Набрацца сіл ад прыроды і акунуцца ў беларускія традыцыі ў спалучэнні з экзотыкай — такую магчымасць дае адна з найстарэйшых аграсядзіб нашай краіны «Верас». Яна прыйдзецца даспадобы і вялікім вясёлым кампаніям, і стомленым гараджанам, якія шукаюць зацішак і спакой.

Сядзіба размешчана ў вёсцы Казловічы Зэльвенскага раёна. Гэта выдатнае месца для адпачынку ад гарадской мітусні і далучэння да прыроды. «Верас» — адна сярод самых буйных і запатрабаваных сядзіб, якая карыстаецца папулярнасцю не толькі ў беларусаў, але і ў замежных турыстаў. А пачалася яе гісторыя больш за 20 гадоў таму. Уладальнікаў Міхаіла і Ірыну Макей лічаць першапраходцамі аграэкатурызму ў нашай краіне. Сямейная пара прызнаецца: радаваць людзей — найвялікшае задавальненне для іх. Менавіта таму сям’я прысвяціла значную частку жыцця гэтай справе і працягвае рупліва працаваць штодня. Завітайце ў «Верас» — і ўпэўніцеся, што іх намаганні не пустыя: іх уладанні ўражваюць хараством. Недарма падарожнікі празвалі гэта месца беларускім раем.

Агроэкоусадьба «Верес»

Вясковы спакой з гарадскім камфортам

Гаспадары запрашаюць адпачыць ад гарадской мітусні не выходзячы з зоны камфорту. Сядзіба абсталявана неабходнай бытавой тэхнікай і санвузламі, а на ніжнім ярусе доміка фермера размешчана невялічкая лазня з басейнам. Трохпавярховы дом можа змясціць да 14 гасцей. Вандроўнікам таксама прапануюць асобныя апартаменты. Інтэр’ер кожнага пакоя створаны з любоўю і ўвагай да дробязей. Утульная прастора напоўнена рукадзельнымі ўпрыгажэннямі і старадаўнімі прадметамі побыту, якія ствараюць атмасферу мінулых часоў.

Зялёная фішка сядзібы

Ідэальным месцам для шпацыраў і фотасесій стане вялікі дэндрапарк з маляўнічымі ставамі. Намаганнямі гаспадароў літаральна ў чыстым полі з’явілася зялёная славутасць. Там пасаджана больш за 250 відаў дрэў і кустоў. Сярод іх нямала экзатычных. Чароўнасці парку дадаюць арыгінальныя арт-аб’екты з металу, створаныя мясцовым кавалём. Акрамя таго, вы сустрэнеце незвычайных суседзяў: па тэрыторыі разгульваюць паўліны і фазаны. А лужок, што патанае ў кветках, карыстаецца папулярнасцю ў маладых як прастора для выязной рэгістрацыі шлюбу.

Агроэкоусадьба «Верес»

Аматараў рыбалкі парадуе вялікае возера, дзе водзяцца карп, карась, белы амур, таўсталобік, акунь. Выдатны ўлоў гарантаваны. Не засумуюць у сядзібе і дзеці. У распараджэнні маленькіх наведвальнікаў мноства куточкаў для рухомых гульняў, вялізны казачны карабель і нават своеасаблівы дамашні заапарк, дзе жывуць авечкі і іншыя жывёлы.

Пачастункі ў традыцыйным стылі

Пакаштаваць разнастайныя стравы нацыянальнай кухні гасцям прапануюць у карчме, аформленай у традыцыйным беларускім стылі. Тут падаюць ласункі па старадаўніх рэцэптах з экалагічна чыстых фермерскіх прадуктаў. Яркім смакам здзівяць як знаёмыя ўсім дранікі, калдуны, бульбяная каўбаса, бужаніна, аўсяны кісель, так і фірмовая страва гаспадыні Ірыны Макей — «Пянёк з Леснічоўкі».

Агроэкоусадьба «Верес»

Карчма з гістарычным антуражам – выдатнае месца і для правядзення невялікіх урачыстасцей. На маштабныя ж банкеты разлічана зала паляўнічага, здольная змясціць каля сотні персон. Прафесійны кухар падрыхтуе дасканалае меню для вашага свята. Вяселлі, дні нараджэння, дзелавыя мерапрыемствы — ва ўлонні прыроды можна незабыўна адзначыць найважнейшыя падзеі.

Магчымасці для аматараў гісторыі

Госці могуць не толькі атрымаць асалоду ад яднання з прыродай, але і пазнаёміцца з багатай гісторыка-культурнай спадчынай. У ваколіцах размясцілася нямала архітэктурных славутасцей. Усяго за шэсць кіламетраў ад сядзібы ўзвышаецца знакамітая Сынкавіцкая царква-крэпасць. Таксама пастаяльцам дапамогуць арганізаваць паездку ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і Палац Сапегаў у Ружанах.

А мы вам нагадваем, што ў Беларусі нямала прыгожых, цікавых і атмасферных аграэкасядзіб. Калі вы раней адпачывалі ў «Верасе», вам прыйдуцца даспадобы «Спадчына» (Бярэзінскі раён), «Чэрнеўскі маёнтак» (Барысаўскі раён), «Каляндра» (Баранавіцкі раён) , «Буслянка» (Драгічынскі раён), «Духмяны сад» Мсціслаўскі раён, «Каралінскі фальварак Тызенгаўза» Гродзенскі раен, «Каля Немана» Іўеўскі раён, «Тураускiя краявiды» Жыткавіцкі раён, агроэкоусадьба «Чароўныя конi» Віцебскі раён.