Дзень другі: Маладзечна

Сярод іх – мемарыяльны комплекс «Шталаг-342». Комплекс уяўляе сабой стылізаваны барак з бетону для ўтрымання ваеннапалонных. Тут спачываюць астанкі 33150 чалавек, закатаваных у гэтым канцлагеры. У ліпені 1941 года на тэрыторыі былой Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі акупанты зладзілі лагер для савецкіх ваеннапалонных. За гады вайны праз гэты лагер прайшло звыш 80 тысяч савецкіх грамадзян.

У канцлагеры лютавалі эпідэмія і голад. Больш моцных ганялі на працу, а слабых альбо марылі голадам, альбо адразу забівалі. Ваеннапалонныя спалі на падлозе, на гарышчах. Ноччу, каб выйсці ў прыбіральню, трэба было ісці па чалавечых целах. Але самае страшнае пачыналася з прыходам зімы. Баракі, дзе размяшчаліся палонныя, не абаграваліся. Лютавала эпідэмія. А кармілі хлебам з пілавіннем. Людзі з'ядалі свае 100 грамаў і паміралі, курчачыся ад страшных боляў.

Мемарыял, у якім увекавечаны боль і пакуты, – гэта сімвал стойкасці і памяці пра тых, хто загінуў у імя выратавання нашай Радзімы. Гэта памяць, якую ніколі нельга забыць!

Яшчэ адзін цікавы аб'ект – Маладзечанская цэнтральная бібліятэка ім. М. Багдановіча. Сёння гэта сучасная кніжніца, якая стала адным з культурных цэнтраў раёна. У выставачнай зале рэгулярна праводзяцца выставы графікі, жывапісу, фатаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх і замежных аўтараў. Удзельнікам Форуму распавялі аб праекце «Ідзі і глядзі». Асноўная яго ідэя – адкрыта казаць пра значныя падзеі мінулага. Праект уключае экскурсіі да памятных мясцін і музеяў, накіраваныя на выхаванне патрыятызму і павагі да гісторыі.

Удзельнікі Форуму наведалі Маладзечанскі раённы цэнтр рамёстваў, дзе азнаёміліся з таленавітымі работамі мясцовых майстроў, і ЗАТ «Дыліс Касметык».

Гасцінна прыняў удзельнікаў Рэспубліканскага форуму ТIЦ і Мінскі абласны краязнаўчы музей. Тут прадстаўлена пастаянная экспазіцыя, якая расказвае пра гісторыю Міншчыны са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Яе галоўная асаблівасць заключаецца ў афармленні залы, у якім спалучаюцца традыцыйнае і незвычайнае афармленне экспазіцыйных вітрын. Прыцягвае ўвагу нестандартнае каляровае рашэнне. Усё гэта ў сукупнасці стварае асаблівы эмацыйны фон.

Фонды Мінскага абласнога краязнаўчага музея ўражваюць сваімі калекцыямі. Тут сабраны ўнікальныя матэрыялы, сярод якіх скарб арабскіх сярэбраных дырхемаў IX-X стст., залататканы кунтушовы пояс Слуцкай мануфактуры 1760-1776 гг., старадрукаваныя кнігі з Нясвіжа і Масквы і многае іншае.

Наведалі і ТІЦ у Маладзечне. Гэты турыстычны інфармацыйны цэнтр – не проста даведачнае бюро. Гэта цэнтр, які дапамагае гасцям арыентавацца ў рэгіёне, ператвараючы іх знаходжанне ў максімальна камфортнае і насычанае падарожжа. Асноўныя мэты і задачы турінфацэнтра –інфармаванне турыстаў, стварэнне прывабнага іміджу раёна, садзейнічанне развіццю інфраструктуры і дапамога ў арганізацыі турмаршрутаў.  ТIЦ актыўна супрацоўнічае з мясцовымі прадпрымальнікамі і арганізацыямі, каб прапанаваць гасцям якасныя паслугі і ўнікальныя прадукты.

У турінфацэнтры вы знойдзеце актуальную інфармацыю аб усіх турыстычных магчымасцях: ад экскурсій і тураў да фестываляў і культурных мерапрыемстваў. Тут актыўна працуюць над прасоўваннем аграэкатурызму, падзейнага і экатурызму, што асабліва важна для захавання беларускай прыроды і традыцый.

Маладзечна славіцца сваімі культурнымі традыцыямі і помнікамі архітэктуры. У раёне нямала цікавых месцаў для наведвання:

  • Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — найстарэйшая царква горада;
  • Маладзечанскі краязнаўчы музей;
  • ЗАТ «Дыліс касметык»;
  • Гарадзішча Маладзечанскага замка;
  • Гідралагічны заказнік «Рака Вязынка»;
  • Гідралагічны помнік прыроды крыніца «Лешна».

Вынікі ІІІ Рэспубліканскага форуму ТІЦ падвялі на дыялогавай пляцоўцы, якая адбылася ў Маладзечне з удзелам намесніка дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганны Вашчынчук.

Удзельнікі дыялогу падтрымалі думку, што сучасны турінфацэнтр –  шматпрофільны ў сваім разуменні: з аднаго боку, ён аб'ядноўвае вакол сябе турыстычны трафік; з другога, з'яўляецца генератарам актыўнасцей, якія будуць прыцягваць турыстаў.

У гэты працэс узаемадзеяння трэба далучаць не толькі турыстаў, але і жыхароў горада. Гэта будзе стымуляваць цікавасць да гісторыі роднага краю і адначасова фарміраваць і развіваць пачуццё патрыятызму. Тут адну з ключавых роляў грае экскурсавод. Гэта не проста чалавек, які знаёміць са славутасцю – гэта твар і імідж рэгіёна.