Вузкакалейка ў Азёрах – частка былой торфавознай дарогі, пракладзенай у 1955 годзе да торфабрыкетнага прадпрыемства ў вёсцы Верцялішкі Гродзенскай вобласці. Гэта адна з найдаўжэйшых вузкакалейных дарог у Беларусі, яе працягласць – каля 30-ці кіламетраў, а шырыня каляіны складае 750 мм.

Вузкакалейная чыгунка ў заказніку «Азёры»

Калі торфабрыкетны завод у Верцялішках зачынілі, паўстала пытанне пра захаванне дарогі. У пачатку 2000-х было вырашана ператварыць азёрскую вузкакалейку ў турыстычны маршрут па тэрыторыі заказніка. Сёння незвычайная экскурсія карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх і замежных турыстаў. Тут ужо былі госці з Кітая, Расіі, Польшчы, Германіі, Літвы. Азёрскую вузкакалейку ацэняць аматары экатурызму, дзікай прыроды і незвычайных прыгод.

Як адбываецца падарожжа?

Падарожжа ў “Азёрах” – гэта паездка на мотадрызіне з рухавіком, якая едзе з хуткасцю ад 10 да 15 км/г. Яна складаецца з некалькіх вагончыкаў з драўлянымі лаўкамі, на якіх можа змясціцца 5-6 чалавек. Працягласць маршрута – 11 кіламетраў, экскурсійная дарога займае каля дзвюх з паловай гадзін. Перад адпраўленнем усе ўдзельнікі праходзяць інструктаж па тэхніцы бяспекі. На маршруце прадугледжаны прыпынкі, каб турысты маглі агледзецца, паслухаць цікавыя гісторыі ад гіда, зрабіць прыгожыя фота.

Вузкакалейная чыгунка ў заказніку «Азёры»

Дарога праходзіць праз унікальны мост над маляўнічым возерам Белае – гэта адзіны ў Беларусі вузкакалейны мост. Удзельнікі экскурсіі праязджаюць праз старыя дубровы, лясныя масівы, верхавыя і нізінныя балоты. Падарожнікі маюць магчымасць сузіраць усю разнастайнасць беларускай дзікай прыроды: 200-гадовыя дубы, карабельныя сосны, пясчаныя выдмы, рэдкія птушкі, расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Па дарозе гід раскажа пра тутэйшых прадстаўнікоў жывёльнага свету, асаблівасці мясцовага ландшафту, разнастайнасць лугавой, балотнай і лясной флоры заказніка. Падарожнікі даведаюцца, як здабываюць торф, якую ролю адыгрываюць балоты ў экасістэме, сустрэнуць на шляху цікаўных жывёл.

Канцавы пункт паездкі – Святое балота – месца, якое мае важнае значэнне для беларускай гісторыі. Тут падчас паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага праходзілі жорсткія бітвы паміж царскімі салдатамі і паўстанцамі.

Вузкакалейная чыгунка ў заказніку «Азёры»

Што трэба ведаць падарожніку?

  1. Экскурсіі адбываюцца толькі ў цёплы час года.
  2. Мінімальны ўзрост удзельнікаў – 6 гадоў.
  3. Перад паездкай трэба забяспечыць сябе пітной вадой, зручным абуткам і адзеннем, галаўным уборам, сродкамі ад камароў.
  4. Каб дабрацца да стартавага пункту маршруту, трэба даехаць да аграгарадка Азёры, потым рухацца каля двух з паловай кіламетраў ад скрыжавання вуліц Завадской і Савецкай у бок дзіцячага лагера «Дружба».
Вузкакалейная чыгунка ў заказніку «Азёры»