Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр – унікальны праваслаўны духоўны цэнтр Беларусі. Гэта адно з самых вядомых рэлігійных і гістарычных месцаў Беларусі. Стагоддзямі ён прыцягвае вернікаў і тых, хто цікавіцца гісторыяй і архітэктурай нашай краіны. І нездарма яго называюць месцам веры і сілы, бо ўражвае не толькі гісторыя яго ўзнікнення, але і святыні, якія з ім звязаны.
Гісторыя Жыровіцкага манастыра пачынаецца з 1470 года, калі маленькім пастушкам з'явіўся вобраз Божай Маці ў галінах дзікай грушы. Успрыняўшы гэта за знак, мясцовыя жыхары па загадзе скарбніка Аляксандра Солтана пабудавалі ў гонар іконы на гэтым месцы драўляны храм. Хутка слава аб унікальным месцы разляцелася па наваколлі. Сюды сталі прыходзіць паломнікі, а бліжэй да сярэдзіны 16 стагоддзя тут сфармаваўся праваслаўны мужчынскі манастыр у гонар Успення Божай Маці. Але гэтаму папярэднічалі трагічныя падзеі.
У 1520 годзе здарыўся пажар. Будынак згарэў, і на яго месцы неўзабаве заснавалі новы каменны храм і праваслаўны мужчынскі манастыр. Гэта адбылося пасля таго, як ікона, якая знікла пры пажары, з'явілася жыхарам на камені непадалёк ад папялішча. Яна дзіўным чынам уцалела.
З прыняццем у 1596 годзе Брэсцкай уніі манастыр на два стагоддзі становіцца цэнтрам уніяцкай рэлігіі. Сюды накіроўваліся простыя людзі, заможныя магнаты і нават каралі Рэчы Паспалітай. Гісторыя сведчыць, што колькасць паломнікаў часам даходзіла да 30-ці тысяч. У 1839 годзе Свята-Успенскi манастыр зноў вяртаецца да праваслаўнай царквы.
Падчас Другой Сусветнай вайны на манастырскай тэрыторыі знаходзіліся нямецкія воінскія часці і склады боепрыпасаў. Пасля сыходу акупантаў частку будынкаў аддалі пад сельгастэхнікум, а пры манастыры былі заснаваныя курсы багаслоўя, якія затым перараслі ў Мінскую духоўную семінарыю.
У 2020 годзе святыня адзначыла сваё 500-годдзе. Сёння гэта найбуйнейшы манастырскі комплекс Беларусі, жамчужына архітэктуры і цэнтр духоўнага адраджэння.
Жыровіцкая Маці Божая стала першай іконай на тэрыторыі сучаснай Беларусі, на якую надзелі папскія кароны, вырабленыя ў Рыме і асвечаныя Папам Рымскім Бенедыктам XIII. Каранацыя іконы адбылася ў 1730 годзе пры фінансаванні Радзівілаў.
У манастыры захоўваецца найвялікшая святыня Беларусі – цудатворны абраз Жыровіцкай Божай Маці. Гэта авальная пласціна яшмы вельмі маленькага памеру (5,6 см х 4,4 см) з рэльефнай выявай Дзевы Марыі і маленькага Ісуса знаходзіцца ў спісе 100 самых значных праваслаўных абразоў свету. Гэтаму вобразу прыпісваюць цудатворныя ўласцівасці.
Штогод 20 мая адзначаецца Дзень з'яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці. Кожны год на вялікую ўрачыстасць у манастыр збіраецца мноства паломнікаў з усяго свету.
Самы вялікі звон у Беларусі вагой 14 тон усталяваны ў Жыровіцкiм манастыры. Цырымонія яго асвячэння і ўзняцця адбылася ў 2022 годзе.
Знакаміты Жыровіцкі Ірмалагіён стаў першым пеўчым помнікам 17-га стагоддзя, куды ўвайшла вялікая калекцыя спеваў (напеваў, дагматык, стыхір, прыпеваў, троесных).
У канцы 17-га стагоддзя ў манастыры знаходзіўся 80-рэгістравы арган, які лічыўся на той момант самым буйным у Белай Русі.
Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр уключае ў сябе дамы для паломнікаў, брацкі корпус, званіцу з капліцай, Мінскую духоўную семінарыю, царкоўна-археалагічны музей і 5 дзеючых храмаў:
На тэрыторыі Жыровіцкага манастыра і ваколіц адкрыты і асвечаны:
У цяперашні час Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр працягвае быць праваслаўным цэнтрам рэгіёну. Гэта адно з самых наведваемых турыстамі месцаў Беларусі. Тут створаны ўсе ўмовы для адпачынку і карыснага баўлення часу: прыгожы парк, вадаём, кніжная крама, магазін сувеніраў, хлебапякарня, музей. Госці манастыра могуць не толькі наведаць экскурсіі і набажэнствы, але і паабедаць у манастырскай трапезнай, а таксама пакаштаваць духмяны свежы хлеб. Па папярэдняй дамоўленасці вандроўнікі могуць застацца на начлег, ахвяраваўшы грошы на святыню.
Дзейнасць манастыра не абмяжоўваецца рэлігійнымі набажэнствамі: гэта месца традыцыйна становіцца цэнтрам духоўных фестываляў, канцэртаў, злётаў праваслаўнай моладзі і іншых культурных мерапрыемстваў.
Духоўная жамчужына Беларусі знаходзіцца ў аграгарадку Жыровічы, размешчаным у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Сюды рэгулярна ходзяць аўтобусы і маршруткі, а таксама праводзяць арганізаваныя экскурсіі.