнім часам усё часцей аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку, адпраўляючыся ў велавандроўку па краіне.

Тут варта адзначыць, што вялікую работу праводзяць мясцовыя органы выканаўчай улады, і ўсё больш уключаюцца ў гэты працэс арганізацыі недзяржаўнай формы ўласнасці. Дзякуючы гэтаму з'яўляюцца новыя турыстычныя маршруты, у тым ліку і для велападарожнікаў. Трасы маркіруюцца, усталёўваюцца карт-схемы, розныя навігацыйныя элементы.

У нашым тэлеграм-канале мы сабралі самыя цікавыя веламаршруты па кожным рэгіёне Беларусі. У тыдзень воднага турызму штодня публікуецца падборка найбольш дзіўных маршрутаў для водных сплаваў. І зусім хутка з'явяцца маршруты для неверагодных пешых падарожжаў. Заставайцеся з намі – будзьце ў курсе актуальных падзей.