Прапануем унікальную падборку маршрутаў для пешага падарожжа. Мы знайшлі ўнікальныя і цікавыя аб'екты ў кожным рэгіёне. Не праходзьце міма!
Брэсцкая вобласць раіць наведаць экасцежку «Дакудава». Яна праходзіць праз лясы, асушанае балота і вальеры з дзікімі жывёламі. І гэта не адзіны цікавы маршрут на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Яшчэ можна адправіцца ў квэст-паход па заказніку «Званец» і акунуцца ў свет дзікай прыроды, дзе трыснёг суседнічае з архідэяй, рэдкая птушка – вяртлявая чаротаўка – жыве на адной тэрыторыі з павуком-асой, буразубкай і ваўкамі. А мясцовыя бабры часам падзарабляюць сантэхнікамі і «перакрываюць» ваду. Увогуле, ёсць што паглядзець і адзначыць у падарожжы па нізінным балоце.
Віцебская вобласць зацягвае ў свет містычных балот. Ландшафтны заказнік «Ельня» сустрэне гасцей мноствам азёр, унікальных жывёл і раслін. Ёсць як невялікая сцежка «Азяраўкі-Ельня», якая праходзіць па драўляным насціле праз балоты, так і працяглыя пешаходныя маршруты, каб атрымаць асалоду ад усёй неверагоднай прыгажосцi заказніка. Водна-пешы тур па Асвейскім заказніку заінтрыгуе загадкавым і незаселеным востравам Ду. Плошча яго даволі вялікая – за адзін дзень не абысці. На востраў можна патрапіць толькі на лодцы. Некранутая прырода, рэдкія расліны, спакой, адсутнасць інтэрнэту, сляды былой цывілізацыі – усё гэта стварае неверагодную атмасферу.
Гомельская вобласць, а дакладней Дзяржаўны ландшафтны заказнік «Мазырскія яры», здзіўляе беларускімі «Альпамі» з іх унікальнай прыродна-ландшафтнай экалагічнай сістэмай, дзікімі раслінамі, птушкамі і жывёламі, унесенымі ў Чырвоную кнігу. Яры, шмат'ярусныя грабяні лясоў, абрывы – дадаюць каларыт заказніку. Гэты прыгожы маршрут падыходзіць нават самым маленькім падарожнікам. Аматараў гарадскіх пейзажаў запрашае Тураў – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Ён адкрые таямніцы растучых каменных крыжоў і Замкавай гары, падорыць асалоду ад прастораў лугоў і прыгажосцi Прыпяці, захопіць архітэктурай і падорыць атмасферу ранняга Сярэднявечча.
Гродзеншчына здзівіць комплексам збудаванняў Марыянскай кальварыі. Знаходзіцца яна ў Астравецкім раёне і праходзіць уздоўж Віліі. Пачаць сваё падарожжа можна ў вёсцы Дубок, ад незвычайнага драўлянага храма, які адкрывае свае вароты толькі адзін раз у год. Яшчэ адзін займальны маршрут пачынаецца ў Ваўкавыску і ўключае ў сябе гісторыка-культурны комплекс з абсталяванай агляднай пляцоўкай, з якой адкрываюцца шыкоўныя панарамныя віды, прыродныя крыніцы, «беларускія Мальдывы», а таксама неверагодная прыгажосць прыроды.
Магілёўская вобласць пазнаёміць з гістарычнымі месцамі. Адно з такіх – заказнік «Астравы Дулебы». Асаблівую атмасферу стварае спалучэнне лясоў і балот, дзе водзяцца мядзведзі і рыс; абрысы партызанскіх зямлянак; закінуты ваенны палігон і возера. Сучасны аграгарадок Буйнічы ўразіць пышнасцю мемарыяльнага комплексу, размешчанага на Буйніцкім полі, дзе развеяны прах пісьменніка Канстанціна Сіманава. А праз дарогу – велізарны заасад і мост з вiдам на каньёны Ледніковага перыяду.
Мінская вобласць уражвае пешаходным маршрутам «Дарога цішыні». Ён праходзіць па тэрыторыі Валожынскага, Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў, уздоўж палёў, лясоў і яраў, паўпустых вёсачак і зачароўвае сваёй пышнасцю і цішынёй. Яшчэ адзін маляўнічы маршрут вядзе да возера Бяздоннае (Бяздонка). Пра яго ходзяць легенды, а мясцовыя нават лічаць яго ваду лячэбнай. Гэта ідэальнае месца для начлегу з песнямі ля вогнішча.
Мінск зачароўвае перапляценнем сучасных будынкаў і помнікаў архітэктуры з навакольнай прыгажосцю. Пачаць можна з прагулкі па Траецкім прадмесці і палюбавацца капліцай і скульптурай Анёла, якi плача, на Востраве Слёз. Далей адпраўляемся ў гістарычны цэнтр – Верхні горад – для знаёмства з рэлігійнымі помнікамі, архітэктурай і музеямі. Аматарам прыгожых краявідаў прыйдуцца даспадобы экасцежкі. Напрыклад, «Цна» – адна з самых вялікіх у межах горада, з двума кальцавымі маршрутамі, працягласцю 2,4 кіламетра. Праходзіць уздоўж Цнянскага вадасховішча.
Мы пазнаёміліся толькі з малой, але вельмі цікавай часткай пешых маршрутаў Беларусі. Кожны з іх заслугоўвае асаблівай увагі сваёй унікальнасцю, багаццем флоры і фауны і разнастайнасцю помнікаў архітэктуры. А ў кожным сезоне года можна знайсці нешта новае ва ўжо зведаным.
Больш ідэй для пешых падарожжаў: