Тэрытарыяльна пушча займае частку Мінскай і частку Гродзенскай вобласці, яе плошча складае каля 2000 км².
У 2005 годзе пушча ўвайшла ў склад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі», які з цягам часу атрымаў прэстыжны міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі. Тут жывуць рэдкія птушкі: пугач, вялікі падорлік, зялёная жаўна, чорны бусел, шызая чайка. У налібоцкіх лясах водзяцца рысі, дзікі, куніцы, норкі, алені, ласі, чорныя тхары, зубры. Не так даўно сюды вярнуліся бурыя мядзведзі, якіх не было ў пушчы амаль 100 гадоў. Чвэрць усіх раслін, якія тут расцуць, занесены ў Чырвоную кнігу. Біяразнастайнасць пушчы захавалася дзякуючы таму, што 80% яе тэрыторыі – гэта непралазны гушчар, куды ніколі не заходзіў чалавек.
Праз пушчу працякаюць рэкі Заходняя Бярэзіна, Іслач, Уса і іх прытокі. Карставае возера Кромань і штучныя Сябрыньскія азёры дапаўняюць водныя багацці пушчы.
Што рабіць турысту ў Налібоцкай пушчы?
Налібоцкая пушча – улюбёнае месца адпачынку беларусаў і гасцей краіны. Дзякуючы зручнаму месцазнаходжанню – усяго 90 кіламетраў ад сталіцы – сюды штогод прыязджаюць аматары прыроды і экатурызму.
Што прапаноўвае наведнікам турыстычная інфраструктура Налібоцкай пушчы:
Веласіпедныя і пешыя прагулкі па экасцяжынах. На ўсіх маршрутах ёсць інфармацыйныя стэнды і альтанкі для адпачынку. Існуе таксама асобны маршрут для наведнікаў з абмежаванымі магчымасцямі, уздоўж якога размешчаны інфармацыйныя таблічкі з шрыфтам Брайля.
Сплаў на байдарках па водных артэрыях пушчы: Іслачы і Заходняй Бярэзіне.
Арэнда сядзібы ці летняга доміка: тут можна арганізаваць пікнік, налавіць рыбы, адпачыць у цішыні, адзначыць карпаратыў.
Наведванне вальераў з зубрамі.
Паляванне і рыбалка.
Фотапаляванне на дзікіх жывёл і птушак.
Агляд гістарычных славутасцей: на тэрыторыі пушчы знаходзяцца Любчанскі замак, рэшткі маёнтка Тышкевічаў, вадзяны млын каля вёскі Рудня-Налібоцкая.
Наведаць Налібоцкую пушчу можна як самастойна, так і ў складзе экскурсійных тураў і праграм. Турысты, якія прыязджаюць у пушчу на некалькі дзён, могуць спыніцца ў аграсядзібах, на базе адпачынку або ў палатачным лагеры.
Дарога да Налібоцкай пушчы з Мінска на аўтобусе зойме каля дзвюх гадзін. Ад сталічнага аўтавакзала "Цэнтральны" да аграгарадка Налібокі едзе аўтобус "Мінск-Клецішча". Дарога на аўтамабілі зойме не больш за паўтары гадзіны трасай М6 або праз Н8243.