Мінская вобласць / вёска Азярцо

Музей народнай архітэктуры і побыту

Музей

У вёсцы Азярцо Мінскай вобласці знаходзіцца адзіны ў Беларусі музей-скансэн — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам. Простыя людзі называюць яго Строчыцы – з-за аднайменнай вёскі, размешчанай побач. Музей быў створаны, каб захаваць і прадэманстраваць традыцыйнае драўлянае будаўніцтва і прадметы побыту беларусаў, а таксама папулярызаваць народную беларускую культуру і традыцыі.

ф

Фота

Музей быў заснаваны ў 1976 годзе. Прадпасылкай яго адкрыцця сталі артыкулы ў некаторых рэспубліканскіх выданнях пра тое, што трэба захоўваць помнікі драўлянага дойлідства і народную матэрыяльную культуру краіны. Сёння музейная экспазіцыя складаецца з трох частак-сектараў: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер'е» і «Падняпроўе». У кожнай з іх можна ўбачыць тыпавыя характарыстыкі гэтых гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў. Гэта «вёскі», у якіх адноўлены традыцыйны сялянскі побыт канца 19 в – пачатку 20 стагоддзя. У кожнай «вёсцы» можна ўбачыць не толькі жылыя дамы, але і хлявы, млыны, царкву, школу, карчму і іншыя. У сектары «Цэнтральная Беларусь» ёсць характэрная царква Святога Мікалая 1802 года. У сектары «Паазер'е» ёсць цікавы млын «пальтрак», які сустракаецца на Беларусі вельмі рэдка. У сектары «Падняпроўе» можна ўбачыць замкнутыя двары, у якіх жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца вакол адкрытага ўнутранага двара.

ф

Фота

Акрамя экспазіцыі з драўляным дойлідствам, у музеі можна ўбачыць выстаўкі, сярод якіх «Забродскія снасці», «Пчалярства Беларусі», «Падняпроўскае шапавальства» і іншыя. Штогод тут праводзіцца мноства розных культурных мерапрыемстваў. Галоўнымі, вядома, лічацца абрадавыя святы: Масленіца, «Гуканне вясны», Каляды, Купалле, Сёмуха. Праходзяць і асветніцка-забаўляльныя мерапрыемствы: ЗОЖ-фэст, «Эпоха рыцарства», Авія-фэст. У апошнія гады музей стаў месцам правядзення папулярных музычных падзей — фолк-фэсту «Камянiца» і рок-фэсту «Наш дзень».

ф

Фота

Музей у Строчыцах багаты і на экскурсіі. Гэта могуць быць як традыцыйныя экскурсіі, так і інтэрактыўныя (з пераапрананнямі і забавамі). Наведвальнікі могуць таксама ўдзельнічаць у абрадавых мерапрыемствах (Каляды, беларускае вяселле, Вандроўка ў мінулае), паспрабаваць сябе ў розных майстар-класах.

На тэрыторыі музея знаходзіцца самая старая ў Беларусі карчма, узрост якой — больш за 200 гадоў. Тут можна паспрабаваць традыцыйныя беларускія стравы. Музей карыстаецца вялікай папулярнасцю ў кінематаграфістаў: тут зняты сцэны шматлікіх гістарычных фільмаў, напрыклад, «У жніўні 44-га ...».

На тэрыторыі музея ёсць зоны адпачынку і забаў са столікамі, лаўкамі і арэлямі. Непадалёку знаходзіцца Воўчкавіцкае вадасховішча, якое карыстаецца папулярнасцю для летняга адпачынку. Таксама летам ад музейнай прыстані па вадасховішчы курсіруе катэр з экскурсійнымі праграмамі. Улетку даступна катанне на запрэжанай коньмі брычцы, зімой — на санях.

Сёння музей Строчыцы ўключаны ў шматлікія пазнавальныя турыстычныя маршруты.

Музей працуе цэлы год.

Час працы:

Лістапад-красавік - з 10.00 да 17.00

май-кастрычнік - з 11.00 да 19.00.