Дзяржаўная ўстанова культуры «Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей» філіял «Красны Бераг» – пераможца ХХІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь – 2023» у намінацыі «Музей года». Паднамінацыя: «Раённыя (гарадскія) музеі».
Здзейсніць падарожжа ў ХІХ стагоддзе запрашае Красны Бераг. Папулярны пункт «Залатога кольца Гомельшчыны» прыцягвае ўсіх, хто марыць адчуць атмасферу дваранскага побыту і адпачыць у цені векавых дрэў.
Красны Бераг размешчаны за 20 км ад Жлобіна і 50 км ад Бабруйска. Туды можна дабрацца не толькі на аўтамабілі: некалькі разоў на дзень праз аграгарадок праходзіць цягнік, што звязвае Мінск і Гомель. І гэты шлях пераадолець мае сэнс! Старасвецкая сядзіба з дзівоснымі інтэр’ерамі, утульны парк і ўнікальны ваенны мемарыял – невялікі населены пункт багаты на славутасці і здольны стварыць моцнае ўражанне. Дасведчаныя экскурсаводы філіяла «Красны Бераг» Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея дапамогуць раскрыць усе таямніцы мястэчка.
Красны Бераг вядомы з першай паловы XVI стагоддзя. А знакамітую сядзібу заклаў вайсковы інжынер Міхаіл Гатоўскі, які набыў паселішча ў 1877 годзе. Пазней маёнтак перайшоў да яго дачкі Марыі і зяця Вікенція Козел-Паклеўскага. Іх галоўная рэзідэнцыя знаходзілася на Урале, аднак сям’я надавала нямала ўвагі і сваім беларускім уладанням. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў раскошных памяшканнях сядзібы размясцілася сельскагаспадарчае вучылішча. З 2015 года ў будынку працуе філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Пра былых уладальнікаў сёння нагадвае фамільны герб над уваходам у палац.
Двухпавярховы панскі дом, пабудаваны ў 1893 годзе, уражвае багатым дэкорам. Вежачкі, паяскі, мансардны дах – палац з чырвонай цэглы нярэдка параўноўваюць з казачным замкам. Гаспадары хацелі надаць свайму маёнтку непаўторны выгляд. Таму пецярбургскі дойлід Віктар Шрэтар прапанаваў мудрагелісты праект, у якім аб’яднаў элементы розных архітэктурных кірункаў. Напрыклад, гаргуллі на фасадах перабраліся з гатычнай эпохі, а адна з залаў аформлена ў арабскіх традыцыях. Усяго ж у інтэр’еры і экстэр’еры спалучаюцца больш за дзясятак стыляў.
Многія аздабленні ў палацы аўтэнтычныя. Да нашых дзён захаваліся арыгінальныя роспісы, ляпніна і разьба. Частка ўбранства адноўлена падчас маштабнай рэстаўрацыі. Кожны з 36 пакояў вылучаецца асаблівай аздобай. Інтэр’еры дапаўняюць старадаўняя мэбля і прадметы раскошы. Рупліва прадуманая экспазіцыя заглыбляе гасцей у атмасферу ХІХ стагоддзя, раскрывае дваранскія традыцыі. Усялякая дэталь – ці то чайны сервіз, ці то камінны гадзіннік альбо статуэткі – нясе ў сабе адбітак далёкіх часоў.
Акрамя сядзібнага дома, комплекс уключае флігель, гаспадарчыя пабудовы, былы спіртзавод. Тэрыторыю акружае агароджа з чырвонай цэглы з велічнай уязной брамай у неагатычным стылі.
Каля палаца раскінуўся маляўнічы парк, па плошчы супастаўны з пяццю футбольнымі палямі. Над яго праектам працаваў Францішак Шаніёр – адзін з самых запатрабаваных ландшафтных архітэктараў свайго часу. Майстар імкнуўся аднавіць натуральны пейзаж, які нагадваў бы куток дзікай прыроды. Чароўнасці гэтаму месцу дадалі пладовы сад, клумбы і ставы. І сёння вандроўнікі могуць прагуляцца ў цені векавых дрэў. Захаваліся пасаджаныя ў ХІХ стагоддзі яліны, лістоўніцы, дубы, каштаны. Побач растуць экзатычныя для нашага краю аксаміцістыя клёны, чырвоныя яліны і піхты. Праз зялёную зону працякае рака Добасна, уздоўж якой цягнецца звілістая сцяжынка. На воднай роўнядзі красуюцца белыя гарлачыкі. Гэтая рэдкая кветка занесена ў Чырвоную кнігу.
За кіламетр ад сядзібы Козел-Паклеўскіх знаходзіцца адзіны на постсавецкай прасторы мемарыял дзецям, які палі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым месцы дзейнічаў накапляльны пункт, дзе нацысты ўтрымлівалі адабраных у бацькоў хлопчыкаў і дзяўчат ад 8 да 14 гадоў, якіх выкарыстоўвалі як донараў крыві для параненых салдат вермахта. Па падліках гісторыкаў, у Германію адвезлі 1990 мясцовых дзяцей.
Наведвальнікаў комплексу сустракае бронзавая скульптура дзяўчынкі з узнятымі рукамі. За яе спінай размясціўся бязлюдны школьны клас з шэрагам белых пустых парт. На дошцы выгравіраваны тэкст ліста 15-гадовай Каці Сусанінай, які з няволі напісала бацьку. Пісьмо не дайшло да адрасата. Яго знайшлі ў 1944 годзе, калі дзяўчынкі ўжо не было сярод жывых. За школьнай дошкай разгарнулася «Плошча Сонца». Яе ўпрыгожвае белы паруснік – сімвал надзей і мар і імправізаваныя мальберты з каляровымі вітражамі, у аснову якіх пакладзены дзіцячыя малюнкі.