Да гэтага спектаклі ладзіліся на вуліцах і кірмашах, у дамах прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў асяроддзі магілёўскай інтэлігенцыі выспела думка пра неабходнасць стварэння гарадскога тэатра. Губернатар падтрымаў гэту ідэю, і ў горадзе распачаўся збор сродкаў.
Грошы на будаўніцтва ахвяравалі прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства – ад студэнтаў і настаўнікаў да купцоў і вайскоўцаў. Аўтарам праекта выступіў магілёўскі архітэктар Пётр Камбураў, увасобіць яго ў жыццё дапамог інжынер Уладзіслаў Міляноўскі. Будаўніцтва працягвалася з 1886 па 1888 год.
Драмтэатр быў узведзены на месцы былых гарадскіх крапасных умацаванняў – на скрыжаванні Дняпроўскага праспекта (цяпер вул. Першамайская) і Дваранскай вуліцы (цяпер вул. Камсамольская). Фасад прамавугольнага будынка з чырвонай цэглы быў упрыгожаны двума вежападобнымі аб'ёмамі. Паміж вежамі размяшчаўся балкон з порцікамі. Знешні дэкор будынка быў выкананы ў стылі старажытнарускага дойлідства, дэкаратыўныя элементы былі пафарбаваны ў белы колер. Канструкцыю залы для гледачоў, якая змяшчала да 500 чалавек, скапіравалі з Малога тэатра ў Варшаве. Ложы былі ўпрыгожаны драўлянай разьбой, а столі абрамляла ляпніна.
Увесну 1888 года ў будынку адбыўся першы спектакль. Установа адразу ж стала ўлюбёным месцам культурнага адпачынку гараджан. У выходныя на верандзе тэатра граў аркестр.
Сцены магілёўскага драмтэатра памятаюць многіх вядомых дзеячоў культуры і мастацтва: акцёраў Веру Камісаржэўскую і Фёдара Шмакава, спевака Фёдара Шаляпіна, кампазітара Сяргей Рахманінава, скульптара Пятра Яцыну. Сярод наведнікаў былі заўважаны расійскі імператар Мікалай II, беларускія класікі Якуб Колас і Янка Купала.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны і пэўны час пасля ваенных падзей будынак тэатра пуставаў. У пачатку 50-х сюды пераехаў Пінскі абласны драматычны тэатр. З цягам часу будынак састарэў і прыйшоў у аварыйны стан. Сцены, інтэр'еры, унутраныя камунікацыі – усё патрабавала капітальнага рамонту.
У сярэдзіне 80-х гадоў Міністэрства культуры прапанавала знесці магілёўскі тэатр і пабудаваць на яго месцы новы сучасны будынак. Але жыхары горада адстаялі гістарычны помнік. Было вырашана не знесці, а адрэстаўраваць існуючы будынак. Аднаўленчыя работы занялі амаль дзесяцігоддзе – з пачатку 90-х да пачатку 2000-х гадоў.
Рэстаўратары здолелі захаваць выдатную акустыку тэатральнай залы, аднавіць гістарычны выгляд тэатра і яго інтэр'еры. Драўляная разьба балконаў, ляпніна на столі, абіўка крэслаў– усе элементы былі старанна ўзноўлены па старых фота і чарцяжах. Уваход у тэатр упрыгожвае бронзавая скульптура дамы з сабачкам працы У. Жбанкова.
Цяпер магілёўскі драматычны тэатр – гэта адметны архітэктурны помнік горада. За 135 гадоў будынак не страціў сваёй аўтэнтычнасці і чароўнасці дарэвалюцыйнай эпохі. Тут праходзяць спектаклі, тэатральныя форумы і фестывалі, гастролі замежных труп. Тэатр знаходзіцца ў цэнтры горада, побач размяшчаецца прыпынак грамадскага транспарту «Драмтэатр», праз які праходзіць больш за 10 аўтобусных маршрутаў.