Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў – дыпламант ХХІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь-2023».
Гэты выдатны архітэктурны комплекс, размешчаны ў самым сэрцы Гомеля, уяўляе сабой унікальнае спалучэнне гісторыі, культуры і архітэктуры і прыцягвае беларускіх і замежных турыстаў і даследчыкаў. Выяву палаца ведае кожны беларус – яе можна знайсці на грашовай купюры ў 20 тыс. беларускіх рублёў 2000 г.в. і 20 беларускіх рублёў 2009 г.в.
Комплекс складаецца з шасці асноўных аб'ектаў: палац, Петрапаўлаўскі сабор, капліца-пахавальня князёў Паскевічаў, адміністрацыйны будынак, «зімовы сад», назіральная вежа і старадаўні парк, які з'яўляецца неад'емнай часткай ансамбля.
Цэнтральным аб'ектам ансамбля з'яўляецца палац – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Гэта двухпавярховы будынак, на першым паверсе якога размяшчаліся залы для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, на другім – жылыя пакоі ўладальнікаў, а на цокальным – гаспадарчыя памяшканні. Архітэктурны стыль палаца спалучае ў сабе элементы класіцызму і барока, што робіць яго прывабным для аматараў архітэктуры і гісторыі.
Гісторыя палаца пачынаецца ў канцы XVIII стагоддзя, калі Кацярына II, у знак прызнання заслуг генерал-фельдмаршала П.А. Румянцава-Задунайскага ў вайне з Турцыяй, падарыла яму Гомель. Гэта падзея стала адпраўной кропкай для стварэння пышнага палацава-паркавага ансамбля, які пасля ператварыўся з рэзідэнцыі ў культурны цэнтр рэгіёну.
У 1834 годзе новым уладальнікам стаў генерал-фельдмаршал I.Ф. Паскевіч, які працягнуў развіццё комплексу, дадаючы новыя элементы і паляпшаючы існуючыя. Па яго запрашэнні ў Гомель прыязджае архітэктар з Варшавы Адам Ідзкоўскі для рэканструкцыі палаца. Тады ж з'явілася 4-павярховая вежа вышынёй 32 метры, якая ў пачатку XIX ст. стала асабістай рэзідэнцыяй князя. Зараз там захоўваецца калекцыя жывапісу, падарункі расійскіх імператараў сям'і Паскевічаў, а таксама асабістыя рэчы ўладальніка.
Палац неаднаразова прымаў членаў імператарскай сям'і Раманавых, што сведчыць аб яго высокім статусе і значнасці. Апошняй уладальніцай комплексу была княгіня Ірына Паскевіч, вядомая мецэнат і перакладчык, – аўтар першага перакладу рамана Льва Талстога «Вайна і мір» на французскую мову.
На працягу сваёй доўгай гісторыі комплекс неаднразова падвяргаўся разбурэнням і аднаўленню. Найбольшы ўрон быў нанесены падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны ў розныя часы ў палацы размяшчаліся тэлефонная станцыя, бібліятэка, лялечны тэатр і Палац піянераў.
Калекцыя музея, які адкрыўся ў палацы пасля Вялікай Айчыннай вайны, налічвае больш за 260 тыс. экспанатаў, уключаючы асабістыя рэчы сям'і Паскевічаў, манеты, кнігі, прадметы культу. Археалагічная калекцыя ўключае прадметы з раскопак ля вёсак Бердыж і Юравічы – самых вядомых стаянак старажытнага чалавека ў рэспубліцы.
Сёння палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў з'яўляецца не толькі важным гістарычным і культурным аб'ектам, але і цэнтрам турыстычнай прывабнасці Гомеля. Тут праводзяцца экскурсіі, майстар-класы і адукацыйныя праграмы, якія дазваляюць наведвальнікам глыбей даведацца пра гісторыю і культуру Беларусі. Дзякуючы сваёй унікальнай архітэктуры і багатай гісторыі, гэты комплекс натхняе і прыцягвае людзей, з’яўляючыся неад'емнай часткай культурнай спадчыны краіны.