Гісторыя замка пачынаецца ў 1323 годзе, калі літоўскі князь Гедымін загадаў пабудаваць крэпасць, якая абараніла б насельніцтва ад нападаў крыжаносцаў і забяспечыла бяспеку Ліды – важнага гандлёвага і культурнага цэнтра княства. Менавіта таму збудаванне называюць замкам Гедыміна.
Будаўніцтва цытадэлі працягвалася некалькі гадоў. Спачатку гэта быў умацаваны фартыфікацыйны аб'ект, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя. Пазней на тэрыторыі была пабудавана праваслаўная царква, а таксама жылыя і гаспадарчыя аб'екты. Такім чынам, замак стаў надзейным прытулкам для жыхароў Ліды і яе ваколіц падчас нападу варожых армій. Ён уяўляў сабой будынак у форме няправільнага чатырохвугольніка з вуглавымі вежамі. Замак быў пабудаваны з цэглы і вялікіх валуноў.
У сярэдзіне XVII стагоддзя крэпасць паддалася націску войскаў Маскоўскага царства, а ў пачатку XVIII стагоддзя ўмацаванне было двойчы разбурана шведскімі войскамі, якія здолелі падарваць абедзве вежы. Пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе муры замка былі разбураныя яшчэ больш.
У 1891 годзе ў Лідзе адбыўся моцны пажар, таму ўлады прынялі рашэнне выкарыстаць матэрыялы ўмацавання для адбудовы горада. Паўднёва-заходняя частка вежы і частка муру былі разабраныя гараджанамі.
Пры савецкай уладзе рабіліся спробы аднавіць замак, аб'ект быў узяты пад ахову дзяржавы. У канцы ХХ–пачатку ХХI стагоддзяў на яго тэрыторыі праводзіліся рэстаўрацыйныя работы, дзякуючы якім збудаванне было часткова адноўлена. Намаганнямі рэстаўратараў былі рэканструяваны абедзве вежы, наноў адбудаваныя крапасныя сцены.
Сёння замак Гедыміна ў Лідзе з'яўляецца важным культурным і гістарычным помнікам Беларусі. Ён прыцягвае турыстаў велічнай архітэктурай, музейнымі экспазіцыямі, цікавымі мерапрыемствамі, якія рэгулярна праводзяцца ў яго сценах. Тут ладзяцца тэматычныя фестывалі, святы, рыцарскія турніры, анімацыйныя праграмы, касцюмаваныя шоу, кірмашы, тэатралізаваныя прадстаўленні.
Славуты будынак знаходзіцца ў самым цэнтры Ліды – прывабнага гарадка Гродзенскай вобласці. З Гродна і Мінска сюды можна патрапіць на аўтамабілі, аўтобусе, маршрутцы ці цягніку. Дарога па аўтамабільнай трасе зойме прыкладна дзве гадзіны.