Знешне ён выглядае як змяя і дракон: доўгае цела, пакрытае лускай, вялікія крылы, вострыя зубы, яркая афарбоўка. На думку нашых продкаў, цмокі жылі ў пячорах і на дне глыбокіх вадаёмаў. Такія стварэнні сустракаюцца не толькі ў беларускім фальклоры, але і ў легендах іншых еўрапейскіх народаў. Адрозненне беларускага цмока ў тым, што гэта не жорсткі крыважэрны персанаж. Паводле народных вераванняў, цмокі збольшага жылі ў згодзе з людзьмі і нават дапамагалі па гаспадарцы. Іх выявы можна знайсці ў беларускім народным жывапісе, вышыўцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Лепельскі цмок – міфалагічны персанаж, які стаў сімвалам горада

У 2013 годзе ў горадзе Лепель Віцебскай вобласці, на беразе Лепельскага возера, усталявалі бронзавую скульптуру цмока. Ініцыятарам стварэння скульптуры быў мясцовы мастак і краязнаўца Уладзімір Шушкевіч. У дзяцінстве ён чуў ад бабулі легенды, нібы ў старажытныя часы ў Лепельскім возеры жыла пачвара, якая ў дзень вяселля кагосьці з вяскоўцаў падплывала да берага, каб атрымаць ежу з вясельнага стала. З гэтым быў звязаны абрад, падчас якога маладыя вылівалі ў вадаём сімвалічную чарку самагону і кідалі ласунак.

Яшчэ адну згадку пра лепельскіх цмокаў можна знайсці ў гістарычным рамане У. Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", які распавядае пра падзеі XVI стагоддзя. Аўтар кнігі апісвае вадзянога дракона як стварэнне з тоўстай шыяй, шырокімі плаўнікамі, целам, якое нагадвае цюленя, і галавой, якая адначасова падобная да лані і да змяі. У рамане згадваецца, што з невядомых прычын дзясяткі цмокаў, якія жылі ў Лепельскім возеры, раптам загінулі за адну ноч.

Лепельскі цмок – міфалагічны персанаж, які стаў сімвалам горада

Аўтарам скульптуры, якая ўсталявана ў гарадскім парку Лепеля, стаў Леў Аганаў. Перш чым узяцца за працу, ён вывучыў шматлікія крыніцы, якія дазваляюць скласці дэталёвае ўяўленне пра гэтага персанажа. Лепельскі цмок атрымаўся вельмі добрым, прыгожым, міралюбным стварэннем. Скульптура стала пазнавальным сімвалам горада, месцам прыцягнення турыстаў і нагодай правядзення розных культурных мерапрыемстваў. У гонар персанажа ў Лепелі арганізавалі штогадовы фестываль міфалогіі "У госці да Лепельскага Цмока", у якім удзельнічаюць музыкі і народныя рамеснікі з Беларусі і бліжняга замежжа. Пазней фестываль перайменавалі ў "Шлях Цмока". З 2019 года "Шлях Цмока" праводзіцца ў вёсцы Домжарыцы Лепельскага раёна.