Купалле – старажытнае свята ўсходніх славян, традыцыі якога падтрымліваюцца ў сучаснай Беларусі. Яно адзначаецца ў самы разгар лета – у ноч з 6 на 7 ліпеня. Гэта адно з самых яскравых і містычных народных святаў. Гісторыкі кажуць, што ў нашай краіне захаваліся самыя архаічныя купальскія абрады.
Гісторыя і традыцыі свята
Свята Купалле звязанае з язычніцкімі традыцыямі, пакланеннем сілам прыроды: сонцу, агню, вадзе. Да пераходу на Грыгарыянскі каляндар Купалле святкавалі ў ноч на 24 чэрвеня – час летняга сонцастаяння. Сімвалічныя дзеянні, якія нашы продкі выконвалі ў гэту ноч, былі скіраваныя на ачышчэнне і абнаўленне, забяспечвалі шчасце, здароўе, ураджайнасць. З надыходам хрысціянства язычніцкія абрады былі ўключаны ў рэлігійную культуру. Свята пачало атаясамлівацца з імем Яна Хрысціцеля, які нарадзіўся ў дзень летняга сонцастаяння.
Купальская ноч звязаная з мноствам абрадаў. У гэта свята людзі збіралі лекавыя зёлкі, спявалі купальскія песні, танцавалі, варажылі, вадзілі карагоды, гатавалі абрадавыя стравы: бліны, варэнікі, верашчаку. Дзяўчаты плялі з кветак і траў вянкі, пасля спускалі іх на ваду і верылі ў здзяйсненне мараў.
Адзін з самых чароўных абрадаў Купалля – пошук таямнічай папараць-кветкі, якая, па легендзе, расквітае менавіта ў купальскую ноч. Лічылася, што чалавек, якому пашчасціць знайсці кветку, атрымае дзівосную здольнасць разумець мову звяроў, птушак, раслін. Павер'і сцвярджалі, што ён зможа ўбачыць любыя скарбы – нават тыя, якія схаваныя пад зямлёй. Лічылася таксама, што ў купальскую ноч у наш свет трапляюць прадстаўнікі нячыстай сілы: ведзьмы, русалкі, здатныя шкодзіць людзям.
Кульмінацыяй свята было рытуальнае вогнішча, на якім палілі пудзіла, што сімвалізавала няшчасці і беды. У вагонь кідалі старое адзенне, непатрэбныя рэчы. Людзі скакалі праз купальскае вогнішча з верай, што яно ачысціць душу і абароніць ад непрыемнасцей і хвароб.
Дзе адсвяткаваць беларускае Купалле?
У сучаснай Беларусі гэта свята адзначаюць не так шырока, як раней. Але дзеці і дарослыя вельмі яго любяць, бо ў гэты дзень у гарадах і мястэчках ладзяцца народныя гулянні з песнямі, карагодамі, гульнямі і, вядома, з традыцыйным вогнішчам.
Вось некалькі папулярных лакацый, куды прыязджаюць госці з усёй краіны, каб адзначыць Купалле:
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна. Гэты музей пад вольным небам ідэальна дазваляе адчуць аўтэнтычную атмасферу традыцыйнага Купалля. У праграму свята ўваходзіць пляценне вянкоў, рэканструкцыя традыцыйных абрадаў, варажба, карагоды і народныя песні, скокі праз вогнішча.
Аграгарадок Александрыя ў Шклоўскім раёне Магілёўскага раёна – тут ужо колькі гадоў ладзіцца свята пад назвай «Александрыя збірае сяброў», прымеркаванае да купальскіх гулянняў. Мясцовыя жыхары і госці Александрыі збіраюцца ў маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каб паглядзець канцэрты, выставы, узяць удзел у майстар-класах і іншых мерапрыемствах, пабачыць святочны феерверк.
Дудуткі – музейны комплекс народных рамёстваў, які знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне, у сарака кіламетрах ад Мінска. Тут на Купалле традыцыйна адбываецца музычны фестываль, на якім можна пачуць выступленні беларускіх фолк- і рок-выканаўцаў. На тэрыторыі музея працуюць розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, рынак рамеснікаў, фудкорт. Заўсёды ладзіцца купальскае вогнішча на беразе ракі Пціч.
Дукорскі маёнтак – яшчэ адзін музейны комплекс Пухавіцкага раёна. Ён знаходзіцца ў аграгарадку Дукора. Дукорскі маёнтак прапануе гасцям традыцыйныя купальскія гульні і забавы, канцэртную праграму, фаер-шоу, тэатралізаваныя прадстаўленні, прысвечаныя святу. Наведнікі могуць пастраляць з лука, праехацца на карэце, патаньчыць каля вогнішча, раскрыць свае здольнасці ў рамесных майстэрнях, сплесці вянкі і спусціць іх на ваду.
Вялікае княства Сула – інтэрактыўны парк гісторыі, які месціцца ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Парк у Суле абяцае гасцям сустрэчу з персанажамі беларускай міфалогіі, знаёмства з купальскімі абрадамі, майстар-класы па сярэднявечных танцах. Наведнікаў чакаюць традыцыйныя гульні, танцы, карагоды, варажба і купальскае вогнішча.
Мы пералічылі самыя папулярныя турыстычныя мясціны, але святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Купаллю, адбываюцца па ўсёй Беларусі. Каб наталіцца магіяй народнага свята і адчуць яго архаічную атмасферу, будзьце бліжэй да прыроды і паспрабуйце адшукаць папараць-кветку. Раптам сёлета вам пашанцуе?