Паразмаўляць на мове прыроды і гісторыі, уразіцца сапраўднай барацьбой, раскрыць сакрэты мінулага, убачыць карыкатурных класікаў, наведаць стэндап...

Як вы думаеце, пра што ідзе гаворка? Вядома ж, гэта «Ноч музеяў 2024», якая пройдзе 18 мая!

Музеі даўно перасталі быць сумнымі адукацыйнымі ўстановамі. Сёння туды цягнецца моладзь – за эмоцыямі, уражаннямі, ведамі.

Як музеі падтрымліваюць гэты інтарэс? Наведвальнікам прапануюць прыняць удзел у квэстах, квізах, канцэртах. Толькі акцыя ноч музеяў – гэта нешта асаблівае. Да гэтага мерапрыемства музеі рыхтуюцца ўвесь год, прыдумляюць неверагодную праграму, якая запрашае гасцей толькі падчас адной ночы у годзе.

На гэты раз тэма мерапрыемстваў асаблівая: «Музеі: адукацыя і даследаванні». Афіша ночы музеяў у Мінску стракаціць цікавымі падзеямі. Давайце паглядзім, што падрыхтавалі рэгіёны Беларусі!

Ноч музеяў: лепшае

Брэсцкая вобласць

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей

вул. К. Маркса, 60, г. Брэст

«Ад мовы прыроды да мовы гісторыі»

Вас чакаюць таямніцы, незвычайныя падзеі, сустрэчы, сюрпрызы і яркія ўражанні. Вы зможаце пачуць гукі прыроды, лексікон розных гістарычных эпох, наведаць музейны стэндап, паўдзельнічаць у тэлемосце з Дзяржаўным Лермантаўскiм музеем-запаведнікам «Тарханы», выйграць прызы ў квэстах, віктарынах, конкурсе прыпевак. І гэта далёка не ўсё!

Віцебская вобласць

Музей-сядзіба I. Рэпіна «Здраўнёва»

вул. Калініна, 22, г. Віцебск

«Ноч музеяў у Здраўнёве»

Будзе цікава, музычна і феерычна. Вас чакае вогненнае шоу, знакамітая здраўнёўская гарбата на травах, сядзібная сачавічная поліўка, касцюміраванае фотаатэлье, шоу «Славяна-гарыцкая барацьба», кірмаш рамеснікаў! Прыходзьце ў музей «Здраўнёва» з сям'ёй і сябрамі. Спадабаецца ўсім!

Гомельская вобласць

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (цэнтральная частка палаца Румянцавых і Паскевічаў)

пл. Леніна, 4, г. Гомель

«Сон у майскую ноч»

Сёлета палац здзівіць сваіх наведвальнікаў тэатралізаваным перформансам, пластычным спектаклем, майстар-класамі, гульнямі, загадкамі, крыптаграмамі і нават тлумачэннем сноў.

Гродзенская вобласць

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

вул. Замкавая, 20, г. Гродна

«Чароўныя гісторыі. Ноч у музеі»

У праграме ночы : канцэрт, інтэрактыўныя пляцоўкі і зоны, квэсты, віктарыны, святочны салют.

Магілёўская вобласць

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. Масленікава

вул. Міронава, 33, г. Магілёў

«Арт-выпраменьванне»

Праграма гэтага года здзівіць персаніфікаванымі вобразамі, займальным падарожжам-даследаваннем і майстар-класамі. Вы зможаце раскрыць сакрэты мінулага і паўдзельнічаць у інтэрактыўным перформансе.

Мінск

Нацыянальны мастацкі музей

вул. Леніна, 20, г. Мінск

«Траекторыя святла-85»

Мастацкі музей сёлета прапануе шырокую праграму ў гонар свайго юбілею. Запланаваны інтэрактыўныя пляцоўкі і лакацыі, квэсты, выстава рэтрааўтамабіляў, фотазоны, фотабудка. Пройдуць майстар-класы па скетчынгу, лінагравюры, выцінанцы, роспісе шопераў. Адбудуцца імерсіўныя паказы ад Kiro Richen Atelier і тэатра танца Motion Dance, лазернае шоу «Мастацкаму – 85», канцэрт-флэшмоб хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа

вул. Акадэмічная, 5, г. Мінск

«Кола(с) часу: час падарункаў»

У гэтым годзе музею спаўняецца 65 гадоў! І ён робіць сваім наведвальнікам сапраўдны падарунак. Вас чакаюць літаратурнае чаяванне, выстава «Карыкатуры на класікаў», дэгустацыйная майстэрня «Зёлка-Пчолка», спектаклі, выстава-прэзентацыя Opel Olympia, аналага першага пасляваеннага аўтамабіля Якуба Коласа, творчыя і музычныя майстар-класы, а таксама начная квэст-экскурсія па музеі. Музей Коласа чакае вас!

Музей «Дом Ваньковічаў»

вул. Інтэрнацыянальная, 33А, г. Мінск

«Паралелі часу»

У гэтым музеі вы трапіце ў свет моды першай паловы XIX стагоддзя і праз квэст адшукаеце мінулае. Таксама вас чакаюць сюжэтна-гульнявая праграма «Мова веера», музычная праграма «Свецкая музыка», арыстакратычная гульня XIX стагоддзя «Флірт кветак», інтэрактыўны перформанс ад плэйбэк-тэатра «Свой дах».

Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы

вул. Я. Купалы, 4, г. Мінск

"∞ х 10 = ? "

І яшчэ адзін юбіляр, якому спаўняецца 80 гадоў! На музейным квізе вы зможаце праверыць, наколькі добра ведаеце Янку Купалу, яго творчасць і музей. Станеце ўдзельнікам інтэрактыўнай праграмы з унікальнымі экспанатамі, музейнымі таямніцамі і нават зможаце атрымаць падарунак ад юбіляра. А яшчэ музей Купалы падрыхтаваў прыемны бонус: вас чакае фольк-дыскатэка ад гурта «Aratseya».