«Калядныя цары» — гэта самабытнае дзейства, унікальны абрад, які існуе толькі ў беларускай вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 2009 г. яго нават унеслі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Абрад спалучае элементы карнавалу і народнай драмы. Семежаўскі абрад стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі і ператварыў вёску Семежава ў прывабны турыстычны аб'ект. Штогод сюды прыязджаюць сотні людзей, каб сваімі вачыма ўбачыць абрад «Калядныя цары».
Гістарычная даведка. Абрад вядзе сваю гісторыю з 18 стагоддзя, калі ля вёскі размясціліся салдаты рускай царскай арміі. Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе гэтыя землі сталі часткай царскай Расіі. Таму каля вёскі Семежава часта базіраваліся рускія войскі. Чаму салдаты пачалі хадзіць па хатах, невядома. Ці гэта была любоў да беларускай народнай кухні, альбо банальная нудота, альбо інтарэс. Але перад Новым годам рускія салдаты хадзілі па сялянскіх панадворках, віншавалі гаспадароў і паказвалі ім вясёлыя сцэнкі. За гэта сяляне частавалі іх. Калі салдаты з'ехалі, мясцовыя жыхары вырашылі захаваць гэту традыцыю. Менавіта яны ператварылі яе ў каляднае прадстаўленне. У гады савецкай улады пра абрад забыліся, але ў 1996 годзе, дзякуючы дакументальным матэрыялам і сведчанням мясцовых старажылаў, абрад адрадзіўся. Памянялася толькі яго дата: паводле новага календара абрад праводзіцца 13 студзеня ў Шчодры вечар.
Традыцыйна ў абрадзе ўдзельнічаюць нежанатыя маладыя мужчыны, якія называюцца «царамі». Пераапранутыя ў белыя касцюмы з павязанымі на грудзях крыж-накрыж традыцыйнымі семежаўскімі ўзорнымі паясамі і ў высокіх галаўных уборах з каляровымі стужкамі, юнакі выконваюць адведзеныя ім ролі.
«Цары» ходзяць па вёсцы і дэманструюць сцэны з рэлігійнай драмы «Цар Максімілян». Юнакі выконваюць ролі цароў Максіміліяна і Мамая, дзеда і бабы, лекара, барабаншчыка, насільшчыка. Хлопцы дэманструюць сцэны сварак і бойкі цароў, лекар паказвае сакрэты народнага лячэння, а баба з дзедам нават спрабуюць красці. А ўвечары «цары» запальваюць факелы.
Абавязковымі атрыбутамі семежаўскага абраду з'яўляюцца святочны марш, барабаны і вясёлая працэсія. Калі святочны паход заканчваецца, усіх чакае шчодры святочны пачастунак. Няма ні адной хаты, дзе «цары» не атрымалі б пірагі, каўбасу, сала і другія кулінарныя прысмакі беларускай вёскі. Людзі вераць, што ў хаце, якую наведалі «Калядныя цары», увесь год будзе дастатак, гармонія, мір.
Абрад «Калядныя цары», які ўпрыгожаны самабытным фальклорам, элементамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і беларускай кухняй, з'яўляецца культурнай спадчынай Беларусі. Няма нічога дзіўнага, што кожны год у Семежава з'язджаюцца шматлікія турысты, каб стаць часткай гэтага каларытнага дзейства.