Музеі — важныя пункты прыцягнення для аматараў гісторыка-культурнага турызму. Якія скарбніцы Беларусі варта наведаць? Прапануем цікавыя варыянты.

Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча

Віцебск — месца сілы многіх знакамітых майстроў жывапісу. Адметна, што ў горадзе над Дзвіной адкрылася першая ў Беларусі дзяржаўная ўстанова, дзе рыхтавалі прафесійных мастакоў. У 1918 годзе па ініцыятыве Марка Шагала там пачало працаваць вучылішча, адкуль пазней вышлі многія вядомыя творцы. Сярод іх Заір Азгур, Лазар Хідэкель, Ілья Чашнік, Віталь Цвірка, Мікалай Суецін. Менавіта ў гэтай установе зарадзілася вядомае на ўвесь свет аб’яднанне УНОВІС на чале з Казімірам Малевічам.

У будынку, дзе працавалі і вучыліся зоркі мастацтва, сёння працуе музей. Экспазіцыя расказвае пра культурнае жыццё Віцебска на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і вучылішча, аб выкладчыках і навучэнцах. Інтэр’ер адноўлены па старых планах, а сучасныя тэхналогіі дазваляюць літаральна вярнуцца ў мінулае і нават паразмаўляць з майстрамі.

Музей истории Витебского народного художественного училища

Музей Беларускага Палесся ў Пінску

Адзін з найстарэйшых у нашай краіне музей валодае даволі ўнушальнай калекцыяй, якой пазайздросцяць многія скарбніцы. Сярод іншага, там захоўваецца пячатка князя Ізяслава ХІ стагоддзя, перавыданне Трэцяга статута ВКЛ на польскай мове, карціны легендарных беларускіх і замежных мастакоў.

Музей размясціўся ў будынку былога калегіума езуітаў, узведзеным у XVII стагоддзі. Экспазіцыя распавядае аб гісторыі Піншчыны са старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя, промыслах і рамёствах, гарадскім побыце, Вялікай Айчыннай вайне.

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі

Гэты музей адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі. Яго экспазіцыя знаёміць з архаічнымі вераваннямі, хрысціянскімі канфесіямі, ісламам і іўдаізмам. Асобны раздзел прысвечаны першадрукару Францыску Скарыну. У калекцыі музея ёсць мноства рарытэтаў, сярод якіх абразы, старадрукаваныя кнігі і рукапісы, жывапіс і графіка, прадметы побыту і культу.

Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі размешчаны ў былым палацы, якім у розныя часы валодалі прадстаўнікі знакамітых шляхецкіх родаў. Напрыклад, адным з гаспадароў быў гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз.

Гродненский государственный музей истории религий

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава

Экспазіцыя прысвечана спадчыне праваслаўнай беларускай вёкі і стараабрадніцкай Веткі. Тканыя ручнікі і строі, абразы і кнігі, прадметы побыту — усе гэтыя каштоўнасці дапамагаюць зразумець, як складвалася культура рэгіёна і як на гэтай зямлі перапляталіся розныя традыцыі. Аснову калекцыі ў мінулым стагоддзі заклаў мясцовы самадзейны мастак Фёдар Шкляраў. Асаблівы гонар збору — унікальныя іконы, якія спалучаюць у сабе рысы розных накірункаў мастацтва. А калекцыя ручнікоў і народных касцюмаў Веткаўскага музея налічвае больш за 1800 прадметаў.

Ветковский музей старообрядчества и белорусских традиций имени Шклярова

Івянецкі музей традыцыйнай культуры

На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Івянец называлі сталіцай ганчарства. У той час у мястэчку працавала каля двух дзясяткаў майстэрняў. Іх прадукцыя адметная незвычайным дэкорам. Рамеснікі наносілі на сырую гліну пігменты і расчэсвалі фарбу адмысловымі грабеньчыкамі. Падрабязна пра асаблівасці мясцовай керамікі расказвае тэматычны раздзел экспазіцыі. Вы ўбачыце разнастайны посуд ручной работы, пячную кафлю, свістулькі.

Таксама ў музеі можна далучыцца да творчай спадчыны народнага майстра Апалінарыя Пупко і даведацца пра іншых вядомых жыхароў краю. Пры ўстанове працуюць майстэрні па ткацтве, ганчарстве, кавальстве і апрацоўцы дрэва.

Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей

У гэтых краях здаўна было распаўсюджана шапавальства — унікальнае рамяство. Традыцыя прызнана нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю Беларусі. Пазнаёміцца з гэтым промыслам і нават паспрабаваць самім вырабіць валёнкі можна наведаўшы Дрыбінскі музей.

Увазе гасцей — працоўныя інструменты майстроў-шапавалаў і вырабы з воўны: валёнкі, шапкі-магеркі і рукавіцы. Акрамя таго, экспазіцыя расказвае пра іншыя промыслы і рамёствы: дрэваапрацоўку, пляценне, кавальства, ганчарства, пчалярства, рыбалоўства, апрацоўку льну і канапель.