Сама вёска, размешчаная ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, упершыню згадваецца ў летапісах у пачатку XVI стагоддзя. Уладальнікамі Ястрамбеля на працягу стагоддзяў былі прадстаўнікі паважаных родаў: Дарагастайскія, Падарэўскія, Рдутлоўскія. У сярэдзіне XIX стагоддзя новым гаспадаром паселішча стаў шляхціч з татарскімі каранямі Міхаіл Катлубай. Пасля смерці Міхаіла маёнтак перайшоў па спадчыне яго дзецям – Генрыку і Эдварду. Абодва браты былі адукаванымі, высокаінтэлектуальнымі людзьмі. Эдвард Катлубай вядомы як аўтар кнігі пра гісторыю славутага магнацкага роду "Нясвіжская галерэя Радзівілаўскіх партрэтаў".

Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель

У канцы XIX стагоддзя Катлубаі прынялі рашэнне абнавіць радавое гняздо і пабудаваць на месцы драўлянага дома зграбны каменны палац. Будаўніцтва было завершана ў 1897 годзе. Двухпавярховы сядзібны дом у неакласічным стылі прадстаўляў сабой каменны будынак з чатырох'яруснай шатровай вежай і паўкруглай дамовай капліцай. Калоны з ляпнінай абрамлялі цэнтральны ўваход.

Фасады будынка вылучаліся багатым дэкорам: арачныя вокны з карнізамі, сцены, апрацаваныя рустам і філёнгамі і ўпрыгожаныя разеткамі ды пілястрамі. У доме было 18 пакояў. Інтэр'ер сядзібы выглядаў не менш шыкоўна: падлога, выкладзеная паркетам і керамічнай кафляй, ляпніна, скульптуры, карціны і фрэскі з выявамі антычных сюжэтаў.

Акрамя дома сядзібны комплекс уключаў бровар, стайню, вазоўню, гаспадарчы двор, маляўнічы парк са стаўком, лесапільню і цагельню.

Падчас рэвалюцыі 1917 года радовае гняздо Катлубаеў у Ястрамбелі было разрабавана, а яго апошні ўладальнік Зігмунт Катлубай арыштаваны. Маёнтак быў перададзены дзіцячаму дому. Сядзібу перабудавалі, аб'ядналі ўсе пакоі ў адно памяшканне, унутранае ўбранне дома было знішчана, а амаль усе сядзібныя пабудовы зруйнаваныя.

З пачатку 70-х да пачатку 90-х гадоў у сядзібе знаходзілася школа-інтэрнат. Пасля таго, як выхаванцы ўстановы пераехалі ў новы корпус, будынак пачаў прыходзіць у заняпад. У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя ў будынку рамантавалі дах і замянілі вокны, але на гэтым рэстаўрацыйныя работы спыніліся.

Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель
Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель
Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель
Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель
Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель
Закінутая сядзіба Катлубаеў у вёсцы Ястрамбель

Цяпер былы дом сям'і Катлубаеў знаходзіцца ў аварыйным стане. Нягледзячы на гэта, маёнтак і сёння прываблівае аматараў даўніны, арыгінальнай архітэктуры і атмасферных закінутых будынкаў. З усіх гаспадарчых пабудоў сядзібнага комплексу захаваўся бровар, які знаходзіцца недалёка ад дома. Як і ў пачатку ХХ стагоддзя маёнтак акаляе паркавая зона з рэдкімі відамі дрэў.

Ястрамбель размешчаны ў 15 кіламетрах ад Баранавічаў. З Мінска да маёнтка лепш за ўсё дабрацца аўтамабілем. Іншы варыянт маршруту – даехаць цягніком ці аўтобусам да Баранавічаў, пасля аўтобусам «Баранавічы-Навасады» да вёскі Ястрамбель.