Шкляны завод «Нёман»

Наведаўшы экскурсію, якая праводзіцца па шкляным заводзе, вы, несумненна, пазнаёміцеся з шэдэўрамі вядомых майстроў, убачыце ўвесь цыкл вытворчасці. Самае цікавае для наведвальнікаў – назіраць за тым, як з распаленага полымя з'яўляюцца на свет чароўна крохкія фігуры рознай формы і колеру! 

Шкляны завод «Нёман»

У музеі выстаўлена фірменнае малочна-дымчатае шкло з «нёманскай ніткай», высакародны крышталь і мноства экспанатаў, адзначаных прэміямі і дыпломамі прэстыжных міжнародных выстаў. Многім вырабам у музеі ўжо больш за сотню гадоў! 

Адрас: г. Бярозаўка, вул.Карзюка, 8. 

ААТ «Малочны свет»

Адна з вядучых кампаній у малочнай прамысловасці Беларусі запрашае ў захапляльнае падарожжа дарослых і дзяцей, у якім вы паназіраеце за працэсам ператварэння малака ў сыр, ёгурт, марозіва або глазураваныя сыркі. Тут проста над цэхамі пабудавалі доўгую шкляную галерэю, праходзячы па якой у суправаджэнні вопытных сыравараў, вы ўбачыце ўвесь шлях малака ад паступлення на прадпрыемства да вырабу з яго прадуктаў харчавання і задасце пытанні, якія вас цікавяць, спецыялістам прадпрыемства. 

ААТ «Малочны свет»

Ну а пасля таго, як усё ўважліва разгледзіце, вас чакае самае прыемнае – дэгустацыя вырабленай прадукцыі!

Адрас: г. Гродна вул. Гаспадарчая, 28. 

ААТ «Гранітэкс»

ААТ «Гранітэкс» праводзіць экскурсіі як у музейны пакой, так і непасрэдна на вытворчасць для ўсіх жадаючых. Прадпрыемства імкнецца захаваць свае найлепшыя старонкі гісторыі і ўнікальныя традыцыі калектыву і гатова падзяліцца імі са сваімі наведвальнікамі ў музейным пакоі. 

ААТ «Гранітэкс»

Экспазіцыя займае плошчу амаль 90 квадратных метраў, а ў яе аснову пакладзена перапляценне дзвюх ідэй: ідэя ніткі і ідэя жанчыны, жаночага лёсу. Тут вам раскажуць пра гісторыю ніткі, гісторыю працэсу прадзення, гісторыю прадпрыемства. Абавязкова наведайце адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў – будзе вельмі цікава!

Адрас: г. Гродна, вул. Горкага, 91. 

ААТ «Торфабрыкетны завод Дзітва»

Экскурсія ўключае азнаямленне з чыгуначнай станцыяй, з чыгуначным дэпо і агляд тэхнікі. Далей вы сядзеце ў вагон і паедзеце ўздоўж дзеючых і рэкультываваных палёў здабычы торфу. Маршрут праходзіць па вузкакалейным пуці, працягласць якога каля 10 км у адзін бок. Вы таксама зможаце агледзець вытворчую базу з торфаздабыўнай тэхнікай. Уздоўж усёй дарогі вядзецца экскурсійнае абслугоўванне і жывое абмеркаванне ўсяго, што зацікавіць гасцей. 

У вас сапраўды застанецца шмат яркіх уражанняў і станоўчых эмоцый!

Адрас: Лідскі р-н, а.г. Дзітва.

ААТ «Лідахарчканцэнтраты»

На прадпрыемстве ладзяцца экскурсіі па вытворчых участках. Усе жадаючыя могуць пазнаёміцца з працэсам вырабу ўлюбёнага ласунку – кукурузных палачак ГМ «Хрумсцік». Вы ўбачыце поўны працэс вытворчасці кукурузных палачак, пачынаючы ад вырабу паўфабрыкату да фасоўкі гатовага прадукту, зможаце прадэгуставаць прадукцыю. Гэта вельмі смачная экскурсія! 

ААТ «Лідахарчканцэнтраты»

У канцы экскурсіі абавязкова наведайце фірменную краму, дзе можна набыць на памяць кубкі з выявай Хрумсціка, магніты, ручкі, нататнікі і шмат што іншае.

Адрас: г. Ліда, Гродзенская вобл., вул. Таўлая, 11.

Гэта далёка не поўны пералік прамысловых экскурсій па Гродзенскай вобласці, яны ёсць у розных галінах. 

І калі вы яшчэ разважаеце над нянудным варыянтам незвычайнай вандроўкі з сябрамі, калегамі ці ўсёй сям'ёй, выбірайце прамысловы турызм. Цікавага і пазнавальнага вам баўлення часу!