Конь стаў незаменным памочнікам чалавека ў выкананні сельскагаспадарчых, транспартных работ і ў ваеннай справе. Аднак у 20 стагоддзі з развіццём механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці колькасць коней значна скарацілася, а высакакласных коней працягвалі вырошчваць толькі для коннага спорту.
У апошні час цікавасць у свеце да гэтай высакароднай жывёлы зноў адраджаецца. Гэта абумоўлена, у тым ліку, і развіццём коннага спорту, экатурызму і іпатэрапіі.
Сёння ў Беларусі разводзяць некалькі парод коней, якія задавальняюць патрэбы ўнутранага рынку. Гэта цяжкавупражныя, лёгкавупражныя і верхавыя пароды коней.
У Беларусі ёсць таксама селекцыйныя групы коней рускай рысістай пароды, шэтлендскіх поні, захоўваецца генафонд палескіх коней, якія маюць унікальныя прыстасавальныя якасці, а таксама некалькі гадоў таму ў Налібоцкую пушчу Беларусі былі завезены з Галандыі тарпанападобныя коні.
На сённяшні дзень атэставаныя і працуюць некалькі племянных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, асноўнай задачай якіх з’яўляецца ўдасканаленне гаспадарча-карысных прыкмет парод і забеспячэнне патрэб рэспублікі ў конях добрай якасці. Сярод іх КСКП “Гарадоцкі” Лунінецкага раёна, у якім вырошчваюць адразу дзве пароды коней: беларускую і палескую запражную. Таксама ў “Гарадоцкім” плануюць адкрыць дзіцяча-юнацкую школу верхавой язды.
У нашай краіне палеская абарыгенная папуляцыя аднесена да генафонднай ці нешматлікай папуляцыі, таму важным з’яўляецца захаванне і ўтрыманне матачнага пагалоўя. Створана ініцыятыўная група з ліку прафесіяналаў коннай і навуковай сфер − зоаінжынераў, біёлагаў, генетыкаў, праца якіх накіравана на захаванне мясцовых парод коней.
У рэспубліцы актыўна развіваецца конны спорт, а конныя клубы ёсць у кожнай вобласці. У сучаснае паняцце “конны спорт” уваходзяць усе віды выпрабавання каня, увасобленыя ў відовішчнай, азартнай форме, якія скіраваныя на дасягненне выніку, што ацэньваецца па пэўных правілах.
Заняткі конным спортам даступны ўжо з дзесяцігадовага ўзросту. Жадаеце займацца спортам прафесійна ці проста засвоіць базавыя навыкі, напрыклад, правільна трымацца ў сядле, прыходзьце рэалізоўваць свае жаданні ў конны клуб, дзе вас чакаюць непаўторныя адчуванні ад кантакту з коньмі і верхавой язды.
Многія гады галоўнай пляцоўкай для прафесійнай падрыхтоўкі беларускіх коннікаў і коней з'яўляецца Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў пасёлку Ратамка Мінскага раёна.
Ён створаны ў 1996 годзе на базе Рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву і коннага завода імя Льва Даватара, гісторыя якіх пачалася яшчэ ў 1960-я гады.
Штогод на базе цэнтра ў Ратамцы арганізуюцца прэстыжныя міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы ў розных відах коннага спорту. Сёння Ратамка − не толькі месца правядзення турніраў і трэніровачная база, але і вялікі турыстычны цэнтр. Тут арганізуюцца экскурсіі, катанне на конях і ўрокі верхавой язды, лячэбныя заняткі, або іпатэрапія, праходзяць відовішчныя фестывалі і святы.
Іпатэрапія імкліва развіваецца ў Беларусі. Коннаспартыўныя цэнтры і клубы, а таксама заводчыкі коней прапануюць праграмы заняткаў для дзяцей з цяжкімі захворваннямі. Лячэбная верхавая язда з'яўляецца прызнаным эфектыўным рэабілітацыйным метадам пры лячэнні мноства захворванняў. Пры зносінах з коньмі няма магчымасці для стварэння адмоўнага эмацыйнага фону: сустрэча, кантакт з гэтымі грацыёзнымі, вялікімі, моцнымі і ласкавымі жывёламі прыносіць чалавеку толькі радасць!
Верхавая язда дазваляе аднавіць здароўе і сілы, зарадзіцца натхненнем і бадзёрасцю, атрымаць радасць ад зносін з коньмі і супакоіцца пасля інтэнсіўнай стрэсавай паўсядзённасці.