Надыйшоў час спалучыць адпачынак і знаёмства з беларускай спадчынай. У нашай краіне стартаваў месяц гісторыка-культурнага турызму. Яго галоўная мэта — далучыць падарожнікаў да багатага духоўнага і матэрыяльнага набытку.

Беларуская зямля за шматвяковую гісторыю здабыла нямала каштоўнасцей. Штогод нашы архітэктурныя помнікі прыцягваюць тысячы вандроўнікаў: крэпасці і замкі, палацава-паркавыя ансамблі і родавыя сядзібы, храмы і манастыры, унікальная куткі некранутай прыроды і старадаўнія інжынерныя збудаванні, музеі і этнаграфічныя вёскі, а таксама памятныя мясціны, звязаныя з дзейнасцю знакамітых асоб.

Сусветнай каштоўнасцю валодаюць Барысаглебская царква ў Гродне, цэрквы абарончага тыпу ў Сынкавічах і Мураванцы, Камянецкая вежа, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, касцёл Іаана Хрысціцеля ў Камаях, Брэсцкая крэпасць і іншыя аб'екты. Самымі папулярнымі сярод турыстаў застаюцца Мірскі замак і архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, уключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пасля рэстаўрацыі і рэканструкцыі на карце з'яўляюцца новыя пункты прыцягнення. Варта ўбачыць, як змяніліся Стары замак у Гродне і Косаўскі палацава-паркавы ансамбль Пуслоўскіх, Гальшанскі замак і палац Сапегаў у Ружанах, палацава-паркавыя комплексы ў Свяцку і Жылічах. У кожным з гэтых месцаў можна з галавой акунуцца ў мінулае. Дзякуючы тэатралізаваным экскурсіям, квэстам, музычным вечарам вы перанясецеся ў даўнія часы і сустрэнецеся з гістарычнымі героямі, спазнаеце на сабе асаблівасці побыту, станеце сведкамі і ўдзельнікамі баталій і ўрачыстасцей.

Даведацца больш пра сусветныя і айчынныя шэдэўры, пра мінулае нашай зямлі можна ў шматлікіх музеях — іх налічваецца больш за паўтараста. Вядучымі ўстановамі прызнаны Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Не так даўно спіс скарбніц папоўнілі некалькі новых аб'ектаў. У Заслаўі адкрыўся Музей беларускай маляванкі — адзіны ў краіне, прысвечаны традыцыйным маляваным дыванам. Сярод іншага там можна ўбачыць работы легендарнай мастачкі Алены Кіш і не менш вядомага жывапісца, этнографа і пісьменніка Язэпа Драздовіча. Новы музей прымае наведвальнікаў і ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Уражальная экспазіцыя расказвае не толькі пра лёс спаленай вёскі, але і пра ўсе пакуты беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Інсталяцыі, галаграмы, светлавы і гукавы сцэнарый — тут усё працуе на эмацыйнае паглыбленне ў тэму.

Асобнай увагі заслугоўваюць шматлікія музычныя і тэатральныя форумы, адроджаныя народныя святы, рамесныя кірмашы. У чароўныя купальскія дні на Магілёўшчыне прагрыміць традыцыйнае свята «Александрыя збірае сяброў». Яркае сцэнічнае шоу, выступленні аўтэнтычных калектываў, кірмаш народных майстроў, дэгустацыя нацыянальных страў — на беразе Дняпра кожны знойдзе забаву па душы. Неўзабаве адбудзецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Замежныя госці змогуць прыехаць у Беларусь без візы: пропускам для іх паслужаць набытыя білеты.

Да нашых дзён захаваліся ўнікальныя беларускія абрады. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна дагэтуль ладзяць «Юраўскі карагод». Штогод у дзень святога Юр'я адбываецца яркая дзея з разнастайнымі песнямі, рытуаламі і малітвамі. Усе актыўнасці накіраваны на атрыманне багатага ўраджаю і прыплоду. Гэтая самабытная традыцыя ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У аўтарытэтным пераліку таксама знаходзяцца зімовы абрад-карнавал «Калядныя цары» ў Капыльскім раёне і «Будслаўскі фэст» на Мядзельшчыне. Далучыцца да гэтых падзей можаце і вы.