У гэтым заказніку жыве палова ўсіх відаў соў, якія жывуць у Беларусі, і паназіраць за імі сюды прыязджаюць турысты. Часцей за ўсё тут сустракаецца вушастая сава, якая менш баіцца людзей. Але самая «жаданая» птушка – гэта барадатая няясыць, з размахам крылаў паўтара метра, а яна сама дасягае да 80 сантыметраў у даўжыню!
Але не толькі соў тут назіраюць турысты: у заказніку яшчэ жывуць цецерукі, глушцы, падворлікі, дупелі і грыцукі. Для таго, каб іх убачыць, вандроўнікі прыязджаюць на спецыяльна абсталяваныя месцы, дзе і займаюцца фотапаляваннем.
Акрамя таго, тут жывуць бабры, кабаны, казулі, выдры і нават рысі. Усе прагулкі праводзяцца ў суправаджэнні супрацоўніка заказніка і пасля падачы папярэдняй заяўкі, што таксама варта трымаць у памяці пры планаванні паездкі.
Сайт: https://www.vygon.by/
Нарач – гэта не адзінае возера ў нацыянальным парку «Нарачанскі», таму калі вы сюды прыехалі, то варта зазірнуць і на Блакітныя Азёры. Яны знаходзяцца на тэрыторыі заказніка, таму паглядзець на іх можна толькі ў дазволеных месцах. А гэтыя месцы знаходзяцца па шляху руху экасцежкі.
Сама экасцежка пачынаецца каля вёскі Альшэва, і ісці па ёй можна 4 ці 7 кіламетраў – у залежнасці ад таго, як шмат вы хочаце ўбачыць і на колькі хопіць вашай фізічнай падрыхтоўкі.
Уздоўж сцежкі ёсць месцы для адпачынку, лавы і альтанкі, так што турысты заўсёды могуць зрабіць перапынак на працягу сваёй прагулкі. А яшчэ тут сустракаюцца ласі, таму ўражваць турыстаў будуць не толькі пейзажы, але і насельнікі дзікай прыроды!
Сайт: https://narochpark.by/
Калі пешыя туры вам не падабаюцца, але прыроду хочацца паглядзець, то да вашых паслуг – конная прагулка «Лясныя Таямніцы»! Яе можна здзейсніць у нацыянальным парку «Бярэзінскі». Асаблівасць тура «Лясныя Таямніцы» ў тым, што тут турысты не толькі атрымліваюць асалоду ад прыгажосці прыроды, але і наведваюць помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Маршрут разлічаны на 1 ці 2 дні.
Калі вы жадаеце навучыцца верхавой яздзе, то ў «Бярэзінскім» вам прапануюць тыднёвы тур «Ход канём». У гэтым туры вы зразумееце, як узаемадзейнічаць з канём, і яшчэ больш акунуцца ў прыгажосць некранутай прыроды запаведніка. У праграму тура ўключана пражыванне, сняданкі і абеды ў гасцінічным комплексе «Сургуч», а таксама за дадатковую плату госці карыстаюцца паслугамі лазні і гуляюць у більярд.
Сайт: https://www.berezinsky.by/
Экалагічны турызм адметны тым, што турысты атрымліваюць асалоду ад практычна некранутай прыроды. Гэта дазваляе ўбачыць натуральную прыгажосць нашай краіны, якая стваралася доўгія гады і якую не ўзнавіць штучна. Таму кожная такая мясціна па-свойму ўнікальная і яе варта ўбачыць на свае вочы.
Цікавасць да такіх месцаў матывуе захоўваць і берагчы іх, таму часцей наведвайце прыродныя цікавосткі нашай краіны і будзьце адказнымі турыстамі! Працягвайце вывучаць магчымасці для падарожжаў па Беларусі разам з Belarus Travel!