У XIX стагоддзі большую частку Бабруйска, каля 70 працэнтаў, складалі яўрэі. У горадзе налічвалася 42 сінагогі, за што яго празвалі горадам 40 сінагог. Дарэчы, жыхары гаварылі на ідышы і не абыходзіліся без анекдотаў.
У цяперашні час у Бабруйску дзейнічае толькі адзін яўрэйскі храм. Будынак сінагогі размяшчаецца ў гістарычным цэнтры горада па суседстве з іншымі славутасцямі, уключанымі ў экскурсіі і пешаходныя прагулкі. Гісторыя аб'екта няпростая: спачатку сінагога належала яўрэям, але ў 30-х гадах мінулага стагоддзя яе зачынілі, арганізаваўшы там ваенны склад, а затым – атэлье. І толькі ў 2002-м вярнулі яўрэйскай абшчыне.
З моманту адраджэння сінагогу наведалі больш за 100 тысяч чалавек з краін Еўропы, блізкага і далёкага замежжа. Адна з прычын: у малітоўнай зале захоўваецца вельмі рэдкая свяшчэнная яўрэйская кніга – Тора і прывезены для яе з Украіны вытанчаны каўчэг.
Яўрэйскую святыню прывёў у парадак новы рабін Шауль Хабабо, які прыбыў у Бабруйск разам са сваёй сям'ёй з Ізраіля. Рэстаўрацыйныя работы яшчэ працягваюцца, але храм ужо адкрыты для вернікаў. Акрамя малітоўнай залы ў сінагозе дзейнічае дабрачынная сталовая і дзіцячы пакой. У планах рабіна –адкрыццё музея яўрэйскай культуры і традыцый.