Купалле

Традыцыі, звычаі

Кожнае лета, у ноч з 6 на 7 ліпеня, беларусы адзначаюць Купалле — прыгожае старажытнае язычніцкае свята. Ні адно беларускае свята не суправаджаецца такой вялікай колькасцю чароўных паданняў і легенд. Лічыцца, што на Купалле дрэвы могуць хадзіць, жывёлы размаўляць, а рэкі напаўняюцца русалкамі. I менавіта ў Беларусі захавалася большасць купальскіх традыцый, а свята заўсёды адзначаецца з размахам.

ф

Фота

Продкі беларусаў святкавалі Купалле 23 чэрвеня — напярэдадні летняга сонцастаяння. Гэта свята звязвалася з культам сонца. «Купала» азначала «лютае», «гнеўнае», «злоснае». Менавіта такім прадстаўлялі старажытныя беларусы сонца і яго сілу. З прыходам хрысціянства гэты дзень стаў днём памяці Іяана Хрысціцеля. І па прычыне таго, што хрышчэнне было звязана з апусканнем у ваду — купаннем, людзі звязалі язычніцкае і хрысціянскае свята ў адно — ноч Івана Купалы.

Людзі лічылі, што ў купальскую ноч у рэках купаюцца душы нябожчыкаў у вобразе русалак, з-за чаго вадаёмы напаўняюцца святлом. Акрамя русалак, на зямлю прыходзяць і другія стварэнні: ведзьмакі, ведзьмы і іншая нечысць, якая хоча нашкодзіць людзям. Дрэвы на Купалле пачынаюць блукаць з месца на месца, жывёлы гавораць адзін з адным, а сонца на досвітку дзеліцца на рознакаляровыя кругі — «гуляе».

ф

Фота

Самы вядомы купальскі абрад — пошук папараць-кветкі. Лічылася, што той, хто яе знойдзе, не толькі зразумее мову жывёл і пабачыць русалак у гэтую ноч, але і знойдзе ўсе скарбы, закапаныя ў зямлю.

Папараць-кветка — не адзіная цудоўная расліна гэтай ночы. Людзі лічылі, што ўвесь раслінны свет на Купалле становіцца неверагодна гаючым. Сабраныя ў гэты дзень травы асвятлялі ў царкве і лячыліся імі потым увесь год.

Не абыходзіліся і без ачышчэння агнём і вадой. Людзі купаліся і скакалі праз вогнішчы, якія былі разведзены на берагах вадаёмаў. Над вогнішчамі гарэлі падпаленыя колы — сімвал сонца. Не прыходзіць на вогнішча лічылася грахом. На агні спальвалася ўсё старое і непатрэбнае, людзі прасілі агонь аб пладавітасці свойскай жывёлы і багатым ураджаі.

ф

Фота

Яшчэ адным важным звычаем купальскай ночы была варажба. Дзяўчаты плялі вянкі і пускалі іх па вадзе. Калі вянок патануў, значыць, дзяўчыне не наканавана ў гэтым годзе выйсці замуж альбо нарачоны яе разлюбіў. Калі вянок плыў далёка — дзяўчына будзе шчаслівай.

Раніцай трэба было пакачацца ў расе, па павер'і, гэта надавала сілы і здароўе на год наперад.

Ноч Івана Купалы была адным з самых вясёлых і разгульных звычаяў. На святкаванне збіралася ўся вёска, а спаць было нельга — гэта лічылася вялікім грахом.

На сённяшні дзень з надыходам лета на берагах беларускіх рэк і азёр Купалле святкуецца вясёлымі гуляннямі, абрадамі і рытуаламі, канцэртамі і тэатралізаванымі пастаноўкамі. Убачыць гэты абрад можна ў розных беларускіх мясцовасцях. Самым вядомым і масавым гуляннем лічыцца свята «Александрыя збірае сяброў» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Туды з'язджаюцца госці не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін.