Міжнародны тэлевізійны песенны конкурс «Дзіцячае Еўрабачанне» з'яўляецца маштабнай еўрапейскай культурнай падзеяй. Кожны год удзельнікі з краін-членаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза змагаюцца за галоўны прыз конкурсу — хрустальны мікрафон. У 2018 годзе Беларусь ужо ў другі раз прымала «Дзіцячае Еўрабачанне» ў Мінску ў сценах «Мінск-Арэны». Упершыню за ўсю гісторыю конкурсу ў ім удзельнічала 20 краін.
Упершыню песенны конкурс «Дзіцячае Еўрабачанне» прайшоў у 2003 годзе ў Даніі, як дзіцячы аналаг вядомага ва ўсім свеце конкурсу «Еўрабачанне». Галоўнае адрозненне «Дзіцячага Еўрабачання» ад «дарослага» — гэта ўзрост удзельнікаў — ад 9 да 14 гадоў. Конкурс карыстаецца вялікай папулярнасцю: яго трансліруюць па тэлебачанні і радыё ва ўсёй Еўропе, другіх краінах свету і ў Інтэрнэце. Правілы конкурсу застаюцца нязменнымі: кожная краіна-ўдзельніца выбірае любым спосабам выканаўцу і песню, якія будуць прадстаўляць яе на конкурсе. Песня павінна выконвацца ўжывую. Краіна, у якой праводзіцца конкурс, выбіраецца загадзя Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Гэтая ж краіна выступае арганізатарам конкурсу на выбраны год.
У 2018 годзе конкурс «Дзіцячае Еўрабачанне» прайшоў у 16-ы раз. У першы раз Мінск быў гаспадаром конкурсу ў 2010-м годзе. Тады мерапрыемства таксама праходзіла ў сценах «Мінск-Арэны».
Конкурсны тыдзень 2018 распачаўся ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа», дзе адбылося адкрыццё конкурсу і жараб'ёўка ўдзельнікаў. Слоганам конкурсу стаў модны хэштэг #Запальвай (#LightUp). Лагатыпам стала зорка ў выглядзе перавернутых гукавых хваль у стылістыцы беларускага арнаменту ад дызайнера Максіма Букаса. Дызайн конкурснай сцэны быў распрацаваны мастаком-пастаноўшчыкам Галінай Гоманавай. «Мінск-Арэну» ўпрыгожылі дзве сцэны, вялікая і малая, злучаныя мостам, доўгія подыумы, якія сыходзяць у залу для гледачоў, купал аформілі шмат'яруснымі люстрамі, а грын-рум, у якім знаходзіліся ўсе ўдзельнікі, калі чакалі вынікаў, быццам лунаў у зорным небе.
Фінал конкурсу прайшоў 25 лістапада. «Мінск-Арэна» прыняла пад сваім дахам тысячы гасцей. Вядучымі шоу былі Яўген Перлін, удзельніца конкурсу ад Беларусі ў 2017 годзе Хэлена Мерааі і спявачка Зена. Каментатарамі ў рэжыме рэальнага часу сталі спявак Георгій Калдун і вядучы Андрэй Макаёнак.
Беларусь удзельнічае ў гэтым конкурсе з моманту яго заснавання. Такім жа паказчыкам можа пахваліцца толькі Галандыя. Беларускія выканаўцы неаднаразова займалі на «Дзіцячым Еўрабачанні» высокія месцы. Першай стала Вольга Сацюк, якая заняла ў год адкрыцця (2003 г.) 4 месца. У 2005 у Бельгіі прадстаўніца Беларусі Ксенія Сітнік заняла 1 месца з песняй «Мы разам», якая адразу стала хітом. У скарбонцы беларусаў 2-е месца ў 2006 годзе, яшчэ адно 1-е месца ў 2007-м, 3-я месцы ў 2011-м і 2013-м гадах. У 2018 годзе ўдзельнік ад Беларусі Даніэль Ястрэмскі заняў 11 месца. Перамога ж дасталася прадстаўніцы Польшчы Раксане Вегель з песняй «Кім я хачу быць».