Айчынны кінематограф сёлета адзначае 100-годдзе. Чым не нагода зазірнуць у Музей гісторыі беларускага кіно? Распавядаем, чаму варта наведаць гэтае месца.
Музей заснавалі больш за паўстагоддзя таму пры кінастудыі «Беларусьфільм». Ён збіраў і зберагаў найбольш каштоўныя матэрыялы пра развіццё экраннага мастацтва ў нашай краіне. Некаторы час установа працавала на айчыннай «кінафабрыцы». З 2002 года багатая калекцыя стала даступная ўсім жадаючым. Музей размясціўся ў трохпавярховым будынку першай паловы ХХ стагоддзя недалёка ад плошчы Незалежнасці.
Дзе з’явіліся першыя кінатэатры на тэрыторыі Беларусі? Як ствараліся самыя вядомыя фільмы? Якія моманты застаюцца па-за кадрам? Усе сакрэты кінавытворчасці і самыя цікавыя факты з гісторыі вы даведаецеся з экспазіцыі.
Асаблівая ўвага нададзена легендарным рэжысёрам, якія стаялі ля вытокаў беларускага кіно. Юрый Тарыч зняў першы айчынны мастацкі фільм «Лясная быль» паводле аповесці «Свінапас» Міхася Чарота. Уладзімір Корш-Саблін таксама лічыцца адным з піянераў беларускага кіно. Ён пачынаў свой шлях асістэнтам Юрыя Тарыча, а пазней стаў мастацкім кіраўніком нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Экспазіцыя ўключае рарытэтную тэхніку для здымак, мантажу і дэманстрацыі, касцюмы, эскізы дэкарацый, фатаграфіі, сцэнарыі. Напрыклад, наведвальнікі могуць пабачыць прадметы, што належалі Віктару Тураву, Міхаілу Пташуку і іншым легендам беларускага мастацтва.
Асаблівы гонар калекцыі — плакаты да айчынных кінастужак. Самыя раннія датаваныя 1920-мі гадамі. У тыя часы над афішамі працавалі многія праслаўленыя мастакі і дызайнеры. Яны не проста малявалі найбольш эфектныя кінакадры, а выконвалі арыгінальныя творы нібы сапраўдныя жывапісныя шэдэўры. Ёсць у зборы музея і плакаты да першага беларускага фільма «Лясная быль». Каб сабраць такую ўнушальную[1] калекцыю, супрацоўнікам давялося больш за 15 гадоў весці пошукі ў архівах.
У асобнай зале, аформленай як рэтра-кінатэатр, праходзяць паказы фільмаў з залатога фонду. Убачыць карціны можна не толькі падчас рэтраспектыў да юбілеяў вядомых кінематаграфістаў і тэматычных праграм, але і па індывідуальнай замове.
Да юбілейнай даты музей змяняе аблічча. Цалкам маштаб рэканструкцыі можна будзе ацаніць напрыканцы года.