Брэсцкая вобласць / Драгічынскі раён / аграгарадок Бездзеж / вул. Піянерская, 9

Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок»

Музей

У Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці ў вёсцы Бездзеж шмат гадоў існуе ўнікальны музей «Бездзежскі фартушок». Галоўная яго асаблівасць — калекцыя вышываных і тканых фартухоў, дзе вы не зможаце знайсці ні аднаго аднолькавага! Сёння гэта адзін з самых папулярных музеяў у Брэсцкай вобласці. Тут можна ўбачыць прадметы традыцыйнага беларускага побыту і ткацтва, адзежы і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За 2017 год музей прыняў каля 20 000 наведвальнікаў з 16 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Італіі, Венесуэлы, Індыі і іншых. Такім чынам, музей стаў самай прыбытковай у раёне культурнай установай.

ф

Фота

Гістарычная даведка. Музей «Бездзежскі фартушок» з'явіўся ў студзені 1999 года ў будынку былой школы. Рашэнне адкрыць музей у вёсцы Бездзеж было прынята нездарма: большая частка калекцыі фартухоў была сабрана менавіта ў Бездзежы і аколіцах вёскі. Праект ажыццявіўся дзякуючы краязнаўцу Аркадзю Дзенісевічу. На сённяшні дзень экспазіцыя музея прадстаўлена 319 саматканымі фартухамі, 205 ручнікамі, 45 абрусамі. Усяго музей займае 7 залаў агульнай плошчай 312 м². Акрамя таго тут можна ўбачыць інтэр'ер сялянскай хаты з прадметамі побыту.

У 2007-м годзе музей зноў пачаў працаваць пасля капітальнага рамонту, калі таксама абнавілася і яго пастаянная экспазіцыя. А ўжо ў 2009 годзе музей атрымаў прэстыжную прэмію Прэзідэнта Беларусі за ўнёсак у захаванне беларускіх традыцый.

ф

Фота

Работнікам музея ўдалося практычна цалкам аднавіць палескі побыт пачатку 20 стагоддзя. Наведвальнікі маюць магчымасць прымерваць нацыянальныя касцюмы, а таксама каштаваць стравы нацыянальнай кухні. У музеі ёсць печка, у якой гатуюцца дранікі, бабка і макуха. У якасці прыправы тут выкарыстоўваецца молатае льняное насенне. Да лёну тут наогул асаблівае стаўленне. Мясцовыя майстрыхі славіліся сваімі льнянымі вырабамі на ўсю аколіцу і далёка за яе межамі. У льняныя рэчы апраналіся па асаблівых выпадках. Шэры лён спачатку выбельвалі, а потым упрыгожвалі ўзорнай вышыўкай.

ф

Фота

На тэрыторыі музея пад адкрытым небам размясцілася экспазіцыя «Каля Плэса», якая прадстаўляе сялянскі падворак у фармаце пагоннага двара, які ёсць толькі на Заходнім Палессі. Адкрылі двор у 2012 годзе, каб пазнаёміць наведвальнікаў музея з традыцыйным бездзежскім укладам, штодзённым жыццём і традыцыямі. Экспазіцыя нясе інтэрактыўны характар: кожны наведвальнік можа стаць удзельнікам гаспадарчага працэсу.

Падворак арганічна ўпісаўся ў агульную канцэпцыю музея, дапоўніў яе, а таксама прапанаваў наведвальнікам новыя формы баўлення часу, напрыклад, арганізоўваць народныя абрадавыя святы, такія, як Каляды, «Гуканне вясны», Купалле і іншыя. Таксама музей прапануе паслугі абрадавага шлюбу і дае магчымасць пражывання ў гасцінічным нумары ў вясковай хаце.