Беларусь – краіна, дзе сярод маляўнічых пейзажаў і старажытных лясоў хаваюцца сапраўдныя жамчужыны архітэктуры – замкі і палацы, якія распавядаюць пра слаўныя часы і вялікія падзеі. Мы працягваем знаёміцца з малавядомымі аб’ектамі архітэктуры, якія заслугоўваюць вашай увагі.

Мсціслаўскі замак

Некалі велічнае збудаванне, размешчанае на Замкавай гары Мсціслаўля ў акружэннi высокіх сцен, глыбокіх равоў, земляных валоў. У ХV-XVI стагоддзях была ўзведзена вежа-данжон, у якой, як меркавалася, пры асадзе можна было трымаць абарону некаторы час.

Варожыя аблогі замак вытрымліваў не раз. Але ў XVII стагоддзі горад быў практычна спалены дашчэнту падчас руска-польскай вайны.

Сёння на Замкавай гары можна ўбачыць закансерваваны археалагічны раскоп фрагментаў старажытнага Мсціслаўля, княжацкую сядзібу, драўляныя вежы і вежу-данжон.

Мстиславский замок

Геранёнскі замак

Геранёнскі замак – загадкавае месца, агорнутае легендамі і таямніцамі. Яго руіны захоўваюць мноства гісторый, якія чакаюць свайго адкрыцця. Гэта ідэальнае месца для тых, хто любіць даследаваць і адкрываць новае.

На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага гэты замак лічыўся адным з самых прыгожых. Пры будаўніцтве, на мяжы XV-XVI стагоддзяў, заснавальнікам Альбрэхтам Гаштольдам былі выкарыстаны найноўшыя інжынерныя тэхналогіі таго часу і прынцыпы еўрапейскай архітэктуры.

Дзякуючы набліжанасці да сталіцы ВКЛ – Вільні, замак не падвяргаўся частым нападам. Ён служыў пляцоўкай для вырашэння мноства палітычных пытанняў. Тут святкавалася вяселле Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл, тут жа Барбара заўдавела і пазнаёмілася з Жыгімонтам II Аўгустам.

Сёння ад некалі велічнага збудавання засталіся толькі руіны.

Гераненский замок

Свіслацкі замак

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, ці з'яўляюцца руіны ў вёсцы Свіслач Магілёўскай вобласці замкам. На замак яны, сапраўды, не падобныя. Аднак руіны ўражваюць.

Як сцвярджаюць навукоўцы, драўляны замак пабудаваны ў XI стагоддзі на высокім востраве, дзе Свіслач упадае ў Бярэзіну. Тут з'явіўся ўмацаваны фарпост князёў полацкіх.

Гэты замак стаў цэнтрам Свіслацкага княства. Але паступова ён страціў абароннае значэнне і ператварыўся ў феадальны двор, не прыстасаваны да абароны. Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй ён быў разрабаваны і спалены.

У нашы дні на яго месцы можна ўбачыць толькі рэшткі рова і земляных валоў. Руіны, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца былымі гаспадарчымі пабудовамі XIX стагоддзя. Але ад гэтага выглядаюць не менш маляўніча.

Свислочский замок

Тураўскі замак

Узведзены ў другой палове XIII стагоддзя, ад старажытнага горада аддзяляўся глыбокім ровам, напоўненым вадой. Самае высокае збудаванне – круглая вежа ў некалькі ярусаў. Яна была разабрана ў XIX стагоддзі. Праведзеныя раскопкі паказалі, што на тэрыторыі замка былі дзясяткі драўляных пабудоў, храм, паганскае капішча.

Сёння тут знаходзіцца археалагічны комплекс, які дазваляе акунуцца ў старажытную гісторыю, пабываць у старажытным горадзе, убачыць, як жылі нашы продкі.

Іказненскі замак

На Браслаўшчыне знаходзіўся незвычайны замак, які размясціўся на востраве ля берага ракі Іказнь. З'явіўся ён у пачатку XVI стагоддзя і належаў дзяржаўнаму дзеячу, пісару, асабістаму канцлеру Вялікай княгіні Алены Івану Сапегу.  Невялікім пралівам замак аддзяляўся ад берагоў.

Разбураны ў XVII стагоддзі. На працягу некалькіх стагоддзяў замак разбіраўся на будаўнічыя матэрыялы. Сёння на яго месцы застаўся толькі падмурак і засыпаныя падзямеллi і склепы.

Дабрацца да замка можна толькі на лодцы.

Иказненский замок

Палац Святаполк-Чацвярцінскіх

У вёсцы Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці размясцілася сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх. Палац быў узведзены ў 1907 годзе па праекце архітэктара Уладзіслава Марконі. Але валодалі Святаполк-Чацвярцінскія маёнткам вельмі нядоўгі час. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут быў размешчаны нямецкі шпіталь, а з пачатку 60-х і да 90-х будынак належаў вайсковай частцы.

Сёння помнік плануецца аднавіць і адрэстаўрыраваць

Сядзіба Халецкіх

Унікальным помнікам архітэктуры з'яўляецца сядзіба Халецкіх, размешчаная ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Гэта збудаванне узведзена ў XIX стагоддзі ў стылі класіцызму. Апошнія з уладальнікаў сядзібы – Войніч-Сенажэцкія – былі масонамі. Таму ў палацы быў спецыяльны пакой для масонскіх сходаў.

Пры савецкай уладзе тут у розныя часы размяшчаліся прытулак, турма, клуб, калгасная кантора. Сёння праводзіцца рэканструкцыя будынка.

Сядзіба Бохвіцаў

Незвычайная сядзіба ў стылі неаготыкі размясцілася ў вёсцы Паўлінава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудавана ў пачатку мінулага стагоддзя сынам вядомага Фларыяна Бохвіца – Янам.

Гэта быў шыкоўны палац з вiдам на возера. Вакол – шыкоўны парк з ліпавымі алеямі, лядоўняй, стайняй і броварам.

Падчас Другой сусветнай вайны ў сядзібе размяшчаўся ваенны шпіталь, які праіснаваў да 1995 года. Пасля гэтага сядзіба апынулася ў запусценні. Сёння маёнтак знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Усадьба Бохвицей