Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса з 1991 года ўваходзіць у лік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Сад быў заснаваны напачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя з мэтай вывучэння каштоўных дэкаратыўных драўняных парод, а сёння гэта не толькі помнік прыроды, але і, мабыць, самае папулярнае месца для прагулак і адпачынку сярод мясцовага насельніцтва і турыстаў.

Глыбоцкі дэндралагічны сад

Ідэя стварэння ўзнікла ў інжынера па лясных культурах і вялікага энтузіяста Віктара Антонавіча Ламакі, які на той момант ужо 25 гадоў прапрацаваў у лясгасе, пачынаючы з 1946 года. Асноўнай задумай стварэння дэндрарыя, як своеасаблівай лабараторыі, Ламака лічыў магчымасць праверыць, ці атрымаецца на поўначы Беларусі вырошчваць тэхнічна каштоўныя і дэкаратыўныя дрэвы і кусты з іншых кантынентаў для ўкаранення іх у лясную гаспадарку і азеляненне. 

Глыбоцкі дэндралагічны сад

Праектаванне і закладка дэндралагічнага саду ажыццяўлялася ў некалькі этапаў. Пачалі з пошуку патрэбнай пляцоўкі, з умовай зручнага да яе пад'езда. Выбар спыніўся на невялікай пляцоўцы ў вёсцы Арэхаўна.

І ўжо вясной 1963 года работнікі лясгаса з трапятаннем узяліся за першыя планавыя пасадкі дрэваў і кустоў. Тады было высаджана 134 віды раслін, якія і на сённяшні дзень з'яўляюцца найкаштоўнейшым фондам дэндралагічнай калекцыі.

Глыбоцкі дэндралагічны сад

На тэрыторыі 8,2 га былі разбітыя разнастайныя пейзажныя прасторы: раўніны, узгоркі, забалочаныя нізіны і лужкі. Тут высаджана звыш тысячы экзэмпляраў драўняна-кустовых парод 504 відаў. Шматлікія расліны былі прывезены з розных краін і кантынентаў: з Паўночнай Амерыкі, краін Далёкага Усходу, Кітая і Японіі, а таксама з паўднёвых раёнаў Еўропы. Шматгадовая руплівая праца даказала, што ўзоры дрэваў розных кліматычных зон здольныя расці ў Беларусі. Калекцыю дэндралагічнага саду ўжо праэкзаменавалі маразы і засухі. Не ўсе перасяленцы змаглі перанесці іх, але тыя, што выжылі, атрымалі на Глыбоччыне пастаянную і трывалую прапіску.

Сёння Дэндралагічны сад гатовы круглы год сустракаць наведвальнікаў і з гонарам дэманстраваць ім свае скарбы. Многія з тых, хто пабываў у гэтым цудоўным месцы ўвесну, вяртаюцца сюды ўлетку, прыязджаюць увосень і зімой. Кожная пара года па-свойму мяняе гэты чароўны куток. Тут у кожнай кветачцы, кожнай травінцы адчуваецца такая простая і вялікая гармонія прыроды. Адметна, што ў садзе няма ні асфальтаваных, ні бетонных дарожак. Вы паглыбляецеся ў некранутую прыроду і гуляеце па пратаптаных сцяжынках сярод рабінавых, туевых, яловых, каштанавых і кляновых алей. Велічна агінаюць гэту прыродную архітэктуру бардзюры кустоў з такім клопатам і любоўю падстрыжаныя ў мудрагелістыя формы. А кроны велічных шматметровых дрэваў клапатліва хаваюць наведвальнікаў саду ад спякоты і праліўнога дажджу.

Глыбоцкі дэндралагічны сад

Штучныя вадаёмы, якія непаўторна ажыўляюць ландшафт, размясціліся ў нізінных месцах дэндрасаду. Асаблівы шарм краявіду дадае і невялікая альпійская горка з утульнай маленькай альтанкай. 

Гэта месца па праве з'яўляецца абавязковым для турыстычных маршрутаў і праграм, тут ладзяць свае з'езды навукоўцы-батанікі і абаронцы навакольнага асяроддзя. Таксама дэндралагічны сад стаў любімым месцам для памятных фатаграфій маладых. 

На тэрыторыі самога дэндрасаду забаронена ладзіць пікнікі, але затое за межамі, літаральна за некалькі крокаў, глыбоцкім лясгасам арганізаваныя шматлікія альтанкі для адпачынку і гатавання шашлыкоў. Чыстае паветра, прыгажосць і дагледжанасць тутэйшых месцаў не пакіне абыякавым нават самага бывалага падарожніка!